Да гэтага часу мы не ўбачылі ніводнага сур'ёзнага доказу віны двух маладых людзей, абвінавачаных у тэрарызме, лічыць тэлежурналіст Павел Шарамет.
“Тэракт быў раскрыты праз содні, арыштавалі шмат людзей, правялі ператрусы, але як ішло следства, ніхто ведае. Па-першае, яно было засакрэчанае, а па-другое – аніякіх тлумачэнняў прадстаўнікі ўладаў і спецслужбаў не давалі”, – кажа Шарамет.
У чацвер 15 верасня на судовым працэсе Дзмітрый Канавалаў прызнаў віну ў здзяйсненні ў сталіцы выбухаў 11 красавіка 2011 г. у менскім метро і 3 ліпеня 2008 г. на святкаванні Дня незалежнасці. Уладзіслаў Кавалёў адмовіўся ад папярэдніх паказанняў і заявіў, што даваў іх пад ціскам.
Журналіст звяртае ўвагу на чатыры важныя, паводле яго, моманты: “Па-першае, я памятаю гісторыю 1997 года – знакамітае забойства, выбух Мікалуцкага, які займаўся нейкімі незразумелымі аперацыямі з гарэлкаю. Тады ў тэрарызме абвінавацілі групу людзей, гэтых людзей яшчэ абвінавачвалі ў тым, што яны рыхтавалі замах на Лукашэнку. Следства было засакрэчанае, усё ішло таемна. Адзін з фігурантаў той справы загінуў у следчым ізалятары, нібыта скончыў жыццё самагубствам. І толькі выпадкова, дзякуючы ўмяшальніцтву журналістаў удалося даказаць невінаватасць гэтых людзей, і справа аб тэрарызме развалілася”.
Другі момант: “Віцебск быў пастаўлены “на вушы”, пасля выбухаў правялі ператрусы ў шматлікіх сем'ях, у тым ліку і ў сям'і Канавалава. Нічога не знайшлі, аніякай сакрэтнай лабараторыі, хімічных вопытаў і да т. п.”, – нагадвае Шарамет.
Па-трэцяе, журналіст узгадвае выбух у цэнтры Менску на святкаванні дня Незалежнасці, які прагрымеў у 2008 г. “Я дакладна ведаю, што следчая брыгада МУС у якасці асноўнай распрацоўвала версію дачынення да выбуху спецслужбаў, звязаных з Віктарам Шэйманам. Шукалі доказы, і ўсе вяло ў бок Шэймана, бо тады ішла барацьба ўнутры сілавых структураў. Хтосьці мог скарыстацца тэрактам для таго, каб ўплываць на прэзідэнта Лукашэнку.
Чавёртае – гісторыя з адбіткамі пальцаў: Канавалаў прайшоў дактыласкапію, аднак тады гэта чамусьці не дапамагло следству. “Кудысьці знік міліцыянт, які браў у яго адбіткі пальцаў і заявіў, што на чыйсьці загад выдаліў іх з базы звестак. Вельмі шмат нейкіх дзіўных, сумнеўных гісторыяў”, – працягвае Шарамет.
Паводле яго, тэракт адбыўся ў час, выгадны для ўладаў Беларусі. Ён адсунуў на другі план увагу грамадскасці да працэсаў над апазіцыяй пасля выбараў 2010 г.
“Гэты тэракт кідае цень на ўладу Беларусі, гэты тэракт кідае крывавую цень на прэзідэнта Лукашэнку. Калі мы не ўбачым відавочных, выразных доказаў віны тых людзей, якія сёння на лаве падсудных, гэта будзе азначаць, што ўлада Беларусі гуляе ў крывавыя гульні. Змыць гэта падазрэнне Лукашэнку будзе вельмі і вельмі складана”, – падкрэсліў журналіст.