Вынікі апытаньня.
Асноўнай прычынай выезду з краіны для большасьці беларусаў, якія цяпер у Польшчы, быў страх перад рэпрэсіямі на радзіме, паведамляе «Радыё Свабода».
Польскі Цэнтар дыялёгу імя Юльюша Мерашэўскага падрыхтаваў справаздачу з дасьледаваньня грамадзкай думкі на тэму «Беларуская эміграцыя ў Польшчы — меркаваньні, стаўленьне, дылемы».
Апыталі 1299 грамадзян Беларусі, якія зараз жывуць на тэрыторыі Польшчы, 54% зь іх былыя жыхары Менску. Маладыя людзі ад 25 да 44 гадоў складаюць 75% апытаных.
Амаль палова апытаных жыве ў Варшаве і на Памор’і. Пасьля 2020 году ў Польшчу прыехалі 87% рэспандэнтаў.
«Гэтая справаздача дае ўяўленьне пра сёньняшні стан грамадзкай сьвядомасьці ў польска-беларускай праблематыцы, зафіксаваны ў драматычны час для Беларусі і цяжкі для Польшчы. Прыток беларусаў, які расьце з жніўня 2020 году і ўзмацняецца з ростам рэпрэсіўнасьці рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, ёсьць ня менш важным складнікам новага сацыяльнага ляндшафту, які ствараецца ў Польшчы ў сувязі з падзеямі на ўсход ад польскіх межаў», — гаворыцца ў прэамбуле справаздачы.
Як вынікае з дасьледаваньня, асноўнай прычынай выезду з краіны для большасьці беларусаў, якія цяпер у Польшчы, быў страх перад рэпрэсіямі ў Беларусі (86%).
Вельмі пазытыўна ці хутчэй пазытыўна ацэньваюць сваё жыхарства ў Польшчы 90% апытаных беларусаў. Таму людзі плянуюць застацца ў Польшчы. Пра нежаданьне вяртацца ў Беларусь заяўляе палова апытаных беларусаў, зь іх 45% апытаных сказалі, што плянуюць застацца ў Польшчы назаўсёды.
Для большасьці рэспандэнтаў найбольшай праблемай, зьвязанай са знаходжаньнем у Польшчы, была легалізацыя. 70% апытаных заявілі пра нязначныя або сур’ёзныя праблемы ў гэтай сфэры. Яшчэ адной праблемай для большасьці мігрантаў зь Беларусі было наладжваньне сацыяльных кантактаў/сяброўства з палякамі (64%) і пошук нерухомасьці для арэнды (60%).
Беларусы цікавяцца падзеямі ў Польшчы і за мяжой. 65% зь іх выкарыстоўваюць як крыніцу інфармацыі беларускія незалежныя мэдыя, яшчэ 20% — СМІ на польскай мове.
Большасць апытаных лічаць, што Польшча захоўвае прыязнае стаўленьне да Беларусі. У сваю чаргу, самай недружалюбнай да Беларусі краінай, на думку рэспандэнтаў, ёсьць Расея. 82% не падзяляюць думкі, што беларусы і расейцы найбліжэйшыя паміж сабой народы.
«Грамада беларусаў, якія прыехалі ў Польшчу ў апошнія гады, выяўляецца вельмі згуртаванай і аднароднай у сваіх поглядах на палітычныя, нацыянальна-моўныя, гістарычныя і культурныя справы. Мы маем тут справу не са зрэзам усяго беларускага грамадзтва, не зь „Беларусьсю ў мініяцюры“, а з супольнасьцю эмігрантаў з выразнымі, даволі адназначнымі поглядамі, якім няма месца ў сёньняшняй беларускай дзяржаве», — робяць выснову дасьледнікі.