Купала ў Ялце, Брыль у Нэапалі.
У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў у Менску 28 сьнежня а 17:30 адкрыецца фотавыстава «Моры рэальныя і выдуманыя. Беларускія літаратары на вакацыях».
У фокусе экспазыцыі — фатаздымкі клясыкаў беларускай літаратуры Эдзі Агняцьвет, Янкі Брыля, Уладзімера Дубоўкі, Уладзімера Караткевіча, Якуба Коласа, Янкі Купалы і Максіма Танка ў час летняга адпачынку (з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музэя літаратуры і мастацтва).
«Беларускія літаратары часта помняцца па сваіх афіцыйна-сумных партрэтах у школьных падручніках. А калі ўбачыць фота маладых Янкі Брыля ў Нэапалі ці Ўладзімера Дубоўкі і Янкі Купалы на пляжы ў Ялце, ці гэта памяняе ўяўленьне?» — адзначаецца ў прэс-рэлізе.
«„Мора“ беларуса (мора рэальнае — з „пацалункамі салонай марской вады“ (Уладзімер Караткевіч) — ці выдуманае, мэтафарычнае — „зялёнае мора ржаных каласоў“ (Якуб Колас) — гэта мара ці ўспамін пра лета», — разважаюць пра сэнс арганізатары выставы і абяцаюць наведнікам, што яе атмасфэра «дазволіць на час забыцца пра занураныя ў сьнег шэрыя вуліцы Менску і патрапіць у сьвет колераў, летняй цеплыні і радасных эмоцый».
Акрамя дакумэнтальных фатаздымкаў клясыкаў беларускай літаратуры, на выставе таксама можна паглядзець працы беларускіх мастакоў з фонду Нацыянальнага цэнтру сучасных мастацтваў.
Адкрыцьцё выставы адбудзецца 28 сьнежня ў 17.30 у будынку НЦСМ на Някрасава, 3 у Менску.