Расейскі рок-гурт з Екацерынбургу ўпершыню за 22-гадовую гісторыю наважыўся на моўны экспэрымэнт і запісаў па-беларуску свой новы гіт «Апошні дзень Зямлі» з альбому «Сделано в темноте».
Лідэр каманды Сяргей Бабунец меркаваў, што тое будзе не складана, улічваючы падабенства беларускай і расейскай мовы. Але хутка прызнаў сваю памылку і быў у кроку ад таго, каб адмовіцца ад удзелу ў праекце «Будзьма! Тузін.Перазагрузка-2».
Музыканты з «Смысловых галлюцинаций» неаднаразова казалі пра сваю адкрытасьць да экспэрымэнтаў. Пра гэта сьведчаць хаця бы іх сайд-праекты, а таксама дуэты з іншымі выканаўцамі, шматлікія рэміксы, зробленыя на іх песьні. Былі і моўныя экспэрымэнты. Так, іх гіт «Вечно молодой» перасьпявалі ўжо па-украінску і па-ангельску. Але, як сьведчыць Сяргей Бабунец, яны самі ніколі не экспэрымэнтавалі з іншай мовай.
«Ідэя засьпяваць па-беларуску мне падалася цікавай. Меркаваў, што тое будзе нескладана, улічваючы некаторае падабенства нашых моваў. Прынамсі, лягчэй, чым засьпяваць, да прыкладу, па-ангельску», - кажа лідэр «Смысловых галлюцинаций». Але потым музыканту давялося прызнаць памылку: калі яму даслалі пераклад, то прасьпяваць па-беларуску зь першага разу ў яго ня выйшла. «Прызнаюся, што быў у кроку ад таго, каб адмовіцца ад удзелу ў праекце. Але дасланыя варыянты літаратурнага перакладу з камэнтарамі , насьпяваны па-беларуску тэкст ды іншыя дапаможныя матэрыялы зрабілі сваю справу. Давялося літаральна завучыць інтанацыі і вымаўленьне і ўсё ўрэшце атрымалася», - распавядае Сяргей. Ён праявіў сябе сапраўдным пэрфекцыяністам. Калі гурт адаслаў ужо прымальна запісана беларускамоўны варыянт, то музыка папрасіў дадатковых кансультацый, пасьля якіх прыняў рашэньне перапісаць трэк наноў. «Шчыра кажучы, трохі хвалююся з той нагоды, як успрымуць вынік носьбіты мовы. Я сапраўды настолькі шмат разоў напяваў беларускі тэкст, што некалькі разоў на канцэртах ледзьве не зблытаў яго з арыгіналам», - прызнаецца Сяргей.
«Смысловые галлюцинации» вырашылі перасьпяваць па-беларуску свой новы гіт «Апошні дзень Зямлі» са сьвежага альбому «Сделано в темноте». Пераасэнсаваць на беларускую яго узяўся Ўладзь Лянкевіч, які называе сябе даўнім прыхільнікам гурта. «Іх музыка была ў культавым фільме майго дзяцінства "Брат", іх песьня "Зачем топтать любовь" гучала з кожнага шапіка, калі я вучыўся ў школе. І тады яны падаваліся такімі далёкімі замежнымі музыкантамі. Цяпер жа вельмі прыемна, што тыя самыя "Смысловые галюцинации" сьпяваюць новыя песні, і сьпяваюць іх нават па-беларуску ды яшчэ з маёй дапамогай. Я ў першую чаргу арыентаваўся на тое, каб перадаць настрой і ў той жа момант захаваць блізкае да арыгіналу фанетычнае гучанне, каб песня добра спявалася.», - кажа перакладчык.
«У мяне былі незвычайныя эмоцыі падчас запіса, бо я разумеў, што сьпяваю на замежнай мове. А для мяне гэта сапраўды незвычайна», - дзеліцца сваімі эмоцыямі Сяргей Бабунец, якому пераклад прыйшоўся да спадобы. Праўда, ён зазначае, што на пачатку яму падалося, што па-беларуску яго тэкст гучыць трошкі сьмешна, але пры глыбейшым асэнсаваньні анічога сьмешнага не засталося: «Беларускія словы абсалютна спалучыліся з настроем песьні. У іх уся тая ж усясьветная туга».
«Смысловые галлюцинации» - частыя і жаданыя госьці ў Беларусі. Дарэчы, дырэктар гурта і суаўтар песень Алег Гененфельд мае беларускія карані. У Пінску нарадзілася яго бабуля і маці. Алег і Сяргей часта бываюць у іх у гасьцях. Музыкі лічаць нашу краіну выспай маральнага дабрабыту. На іх прызнаньне, тут ім давялося сустрэць людзей з такімі якасьцямі, як дабрыня, чульлівасьць і адказнасьць. «Гэтым на ўсёй постсавецкай прасторы ў такой ступені толькі хіба беларусы і могуць пахваліцца. Захоўвайце іх, калі ласка!», - заклікае Сяргей Бабунец, які, між іншым, зьяўляецца старшынём камісіі па культуры і мастацтву ў Грамадзкай палаце Сьвярдоўскай вобласьці.
Сяргей Будкін, Тузін Гітоў
Смысловые галлюцинации – Апошні дзень Зямлі (муз. Сяргей Бабунец, сл. Алег Гененфельд, Сяргей Бабунец, бел.тэкст – Уладзімер Лянкевіч)
Калі стане няважна сваё і чужое,
Калі на Зямлі застанецца нас двое.
Надыдзе самы апошні ў сьвеце ўзыход,
Мы зьнікнем з табой на многія тысячы год.
Прыпеў:
Я буду глядзець табе ўсьлед, пакуль не загіне сьвет,
Не памрэ сьвятло, не загіне сьвет.
Я буду глядзець табе ўсьлед, пакуль не загіне сьвет,
Ў маіх вачах не загіне сьвет.
У фінале апошняя песьня і тытры,
Скончыўся фільм нечакана і прыкра.
Мы на планеце двое астатніх людзей –
Нам больш не сустрэць анікога, ніколі, нідзе.