Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Перачыталі «Мужыцкую праўду» і знайшлі шмат добрых цытат»

08.10.2023 общество
«Перачыталі «Мужыцкую праўду» і знайшлі шмат добрых цытат»

Як беларускія дызайнэры развіваюць брэнды за мяжой.

«Радыё Свабода» спыталася ў беларусак, якія стварылі свае брэнды адзеньня і ўпрыгажэньняў у Літве, як яны працуюць за мяжой і зь якімі цяжкасьцямі сутыкаюцца.

RABI PILNA

Беларускі брэнд Rabi pilna працуе трэці месяц. У камандзе дзьве жанчыны — Аліцыя (стваральніца візуальнай часткі брэндаў, дызайнэрка) і Тацяна (экс-мэнэджарка сацыякультурных праектаў, нядаўна ўвайшла ў ІТ).

Аліцыя кажа, што ідэя брэнду доўга высьпявала. А назву яна прыдумала, яшчэ калі дапамагала ствараць брэнд сваім сваякам.

«Я ўспомніла прымаўку „Рабі пільна, і тут будзе Вільня“ і прапанавала як назву, але яна была ня вельмі зразумелая сваякам. Празь нейкі час мы зь сябрам пілі джын, ішлі дамоў і размаўлялі аб усім. Ён творчы чалавек, таму нешта прыдумляў на хаду. І ў нейкі момант я падумала, што ягоную прыдумку можна было б разьмясьціць на майцы ці байцы. І мы пачалі разьвіваць гэтую тэму», — кажа Аліцыя.

Потым Аліцыя прыгадвала цытаты, думкі і тэксты і зрабіла візуалізацыю. Кажа, што яе вельмі падтрымлівалі сябры ў ідэі стварыць свой брэнд. А Тацяна, зь якой яны знаёмыя больш за 15 гадоў, пагадзілася рабіць брэнд разам.

«Аднойчы Тацяна напісала мне, і я жартам прапанавала ёй зрабіць разам брэнд. Паслала свае напрацоўкі колераў брэнду, ідэі маек. На дзіва для мяне, яна падтрымала ідэю!»

Тацяна кажа, што апошнім часам стала складаней знайсьці сапраўды ідэальную майку, а тут зьявіўся шанец зрабіць яе самім.

Аліцыя і Тацяна стварылі калекцыю маек з цытатамі Кастуся Каліноўскага.

«Сёлета 160 гадоў паўстаньню. Нібы ўсім вядомая дата, але цяпер у сьвеце такое робіцца, што ўжо не да адзначэньня гадавін. Але мы зьдзівіліся, што ніхто не зрабіў нічога з адзеньня са словамі Каліноўскага, — кажа Аліцыя. — Перачыталі „Мужыцкую праўду“ і знайшлі шмат добрых цытат. У Каліноўскага дазволу браць ня трэба было, таму зь яго і пачалі».

Тацяна дадае, што Каліноўскага ведаюць усе беларусы, але хацелася нагадаць нейкія невідавочныя цытаты.

«Хацелася таго, што б адпавядала настрою. То носім „А будзе ў нас вольнасьць, якой не было нашым дзядам і бацькам“. І нумар „Мужыцкай праўды“. Спадзяюся, некага гэта заматывуе яе пачытаць — заўжды ж цікава, што ў цябе на майцы напісана», — усьміхаецца Тацяна.

Тацяне і Аліцыі дае сілы тое, што яны робяць модны дызайн клясычных беларускіх рэчаў і словаў.

«Што можам даставаць натхняльныя для нас рэчы і шырока пускаць у вопратку, каб беларуская ідэя ў эміграцыі жыла і не згасала», — кажа Аліцыя.

«У літоўцаў куды лепей з балянсам жыцьця і працы»

Цяжкасьці ў працы брэнду ў асноўным тэхнічныя, кажа Аліцыя.

«Мы трохі разбалаваныя менскім сэрвісам. У Вільні ўсё робіцца марудней. Спачатку гэта моцна раздражняла: якія тут усе павольныя работнікі! Шокам было, што друкарня ў 20 чалавек можа пайсьці ў адпачынак поўным складам. Пасьля заўважаеш, што гэта не яны павольныя, а мы мітусьлівыя. У літоўцаў куды лепей з балянсам жыцьця і працы. Такі мясцовы дзэн».

Дастаўка, пакаваньне, размовы з пакупнікамі, стварэньне кантэнту, постынг — пакуль усім займаюцца Аліцыя і Тацяна.

«Ёсьць дапамога сяброў з фота і мадэлінгам — гэта вялікі кавалак клопатаў. А мы яшчэ працуем па сваіх асноўных працах. Тысяча дробязяў і магчымасьцяў стаць лепей — ня ведаеш, за што сьпярша хапацца», — кажа Аліцыя.

Тацяна дадае, што яшчэ адной нечаканай складанасьцю стала публічнасьць.

«Мы настолькі звыкліся быць за кадрам, а пасьля 2020-га — яшчэ і надзейна хаваць добрыя справы, што цяпер у Вільні вучымся зноў быць сабой. Паводле старой звычкі, ня хочам прыцягваць увагу. У сэнсе да маек хочам, але да сябе — не».

