Рэліз альбому адбудзецца ў бліжэйшы час.
Гурт VOLSKI прэзентаваў кліп на песню з новага альбому «Лісты палітвязням». У запісе відэа да кампазіцыі «Чакай мяне» прынялі ўдзел 33 беларуса, якія сталі ахвярамі палітычных рэпрэсій. Рэліз альбому адбудзецца ў бліжэйшы час.
Кліп дасяжны на YouTube-канале Лявона Вольскага.
Сярод яго герояў — праваабаронца Леанід Судаленка, журналіст Алег Груздзіловіч, актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Шарэнда ды іншыя. У спісе герояў кліпа разам з імёнамі палітвязняў даецца інфармацыя пра суддзяў, якія вынеслі злачынныя прысуды.
«Чакай мяне, чакай мяне — і я вярнуся.
Чакай мяне, калі туга цераз край.
Чакай мяне ў радасці, стоме і скрусе.
Чакай мяне, галоўнае — вельмі чакай…» — звяртаюцца палітвязні да гледачоў відэа.
Кампазиция «Чакай мяне» мае прысвячэнне ўсім палітзняволеным Беларусі.
«Кожнаму зьняволенаму вельмі хочацца, каб яго чакалі, каб на яго не забываліся, каб пра яго думалі — штодзень, штогадзіну, штохвіліну. І, калі вельмі чакаць, дык абавязкова дачакаешся. У кліпе песьню сьпяваюць былыя палітвязьні — тыя, хто прайшоў усе колы пекла беларускіх вязьніцаў», – кажа ў інтро да кліпу Лявон Вольскі .
Працу над альбомам «Лісты палітвязням», выхад якога чакаецца бліжэйшым часам, гурт VOLSKI абвесціў у верасні 2023 года разам з пачаткам аднайменнага грамадска-палітычнага праекту, сумеснага з ініцыятывамі Палітвязынка і Дэсыдэнтбай. Каманда прапануе шэраг відэа пра з’яву палітвязынства, сабраных у плэй-лісце на Youtube.