Выстава называецца «Беларусь у сэрцы».
Выстава турэмных малюнкаў пад назвай «Беларусь у сэрцы» палітвязня Паўла Севярынца, сустаршыні партыі БХД, адкрыта ў беларускай прасторы «Робім разам» у Варшаве. На выставе прадстаўлены 24 малюнкі. Частка з іх беларускія касцёлы і цэрквы, частка – партрэты сям’і Паўла, паведамляе «Радыё Рацыя».
Мэта выставы – паказаць Паўла не толькі як палітыка і публіцыста, а таксама як сына, мужа і бацьку праз таленавітыя малюнкі, кажа кіраўнік фундацыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя» ў Варшаве Яўген Дудкін:
– Я ўпэўнены, што гледзячы на малюнкі Паўла Севярынца, мы зможам паразважаць, што рабіла і робіць Паўла Севярынца моцным. Што мы можам на прыкладзе Паўла Севярынца рабіць тут, на эміграцыі, каб быць годнымі прыхільнікамі. Не слабымі, чакаючы яго вызвалення, а лідарамі, тут і сёння, каб Павел Севярынец мог ганарыцца.
Выстава карцін Паўла Севярынца ў Беларускай прасторы «Робім разам» на пляцы Канстытуцыі 6 працягнецца да 6 студзеня 2024 года. Павел знаходзіцца за кратамі з чэрвеня 2020 года. 30 снежня яму споўніцца 47 гадоў.