Тацяна кажа, што яшчэ першы час складана разьбірацца ў тым, як аформіць дзейнасьць, як плаціць падаткі, як правільна ўсё зрабіць. Аліцыя дадае, што для яе працаваць у Літве адназначна прасьцей.

«Як мінімум таму, што над табой ад пачатку не вісіць сякера штрафаў ці камень падаткаў, якія ты мусіш выплаціць, нават калі нічога не заробіш. Няма зьменаў задняй датай. Тут можна нечага ня ведаць, рабіць памылкі і іх выпраўляць, таму і пачынаць ня страшна. Але ў нас абдуманая рызыка: укладаем столькі, колькі не шкада страціць».

«У нас балянс паміж жаданьнем зарабіць і самарэалізацыяй»

Пакуль Тацяна і Аліцыя не зарабляюць на брэндзе, а ўкладаюць, бо працуюць усяго трохі больш за два месяцы.

«Мы натхняемся водгукамі і тым, што добрае робім. Гэта патасна гучыць, можа, але гэта істотны фактар матывацыі. Прынамсі, напачатку. З Тацянай мы каманда, нам досыць камфортна разам», — кажа Аліцыя.

«Мы ня ў мінусе, але і прыбытку адчувальнага пакуль няма. Пакуль працуем за ідэю! Зрэшты, мы ж гэта як асноўны занятак і не плянавалі, так што сытуацыя „каля нуля“ не бянтэжыць і не дэматывуе. Мне здаецца, у нас вельмі здаровае ўспрыманьне рэчаіснасьці, балянс паміж жаданьнем зарабіць і самарэалізацыяй», — дадае Тацяна.

У плянах брэнду пакуль — выпусьціць тры калекцыі, бо для іх ідэі ўжо ёсьць. Таксама хочуць працаваць зь нестандартнымі мадэлямі маек, адшываць свае фасоны.

DROBNY MAK

Стваральніца брэнду Drobny mak Кацярына кажа, што, паколькі яе мама была швачкай, яна зь дзяцінства цікавілася рукадзельлем.

«Да 24 лютага 2022 году я жыла ва Ўкраіне, мне вельмі там спадабалася, мяне зацікавіла ўкраінская гісторыя, я пэрыядычна бачыла, як украінцы свае нацыянальныя касьцюмы адаптуюць да сучаснага жыцьця. Потым, калі пачалася вайна, я прыехала ў Вільню, засталася тут і празь некаторы час падумала, што хачу нечым такім займацца».

Кацярыне вельмі падабаліся ўпрыгажэньні зь бісэру, але купіць яна іх тады не магла, таму вырашыла паспрабаваць рабіць для сябе.

«Потым неяк яно так пайшло і я пачала іншым рабіць. Я ацэньваю працу як маё хобі. І калі людзям таксама падабаецца, што я раблю, то я вельмі радая. І шукала нейкую назву для інстаграму з маімі вырабамі. Я падгледзела, што ў нейкіх выразах пацеркі называюць „дробны мак“. Ну і вырашыла, што так і будзе».

«Хачу пераасэнсаваць беларускі традыцыйны строй на сучасны лад»

Кацярыне прыходзяць пазытыўныя водгукі на яе працу.

«Часьцей за ўсё людзі казалі, што падабаецца, што вельмі прыгожа. Я была неяк на кірмашы са сваімі вырабамі. І тады нечакана ў мяне амаль усе мае вырабы купілі. Я ня думала, што так будзе. Мне здавалася, што я цікаўлюся гэтым, і ёсьць яшчэ невялікае кола людзей, якім таксама падабаюцца ўпрыгажэньні зь бісэру, а тут усё разабралі!»

На кожнае ўпрыгажэньне Кацярына траціць каля 8-10 гадзін, але, улічваючы тое, што яна мае асноўную працу, то выраб можа заняць і некалькі дзён.

«У мяне быў цікавы заказ. Неяк дзяўчына прыслала кавалачак вышыўкі зь беларускай традыцыйнай кашулі. Ён быў вельмі дрэннай якасьці. Дзяўчына папрасіла зрабіць нешта з гэтым узорам. Я сядзела і перамалёўвала гэта на паперы, думала, як зрабіць упрыгажэньне. Было такое, што прысылалі кашулі з вышыўкай і казалі, што хочуць таксама такі малюнак на ўпрыгажэньнях».

Кацярына дадае, што ёй вельмі цікава рабіць рэчы для канкрэтнага чалавека, каб яны адпавядалі яго поглядам і пасавалі яму.

«Яшчэ мяне натхняе тое, калі ў цябе спачатку ёсьць матэрыялы, ты траціш сілы — і зьяўляецца нешта вельмі прыгожае, і ты такі: „Ух ты, я так магу!“».

Зараз Кацярына марыць зрабіць вялікі брэнд са сваімі вырабамі.

«Я хачу пераасэнсаваць беларускі традыцыйны строй на сучасны лад. І гэта выглядала б вельмі цікава, як мастацтва, якое было 100 гадоў таму, як яго можна ператварыць у жыцьцё, якое ёсьць сёньня».

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]