«Карціна Свабоды» выстаўлена ў варшаўскім Цэнтры сучаснага мастацтва.
Алесь Пушкін працаваў над «Карцінай Свабоды» цягам чвэрці стагодзьдзя. Але толькі раз на год, 25 Сакавіка. Мастак абяцаў скончыць твор, калі Беларусь будзе вольнай.
У Дзень Волі Пушкін ладзіў пэрформанс на галоўнай плошчы роднага мястэчка Бобр, дзе ён жыў. Захаваліся відэа, зьнятыя ў 2009 і 2010 гадах. Гэтыя дакумэнтальныя кадры дэманструюцца на выставе, перадае «Радыё Свабода».
На іх Алесь дастае карціну з гарышча, вязе на падводзе ў цэнтар Бабра, ставіць мальбэрт. Побач выстаўляе іншыя свае творы — партрэты Каліноўскага, Шапэна, сваіх дзяцей, ставіць таблічку «Музэй». А сам ён малюе «Карціну Свабоды». Да мастака падыходзіць міліцыянт, потым нейкі чыноўнік зь Менску. Пытаюцца, ці ёсьць дазвол, кажуць, што ён павінен быў за два дні папярэдзіць улады, што ладзіць акцыю. Алесь вельмі прыязна, ветліва адказвае, што гэта ня акцыя, а пленэр.
«Гэта маё роднае мястэчка. Мастак можа выйсьці на пленэр, калі ў яго ёсьць натхненьне. Пленэр азначае — пісаць на сьвежым паветры. Вось я зладзіў пленэр вольнасьці ў цэнтры мястэчка».
Далей Алесь тлумачыць, што гэта за сьвята, Дзень Волі. Спыняецца трактар, падыходзяць мэханізатары, мінакі, разглядаюць карціны, пярэчаць, што ў Бабры, маўляў, няма музэю. Мастак натхнёна кажа, што малюе ён для будучага музэю.
У 2016 годзе Пушкін павёз сваю незавершаную карціну ды іншыя палотны з Бабра ў польскі Познань на выставу «Нацыянальна-радыкальны Алесь Пушкін». Творы мастацтва з Варшавы да Познані ён вёз па магістралі, якая называецца аўтастрада Свабоды.
«Я ехаў на Познань і вельмі дзівіўся, што вось гэтая цудоўная дарога з Варшавы называецца аўтастрада Свабоды. Я вёз карціну Свабоды з Бабра — з усходу Беларусі», — дзяліўся ўражаньнямі Алесь Пушкін у 2016 годзе.
На выставе Пушкін паказаў і «Карціну Свабоды», і партрэты з сэрыі «Беларускі Рэзыстанс», якія ён ня мог выставіць на радзіме ў Беларусі: Яўгена Жыхара, Янкі Філістовіча, ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага, Лукаша Семянюка, Юркі Моніча.
«Карціна Свабоды» пасьля выставы ў Познані ў Беларусь не вярнулася. Алесь тады заявіў, што гэта можа адбыцца толькі пасьля зьвяржэньня рэжыму Лукашэнкі.
Урэшце палатно трапіла ва Ўяздоўскі замак у Варшаве, дзе месьціцца Цэнтар сучаснага мастацтва. Цяпер яно выстаўлена на другім паверсе.
«Пушкін сам вызначыў мэту і час заканчэньня карціны»
На думку мастака, куратара выставы Андрэя Дурэйкі, гэты твор немагчыма ўспрымаць аўтаномна ад усёй пэрфармацыйнай і акцыянісцкай дзейнасьці Алеся Пушкіна.
«Сама карціна тут зьяўляецца артэфактам доўгатэрміновай акцыі, якая ня скончылася. І нават калі далей ня будзе нічога дамалёўвацца на гэтым палатне, то сама прэзэнтацыя ў розных сытуацыях (як гэта цяпер адбываецца ва Ўяздоўскім замку), будзе працягам дзеі, як art in progress, тым больш што Пушкін сам вызначыў мэту і час заканчэньня — незалежная дэмакратычная Беларусь.
Тут немагчыма адасабляць дзеяньне і аб’ект. Таму і спатрэбілася ў экспазыцыі зьмясьціць відэа, як яшчэ адзін артэфакт, які набліжае да разуменьня як самой акцыі, так і мастацкага мэтаду.
