Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

"Ён ужо падлетак, таму патроху спрабуе стрымліваць свой боль"

22.10.2023 политика
"Ён ужо падлетак, таму патроху спрабуе стрымліваць свой боль"

Цяжкая, але поўная надзеі размова.

Дня таты «Новы час» паразмаўляў з Андрэем Шарэндам. Ён выхоўвае двух хлопчыкаў у эміграцыі і штодня нагадвае ім пра маму Паліну, якая церпіць здзекі за кратамі. Гэта цяжкая, але поўная надзеі размова, якая выкрывае трагедыю шматлікіх беларускіх сем’яў. 

— Спадар Андрэй, ці прызвычаіліся вы да ролі аднаго выхаванца двух хлопчыкаў і ці цяжка вам даецца гэтая роля?

— Нельга сказаць, што прызвычаіўся. Я адмыслова не збіраюся да гэтага прызвычайвацца, бо лічу сваё становішча часовым.

Так, фактычна ўжо тры гады я адзін з дзецьмі. Зразумела, стараюся як мага лепш спраўляцца з абавязкамі бацькі, таму што на мне ляжыць вялікая адказнасць перад самым любімым чалавекам, які, на жаль, зараз не з намі.

Паўтары гады знаходзімся ў эміграцыі. Такое жыццё любому чалавеку даецца не проста, а мужчыне з двума дзецьмі рознага ўзросту, з рознымі праблемамі, даводзіцца асабліва цяжка. Каб проста пракарміцца, пражыць, трэба шмат працаваць і пры гэтым, вядома, жадаецца як мага больш часу прысвячаць дзецям. Спадзяюся, у мяне гэта атрымліваецца. Дзеці ходзяць у школу, займаюцца ў розных гуртках.

Да таго ж у нашым становішчы я не маю права на нешта скардзіцца, таму што Паліне, маёй жонцы, зараз нашмат складаней. Проста недарэчна мужчыне, які знаходзіцца ў бяспецы, скардзіцца на такія побытавыя праблемы. Гэта ўсё можна пераадолець.

— Ваш малодшы сын Стах сёлета пайшоў у першы клас. Ці моцна яму не хапала ў гэты важны дзень маці, альбо вы здолелі кампенсаваць яе адсутнасць?

— Вядома, маці вельмі не хапала. Ён бачыў, што большасць аднакласнікаў прыйшлі з мамамі. Раней, у садочку, такіх пытанняў не ўзнікала, таму што дзеці яшчэ былі малыя, пра гэта не задумваліся. А зараз дзеці ўжо задаюць яму пытанні – хто твой тата, хто твая мама… І калі яны бачаць, што кожны раз Стаха забірае тата, для іх гэта не зусім нармальна. Таму так, першае верасня для сына не стала такім сапраўдным святам, якім яно магло б стаць, калі б мы ўсе былі разам. Вельмі не хапае яшчэ аднаго блізкага чалавека.

Пры гэтым у класе Стаха навучаецца шмат беларусаў, дзеці з большага разумеюць, якая ў нас сітуацыя ў сям’і.

Увогуле тое, што зараз адбываецца ў Беларусі з дзецьмі – гэта трагедыя. Сотні, а можа тысячы дзяцей пры жывых бацьках фактычна застаюцца сіратамі на доўгі час. Гэта сапраўды трагедыя, і віна ляжыць на рэжыму Лукашэнкі. Я ўпэўнены, яму давядзецца адказваць за гэта перад міжнародным трыбуналам.

— Як вы размаўляеце з дзецьмі пра маму? ЦІ розныя гэтыя размовы, у сувязі з розніцай ва ўзросце між Стахам і Славамірам?

— Старэйшаму сыну ў нейкім сэнсе прасцей. Яму 14, ён ужо сам чытае ў інтэрнэце навіны пра маму, просіць мяне заўжды скідваць, калі штосьці новае будзе вядома. Увогуле ён добра разумее, што адбываецца ў свеце і ў Беларусі. Гэта для яго вельмі балюча, але ён ужо падлетак, таму патроху спрабуе стрымліваць свой боль, хаваць яго ў сабе. На жаль, ён стаў больш замкнёны, я бачу гэта па адносінах сына з аднакласнікамі, з сябрамі. Таму ўсё гэта ён перажывае ўжо як дарослы чалавек.

