Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Zdob si Zdub: «Стоп-мафія» па-беларуску (Аудыё)

22.09.2011 культура
Zdob si Zdub: «Стоп-мафія» па-беларуску (Аудыё)

Заўжды адкрытыя да экспэрымэнтаў зоркі малдаўскага року Zdob si Zdub запісалі беларускую вэрсію свайго гіта «Стоп-мафія».

У рэпэртуары Рамана Ягупава ёсьць песьні на чатырох мовах, а вось па-беларску ён сьпяваў упершыню. Zdob si Zdub узяў удзел у праекце «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2», каб данесьці вельмі простую думку: трэба берагчы і шанаваць сваю краіну, культуру і мову.

Лідэр Zdob Si Zdub Раман Ягупаў любіць прыязджаць у Беларусь і заўжды цікавіцца тым, што ў нас адбываецца. Ён можа назваць з ходу зь дзесятак айчынных выканаўцаў. Сярод самых шанаваных малдаўскім музыкантам - Gods Tower, этна-трыё «Троіца» і «Ляпіс Трубяцкой». Зь Сяргеем Міхалком Раман дык наогул у сяброўскіх адносінах. Некалі яны зладзілі сумесны выступ у менскім Палацы спорту, а летась запісалі разам дуэтную песьню «Стоп-мафия», якая адкрывае апошні альбом Zdob Si Zdub «Белое вино, красное вино». Песьня пра грошы, «якія робяць з чалавека раба» стала адным зь гітоў каманды. Менавіта на ёй малдаўскі гурт урэшце рэшт спыніў свой выбар, каб запісаць яе беларускамоўны варыянт для праекту «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2».

«Гэта яўны экспэрымэнт. Па-беларуску мы яшчэ не сьпявалі. Хоць гэтая песьня ўжо існуе на чатырох мовах сьвету. Я пэўны, што кожная мова мае сваю цікавую непаўторную вібрацыю», - кажа Раман Ягупаў.

Працавалі над беларускай «Стоп-мафіяй» музыкі ў няпросты час. Яны якраз перамаглі ў нацыянальным адборы на конкурс «Эўравізія», таму знаходзіліся ў пастаянных прома-турах. Але час на студыю ўсё ж знайшлі. Раман кажа, што ён заўжды адгукаецца на цікавыя ідэі ды прапановы. Тэкст песьні, перакладзены літаратарам Сяргеем Балахонавым прыйшоўся яму да спадобы. «Месцамі па-беларуску гучыць нават надта незвычайна, недзе трошкі сьмешна. Але галоўнае – гэта пасыл, сэнс. Новы бок песьні ў тым, што кожны разумее яе па-свойму, твор заўжды гучыць па-рознаму», - кажа лідэр Zdob Si Zdub.

Сяргей Балахонаў падыйшоў да творчага заданьня з усёй адказнасьцю і да ўласна пераклада прыклаў свае заўвагі і тлумачэньні да малдаўскіх музыкаў. Так, ён патлумачыў ужываньне слова «князюлі», як іранічна-грэблівае ўтварэньне ад «князі», у слове «гарэліца» прапанаваў паставіць націск на «і», як у многіх народных песьнях, а рэфрэн «деньги, деньги, дребеденьги» ён пераўтварыў у «грошы, грошы, злыя вошы» на манер народнага выразу «грошы, як вошы».

Zdob Si Zdub узяў удзел у праекце «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2», каб данесьці вельмі простую думку: трэба берагчы і шанаваць сваю краіну, культуру і мову. За 17 год свайго існаваньня музыкі з Малдовы зрабілі ашаламляльную кар’еру, стаўшы нацыянальнымі героямі. Яны даўно ўжо маглі перабрацца ў іншую краіну, але працягваюць жыць і працаваць у родным Кішынёве. Раман заўжды адказвае журналістам, што ня хоча нікуды пераязджаць, бо тут мае карані і тут нарадзіўся. Астатняе – не мае значэньня. Сваю любоў і пазытыў выканаўца распаўсюджвае на ўвесь сьвет.

«У Беларусі жывуць людзі, а да людзей у нас людзкае стаўленьне. Мы за сяброўства, за разьвіцьцё і паважнае стаўленьне да кожнай культуры і мовы. Уся варажнеча распальваецца праз палітыкаў, праз тэрыторыі і праз рэсурсы», - заяўляе лідэр Zdob Si Zdub.

Сяргей Будкін, Тузін Гітоў

Zdob si Zdub – Стоп-мафія (муз. Міхаіл Гынку, сл. Раман Ягупаў, бел.тэкст – Сяргей Балахонаў)

На Ролс-Ройсах, самалётах

З топ-мадэлькамі ў брыльянтах

Рвучы ад улады проста сабе ў зяпы

Баксікаў безьліч і слодычаў багата.

Ў Куршавэлях, бач князюлі,

супэрзлодзеі балююць.

Есца ім ікрыца, п’ецца гарэліца,

кубінская цыгара прывабліва дыміцца.

Грошы, грошы – злыя вошы

зробяць, каб ты быў рабом.

чахнуць людзі над баблом

і будуюць Вавілон.

На глямуры, ўсё ў ажуры,

спрэс ахова ў фарматуры.

Ад Вэрсачэ трусікі, ад Кальяна вусікі.

Парашок з пакуначка, ў райскі сад прагулачка.

На рулетцы любяць грэцца.

твары ў шнарах. Дзе тут дзецца.

А як грошай вельмі, вельмі, вельмі многа,

удаюць штодзённа бога.

Грошы, грошы – злыя вошы

зробяць, каб ты быў рабом.

чахнуць людзі над баблом

і будуюць Вавілон.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]