Ёсьць яшчэ і сьцяна зь лістамі людзей/гледачоў/удзельнікаў, якія дадаюць новых актуальных сэнсаў акту і працягваюць акцыю ў інтэрактыўнай форме, пакідаючы свае, белым па чорным, камэнтары. Працэс працягваецца, толькі быццам глядач і мастак памяняліся ролямі», — мяркуе мастак, куратар Андрэй Дурэйка.
Дамінанта цемры
Галоўная гераіня палатна — жанчына, сымбаль Беларусі, якая пакутуе ад камуністычнай мінуўшчыны і дыктатуры.
Што тычыцца сюжэту, то тут прысутнічаюць даволі зразумелыя кожнаму вобразы і сымбалі, як на ўзроўні калярыту, так і формаў, мяркуе мастак Андрэй Дурэйка.
«Дыяганальная дынамічная кампазыцыя падкрэсьлівае працэсуальнасьць акцыі, адсякаючы чырвоныя куты; белы сутыкаецца з чорным; замалёўваецца бел-чырвона-белы сьцяг альбо малюецца карціна паверх сьцяга. Фарба, зьмешваючыся, усё больш ператвараецца ў карычневую, вяртаючы гэтаму колеру гістарычна-палітычны сэнс, які, на жаль, пераважае і ў нашай сучаснасьці.
Дамінанта цемры ўзмацняецца вобразамі «замбакоў» і пачвараў, якія паступова ператвараюцца ў гвалтоўных мілітарыстаў з дакладнымі чырвонымі кукардамі і зоркамі, не пакідаючы шанцаў для інтэрпрэтацый — гэта чырвоны тэрор.
А ахвяра, аголеная жанчына на пярэднім пляне — «голая свабода», якую можна атаясамліваць зь Беларусьсю. Як і ўтаптанага ў зямлю бусьліка, якога дабіваюць мянтоўскімі дубінкамі на крывава-чырвоным фоне», — тлумачыць Андрэй Дурэйка.
«Гэты год цёмны... Таму сёньня я зраблю цёмныя мазкі»
Чаму на карціне дамінуюць цёмныя шэра-карычневыя колеры, тлумачыў і сам аўтар. У залежнасьці ад таго, якім быў мінулы год для Беларусі і для мастака асабіста, Алесь Пушкін дамалёўваў карціну змрочнымі альбо сьветлымі фарбамі. Так, у 2013 годзе, на 24-м годзе стварэньня «карціны Свабоды», Алесь пісаў яе толькі цёмнымі фарбамі.
«Гэты год цёмны. Мяне некалькі разоў арыштоўвалі за пэрформансы, агулам адседзеў 22 дні ў турме. Таксама не дазволілі рабіць выставу маіх працаў. Дый для краіны ніякіх пазытыўных зрухаў не адбылося. Таму сёньня я зраблю цёмныя мазкі», — казаў Алесь Пушкін 10 гадоў таму.
«Нацыянальны сьцяг — знак перамогі»
Аднак мастак Андрэй Дурэйка кажа, што, хаця драматызм сюжэту адмыслова ўзмоцнены ў гэтай карціне цёмнымі фарбамі, на карычневым паступова дамінуюць і сьветлыя колеры, зьяўляюцца блакітныя рэфлексы, белыя блікі вачэй.
«Фармальныя скрыжаваньні ліній коп’яў і горнаў адсылаюць як да зрамантызаваных традыцыйных малюнкаў часоў дэла Франчэскі (РС: Пьера дэла Франчэска — жывапісец і тэарэтык мастацтва пэрыяду кватрачэнта, раньняга італьянскага Адраджэньня), так і да эвангельскіх мэтафараў бітваў і прароцтваў.
Сьветлыя колеры ўсё больш дамінуюць у маляваньні твараў і дасягаюць найвышэйшай „беласьці“ ў выяве нацыянальнага сьцяга ўверсе карціны, які ператвараецца ў знак перамогі абсалютнага сьвятла», — перакананы Андрэй Дурэйка. Аднак карціна так і застанецца ў збольшага шэра-карычневых колерах.
Алесь Пушкін памёр 11 ліпеня 2023 года ў горадзенскім шпіталі, куды яго прывезьлі ў непрытомным стане з турмы.