А Стаху 7 гадоў. Апошні год для нас з ім стаў цяжкім перыядам, таму што ён, на жаль, усё менш і менш узгадвае маму. Калі мама апынулася за кратамі, яму было толькі 3 гады. Цяпер ён ужо пайшоў у школу, гэта такі ўзрост, калі галава дзіцёнка забітая заняткамі, гульнямі, штодзённасцю.

І тое, як ён бавіў час з мамай, пакрысе сціраецца з дзіцячай памяці. Зараз сын бачыць маму як нейкі сімвал, а не як жывога чалавека. Ён ведае, што яна недзе ёсць, бачыць яе фотаздымкі,  глядзіць відэа з ёй ці чуе голас, але яна перастала асацыявацца ў сына з нейкім жывым чалавекам, хутчэй з вобразам з кнігі ці мульціка. Тое, што малодшы сын, на жаль, забывае маму – вялікі боль для мяне. Гэта трагедыя.

Да таго ж, тое, што мы перажылі ў Беларусі, моцна адбілася на псіхіцы Стаха. Ён таксама замкнуўся ў сабе, да пяці гадоў увогуле мала размаўляў. Пазней мы пачалі займацца з дыфектолагам і лагапедам – спачатку ў Беларусі, пазней працягнулі тут, у Літве. Дзякуючы добрым спецыялістам нам удалося ўсё ж крыху згладзіць наступствы гэтага псіхалагічнага крызісу. І ў нас атрымалася пайсці ў звычайную школу. У Беларусі нас адпраўлялі выключна ў нейкія спецшколы, казалі што ў Стаха вялікія праблемы з маўленнем, што ён вельмі няўстойлівы псіхалагічна. На шчасце, тут сапраўды былі добрыя спецыялісты, якія нам дапамаглі. Я вельмі ім узячны. Зараз асаблівых праблемаў з вучобай няма.

— Ці шмат вы атрымліваеце дапамогі ад родных, блізкіх ці нават проста ад беларусаў?

— Калі я быў вымушаны бегчы з Беларусі перад крымінальным пераследам, мы былі разлучаныя з дзецьмі амаль 8 месяцаў. Вядома, мы кожны дзень размаўлялі па тэлефоне, я дапамагаў ім рабіць урокі. Але гэтыя 8 месяцаў апеку над дзецьмі трымалі маці Паліны і мае бацькі. Я вельмі ім удзячны за такую дапамогу, яны сапраўды добра справілся.

І таксама вельмі ўдзячны ўсім беларусам, якія нам дапамагалі ў Беларусі і працягваюць дапамагаць тут, у Літве. Час ад часу ўзнікаюць нейкія праблемы, калі хочацца проста патэлефанаваць камусьці, параіцца. Асабліва калі дзеці хварэюць. З побытавымі задачамі – прыгатаваць, папрасаваць, прыбрацца – я больш-меньш спраўляюся. Але калі дзеці пачынаюць хварэць, становіцца зусім складана. Асабліва тут, у Вільні, яны хварэлі вельмі шмат – новае асяродзе, новы клімат, нязвыклы для нас, жыхароў Паўднёвай Беларусі. Таму дзякуй вялікі людзям, якія дапамаглі і ў побытавым плане, і проста парадай, і заняткамі з дзецьмі, і фінансавая дапамога таксама была.

Гэта вельмі важна для мяне, гэта тое, што сапраўды дапамагае трымацца, не дае ўпасці ў адчай. А былі і такія моманты, калі здавалася, што ўпасці ў адчай, скласці рукі, сказаць «я больш не спраўляюся» – адзінае, што можна зрабіць. Але заўсёды знаходзіліся людзі, якія дапамагалі, і гэта моцна падтрымлівала мяне ў складаныя хвіліны.

— Спадар Андрэй, мы ўсе бачым гэтыя страшэнныя навіны пра здзекі з Паліны за кратамі. Скажыце, як асабіста вы іх успрымаеце? Ці можна звыкнуць да гэтых жахаў, альбо кожны раз гэта новая рана?

