Як геніяльны Яўген Кулік згуртаваў мастакоў вакол нацыянальнай ідэі.
Міхась Скобла піша ў сваім фэйсбуку пра геніяльнага беларускага мастака Яўгена Куліка (1937—2002):
—У маёй бібліятэцы ёсць кніга, якую я люблю браць у рукі не толькі для таго, каб перачытаць, але і яшчэ раз палюбавацца малюнкамі, пагладзіць «ціснутую» вокладку, нават панюхаць. Кніга тая валодае нейкай невытлумачальнай энергетыкай, якая адчуваецца і праз вымалеваныя на скарынаўскі манер загалоўныя літары, і праз створаную ўявай мастака карту Вялікага Княства Літоўскага з архітэктурнымі помнікамі, і, зразумела, праз сам тэкст: «Неяк у Рыме пры сціжме людзей незлічонай / Сведкам відовішча быў я — бою быкоў на арэне…»
Я маю на ўвазе «Песню пра зубра» (ёй сёлета — 500!) Міколы Гусоўскага ў мастацкім аздабленні Яўгена Куліка, якая выйшла ў свет у далёкім 1980 годзе. Кніга трохмоўная — у ёй змешчаны лацінскі арыгінал і пераклады на беларускую і рускую мовы Язэпа Семяжона і Якуба Парэцкага.
Перад гэтым не адно дзесяцігоддзе ішлі зацятыя літаратуразнаўчыя спрэчкі: хто ён — Nicolai Hussoviani, і каму аддаць ягоную «Carmen de… bisontis». На любы нічыйны шэдэўр прэтэндэнты заўсёды знойдуцца. Прэтэндавалі і тут — і палякі, і літоўцы, і украінцы. І знаходзілася тое Гусава то ў Польшчы, то ў Літве, то ва Украіне. Але ўсе спрэчкі аціхлі, калі «Песня пра зубра» пятнаццацітысячным накладам выйшла ў Мінску ў шыкоўным паліграфічным выкананні — можна было везці на любую сусветную кніжную выставу. І вазілі, і яна заслужана адзначалася ганаровым дыпломамі. Але галоўнай заслугай таго выдання была навечная прыпіска Міколы Гусоўскага і яго «Песні…» ў сярэднявечнай беларускай літаратуры.
У кнізе той быў змешчаны і першы партрэт Гусоўскага — з кнігай і дубовым лістком у руках. Ён ужо стаў хрэстаматыйным, іншым аўтара славутай паэмы мы сёння і не ўяўляем. Але і прыглядацца няма патрэбы: Гусоўскі на той выяве — гэта сам мастак, гэта амаль ягоны аўтапартрэт.
«Кананізаваў» Яўген Кулік у той кнізе і вялікага князя Вітаўта. Прынамсі, усе вядомыя мне яго пазнейшыя выявы «адштурхоўваліся» ад Куліковай выявы, дзе князь сядзіць на вялікакняскім троне пад Пагоняй (і гэта было надрукавана ў 1980 годзе!).
На згаданых графічных аркушах у куточку можна заўважыць някідкую манаграму — дзве літары ЯК у крузе. Гэтыя ініцыялы мастака можна прачытаць і як пытанне, на якое Яўген Кулік ведаў адказ.
Ён ведаў, ЯК вярнуць Гусоўскага Беларусі.
Ён ведаў, ЯК згуртаваць мастакоў вакол нацыянальнай ідэі — і паўстала суполка «Пагоня», цэнтр беларушчыны ў Саюзе мастакоў.
Ён ведаў, ЯК пад носам у КДБ (цераз праспект — у той час імя Леніна, цяпер — Незалежнасці) стварыць штаб нацыянальнага Адраджэння, гэтак званы «Паддашак», які быў генератарам і рухавіком шматлікіх мастацкіх акцый, скіраваных на абуджэнне нацыянальнай памяці.
Ён ведаў, ЯК у самыя беспрасветныя бээсэсэраўскія часы, калі ў «дакастрычніцкай» гісторыі Беларусі як бы і не існавала, нагадаць усім пра Беларусь тысячагадовую. Калі паштоўка Яўгена Куліка пад такой назвай разляцелася па ўсім свеце (яе перавыдалі беларусы замежжа), супрацоўнікі КДБ з ног збіліся, шукаючы аўтара, ды так і не знайшлі. А ён сядзеў у сваёй майстэрні, на сваім «Паддашку» — у нейкай сотні метраў ад «Камітэта Глыбокага Бурэння» — і прыдумваў новыя адраджэнскія праекты.
Ён ведаў, ЯК павінна выглядаць Пагоня ў якасці сімвала дзяржавы і стаў адным з аўтараў Герба Рэспублікі Беларусь.
Ужо толькі за ўсё пералічанае Яўген Кулік заслугоўвае ўдзячнай памяці «ныня, прысна і давеку». А яшчэ ж нялішне згадаць, што гэта ў яго майстэрні і з яго чынным удзелам прыканцы 80-х збіралася моўная камісія Беларускага фонду культуры, напрацоўкі якой сталі асновай для прынятага ў 1990 годзе Закону аб мовах, паводле якога беларуская мова стала адзінай дзяржаўнай у Беларусі.
Як на добры лад, на доме №18 па праспекце Незалежнасці, які прытуліў на сваёй верхатуры Кулікову майстэрню (а ў ёй і ўвесь тагачасны адраджэнскі рух) варта павесіць мемарыяльную шыльду. Дарэчы, калі мастак пераязджаў у новую, больш прасторную, майстэрню на вуліцы Танкавай, дапамагчы яму прыйшлі больш за тры дзясяткі чалавек. І гэта была ці не самая шматлікая талака ў мастакоўскім асяродку за ўсе часы. Адзін з талакоўцаў пазней успамінаў — работы хапіла ўсім, адных кніг гаспадар «Паддашка» сабраў тысяч пяць, а ліфта ў доме не было.
Я неаднойчы бачыў Яўгена Куліка на мастацкіх выставах, размаўляў з ім, распытваў пра ягоныя сустрэчы з Ларысай Геніюш у Зэльве. Спадар Яўген гаварыў ціха, але прамоўленыя ім словы, здавалася, уваходзілі не ў вушы, а наўпрост у душу. Ён ніколі не пяўся наперад, да мікрафона, стаяў збоку. І — дзіўным чынам — «перад» быў там, дзе стаяў Кулік, гэта адчувалася. Да мастака ўвесь час падыходзілі людзі.
У мяне над сталом вісіць яго невялічкі, 18х23 см, графічны аркуш — падарунак Уладзіміра Крукоўскага. На тым аркушы можна ў падрабязных дэталях разгледзець напаўразбураныя вежы Наваградскага замка і Фарны касцёл, дзе хрысціўся Адам Міцкевіч і браў шлюб кароль Ягайла. А ўнізе закальцаванае ЯК — пытанне і падказка, як і што рабіць — ад вялікага беларуса, які адзін у неспрыяльных умовах зрабіў вельмі шмат і даказаў, што і адзін у полі воін.
Яўген Кулік бараніў захоплены і спустошаны непрыяцелем беларускі абшар. Волат не целам, а духам, ён бясстрашна выйшаў на сваё Кулікова поле. Выйшаў і перамог.