— Можа, я проста такі эмацыйны чалавек, але нейкі час я нават адчуваў прыкладна тое ж, што адчувае Паліна. Нават без усялякіх навінаў, без даведак з калоніі я заўсёды адчуваў, калі ёй цяжка. Веру, што ў нас ёсць асаблівая сувязь, нават праз адлегласці.

Таму калі я адчуваў, што з Палінай нешта здарылася, я спрабаваў знайсці хоць бы нейкую інфармацыю. І на жаль, вельмі часта тое, што здарылася нешта кепскае, пацвярджалася. Я вельмі блізка да сэрца ўспрымаю ўсё, што адбываецца з Палінай. Вядома, нельга сказаць, што я перажываю тое самае, бо фізічна і псіхалагічна тое, праз што праходзіць яна – увогуле не ўяўляю, як гэта перажыць. 

Але заўсёды яе боль – гэта і мой боль таксама. Мы разам, нават праз такія адлегласці. 

На жаль, зараз сітуацыя ўсё больш пагаршаецца. Але я веру, што ў любым выпадку мы будзем разам, і што гэта адбудзецца хутка. Не праз некалькі гадоў, а вельмі хутка. І мы пастараемся разам запоўніць усё тое, што прапусцілі за гэтыя тры гады.

— Ці ёсць хоць бы нейкі спосаб сувязі ў дзяцей з маці, ці ў вас з Палінай?

— Фактычна тое, што зараз адбываецца з некаторымі палітвязнямі, называецца інкамунікада – калі проста не даюць сувязі з роднымі. У нас з Палінай такая інкамунікада доўжылася амаль паўгады, прыкладна са студзеня гэтага года і да лета. А ўлетку, на жаль, пачаліся гэтыя следчыя дзеянні па новай крымінальнай справе. Тады ўжо Паліну рэгулярна наведваў адвакат і так пачала з’яўляцца нейкая больш дакладная інфармацыя.

Зараз, на жаль, лісты ізноў не даходзяць. Дакладней, калі яна была ў судзе, пад іншай юрысдыкцыяй, тады некалькі лістоў дайшло. Але зараз ужо некалькі тыдняў ніякай сувязі няма.

Але адзінае, што добра – пасля суду дазваляюць спатканне з роднымі. Якраз сёння маці Паліны пайшла на спатканне з ёй. Спадзяюся, будуць нейкія навіны.

— У сувязі з новымі абвінавачаннямі Паліны няма магчымасці сказаць дзецям, калі чакаць маму дома. Як вы перажывацеце гэтую невядомасць?

— Насамрэч напрыканцы лета быў момант, калі сапраўды дзеці паверылі, што мама можа выйсці. У гэтым была і мая памылка. Усё ж у першую чаргу я стараюся верыць у самае добрае. Гэта не рацыянальнае спадзяванне, а проста вера ў тое, што Паліна магла выйсці ў жніўні, перадалася і дзецям.

І дзеці сапраўды сур’ёзна паставіліся да гэтай падзеі. Асабліва Славамір – ён стараўся выправіць адзнакі, падцягнуць вучобу, каб такім чынам зрабіць падарунак маме.

Гэта мы ўжо зараз зразумелі, што карная сістэма Лукашэнкі спецыяльна зрабіла такі крок дадатковага ціску, утрымлівання ў ізаляцыі, у няведанні, што будзе далей. Паліну павінны былі вызваліць 6 жніўня, і сістэма па яе вызваленні нават фактычна запусцілася. Прыходзілі з ворганаў, пыталіся ў маці Паліны, дзе яе можна прапісаць, бралі нейкія тлумачэнні, распіскі. Гэта і дало нам штуршкі да веры. Вядома, у падсвядомасці мы разумелі, што ў апошні момант яны ўдараць, і ўдараць вельмі балюча, што Паліну не выпусцяць. На жаль, так і здарылася.

Пасля другога суда мы зразумелі, што зараз тэрміну вызвалення Паліны проста не існуе. Нішто ім не замінае на працягу двух-трох месяцаў зноў скляпаць новую крымінальную справу. Гэта проста палітычны загад на тое, каб чалавека трымаць бясконца доўга.

Зразумела і тое, што Паліна проста не выйдзе ўжо ў нармальным стане з турмы. Тыя змены ў арганізме, якія яна прыцярпела за гэты год, проста катастрафічныя. Больш за 200 сутак у штрафным ізалятары вельмі моцна адбіліся на яе здароўі. І, на жаль, нават нейкія медычная даследаванні ёй зрабіць проста не даюць. Чалавека проста хочуць фізічна знішчыць у беларускім канцлагеры.

— Спадар Андрэй, Паліна трымаецца надзвычай гераічна, і гэта выклікае захапленне. Але дазволю сабе пытанне, ці не хацелася б вам папрасіць яе крыху саступіць сумленню ў абмен на магчымую волю? Альбо вы выключна падтрымліваеце яе ў гэтым змаганні?

— Я разумею Паліну ў яе барацьбе. Тым не менш і я, і асабліва маці Паліны кожны раз просім яе аб тым, каб яна паводзіла сябе стрымана. Але тут ужо справа не ў Паліне, а ў тым, што зараз супраць яе дзейнічае тупая помста рэжыму. І адкаціць назад, спадзявацца, што выпусцяць, калі яна прытаіцца ці падпіша нейкія прашэнні – на жаль, не выпадае.

Тое, што адбываецца з Палінай – гэта асабістая помста дыктатара альбо дыктатарскай сістэмы. Мэта гэтай помсты – па-першае, проста запужаць іншых, паказаць, што такіх, як Паліна, не выпускаюць. А па-другое – фізічна і псіхалагічна зламаць чалавека. Паліна сама гэта добра разумее.

На пачатку жніўня ёй у чарговы раз падсунулі прашэнне. Маўляў, падпішы, здыміся на відэа, скажы, што памылялася, што Лукашэнка – сапраўдны легітымны прэзідэнт – і ўсё, заўтра будзеш на волі, з дзецьмі. Паліна адмовілася гэта рабіць, бо разумела, што насамрэч, хутчэй за ўсё, яе проста падмануць. Запішуць гэтае відэа, а на волю яна ўсё адно не выйдзе.

Рэжым сёння не гатовы ісці на саступкі менавіта з такімі незламанымі палітвязнямі, і трымае курс проста на іх вынішчэнне. Такая ж сітуацыя адбываецца з Віктарам Бабарыкам – увогуле не ведаем, што з ім зараз. Гэтак жа, як не ведаем, што з Мікалаем Статкевічам, з Паўлам Севярынцам. Той жа ціск на Змітра Дашкевіча, які павінны быў выйсці, ніякіх нагодаў не было трымаць яго далей за кратамі.

Галоўная мэта рэжыма – утрымацца ва ўладзе. Адзіны шлях, які яны для гэтага бачаць – запужванне ўсіх, як людзей у Беларусі, так і палітвязняў. Таму яны так ціснуць на Паліну. І тое, што яна будзе паводзіць сябе больш стрымана, не моцна паўплывае на яе становішча.

— А што сапраўды можа паўплываць на яе становішча?

— Адзінае, што можа паўплываць – сур’ёзны ціск на рэжым Лукашэнкі. Мы бачым, што зараз у турмах фактычна забіваюць людзей. Не так даўно быў забіты Алесь Пушкін. Але нармальнага адказу з боку сусветных лідараў на гэту няма.

Таму я заклікаю яшчэ раз – гэта і мая пазіцыя, і пазіцыя Паліны – не збаўляць ціск на рэжым Лукашэнкі. Лукашэнка павінны за гэтыя злачынствы стаяць перад трыбуналам. Павінны быць абарваныя любыя сувязі гэтага рэжыму з Захадам.

І самае галоўнае, адзін з ключоў да вызвалення ўсіх палітвязняў – перакрыць любы транзіт праз Беларусь. Калі перакрыецца транзіт кітайскіх ці казахскіх тавараў, гэта выклікае адпаведную рэакцыю з боку Кітая і Казахстана. Гэта адзінае, што можа вызваліць палітвязняў.

Таму я з’яўляюся прыхільнікам рэальнага, жорсткага ціску на Лукашэнку. А любыя магчымыя перамовы з ім – проста падман. Весціся на яго нельга. 

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]