Пасланне арцыбіскупа Юзафа Станеўскага на Новы год.
Пасланне Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага на Новы, 2024-ый год, апублікаваў сайт catholic.by:
«Калі хто ў Хрысце, той новае стварэнне; даўняе мінула, вось сталася новае»
(2 Кар 5,17).
Любыя браты і сёстры ў Хрысце Пану!
У імя Маці Божай, Святой Багародзіцы Марыі, распачынаем Новы, 2024 год. Праз Дзеву Марыю нам дадзены Божы Сын, а «калі хто ў Хрысце, той новае стварэнне; даўняе мінула, вось сталася новае» (2 Кар 5, 17). Бо Пан Бог, як казаў Папа Бэнэдыкт XVI, аб’явіў сябе як Дзіцятка ў Марыі. Яна стала святыняй; месцам, дзе знаходзіцца Бог. Яна стала брамай, праз якую Ён увайшоў у свет. Яна стала той «лесвіцай», як акрэсліў Бэнэдыкт XVI, па якой Бог прыйшоў да чалавека ў Езусе Хрысце і ўвайшоў у нашу чалавечую гісторыю.
Мае дарагія, таямніца мацярынства Марыі адкрывае праўду пра Бога і пра нас. З таго моманту, калі Сын Божы, Езус Хрыстус, сапраўдны Бог і сапраўдны Чалавек, нарадзіўся з Дзевы Марыі, калі Ён прыняў ад Яе і праз Яе нашае чалавечае цела, Ён стаўся блізкім з нашым чалавецтвам. Таму, указваючы на гэтую праўду і яшчэ раз нагадваючы пра яе ва ўрачыстасць Святой Багародзіцы Марыі, Папа Францішак сказаў, што Бог такі блізкі да чалавека як Дзіця Божае. У Марыі, Святой Маці Божай, гэтая праўда знайшла сваё здзяйсненне.
У сваёй Маці Ён, Бог неба, Бог бясконцасці, стаў маленечкім, каб быць не толькі з намі, але і з такімі, як мы.
Вось цуд, кажа Пантыфік, навіна, што чалавек больш не самотны; больш ужо ніколі не з’яўляецца сіратою — ён цяпер назаўсёды сын.
Умілаваныя браты і сёстры, менавіта гэтай навіною і распачынаецца Новы, 2024 год. Ён распачынаецца, як зазначыў Папа Францішак, з гэтай навіны: ты не адзін, мы не адны, вы не самотныя. Бог, як нагадвае нам апостал Павел, паслаў свайго Сына, каб мы атрымалі ўсынаўленне, сталіся сынамі падчас хросту. Мы маем гэтую ласку ў Езусе Хрысце, Адзінародным Сыне Божым. У Ім мы сыны. Бог прыходзіць у свет як Сын, каб учыніць нас дзецьмі Божымі. «Які цудоўны падарунак», — падкрэслівае Папа Францішак, і адзначае вельмі канкрэтныя плёны гэтага падарунка для нас: «Нават калі гаворыш, калі адчуваеш, што не можаш справіцца, калі баішся, што ты бескарысны, калі цябе ахоплівае страх, што ты не выйдзеш з таго ці іншага тунэля нейкага цяжкага выпрабавання, Бог увесь час паўтарае табе: „Будзь адважны, Я з табой, ты — Маё дзіця.Ты не адзін“». І Ён гаворыць нам гэта, калі прыходзіць на свет. Ён кажа гэта, будучы народжаным ад Марыі. Ён кажа гэта літаральна, такім чынам уваходзячы ў нашае чалавечае жыццё і нашыя сітуацыі. «Я з табою», — нястомна паўтарае нам Пан Бог.
Мае дарагія, як жа моцна патрэбнае нам, асабліва сёння, гэтае ўсведамленне прысутнасці Бога. Як нам гэта патрэбна, найперш тым, хто так балюча перажывае духоўную і фізічную самотнасць.
У многіх людзей сілы аслабнуць, многіх бліжнія пакінуць у адзіноце, але застанецца Той, хто не памірае, хто не старэе, над кім гады не маюць улады; Той, хто заўсёды застаецца Любоўю. І таму ў гэты першы дзень 2024 года, у «невядомы» пачатак новага года, мы можам быць упэўнены ў адным: у пачатку года ёсць Бог і напрыканцы года будзе Бог: Quis ut Deus? — Хто ж як Бог?
Браты і сёстры! Ва ўрачыстасць Святой Багародзіцы Марыі мы яшчэ раз перажываем праўду аб прысутнасці Бога сярод нас. Менавіта яна з’яўляецца для нас крыніцай сілы і благаслаўлення. Гэта, як нагадаў нам Папа Францішак, — непарушны цэнтр нашай надзеі; гэта гарачае ядро, якое падтрымлівае наша існаванне. Таму той, хто не глядзіць на крызіс у святле Евангелля, як падкрэслівае Папа Францішак, — глядзіць на крызіс без евангельскай надзеі, успрымае крызіс без надзеі. А той, хто мае адвагу нагадваць нам, што Бог усё яшчэ з намі на караблі Касцёла, што Ён з намі ва ўсім і ўсюды, — той знойдзе сілу ў Яго, а ў супярэчнасцях ці разгубленасці ніколі не будзе адчуваць сябе прыгнечаным.
У сваім Пасланні на 57-ы Сусветны дзень міру ў бягучым 2024 годзе пад назваю «Штучны інтэлект і мір» Папа Францішак нагадвае аб неабходнасці пільнасці і працы над тым, каб логіка насілля і дыскрымінацыі не ўкаранілася ў вытворчасці і выкарыстанні розных прылад за кошт самых слабых і маргіналізаваных людзей. У пасланні Папа заўважае, што выдатныя дасягненні ў галіне штучнага інтэлекту аказваюць усё большы ўплыў на дзейнасць чалавека, на асабістае і грамадскае жыццё, на палітыку і эканоміку. І таму Пантыфік заклікае да адкрытага дыялогу аб важнасці гэтых новых тэхналогій, якія маюць разбуральны патэнцыял і сумніўныя наступствы. Ён нагадвае аб неабходнасці быць пільнымі і працаваць над тым, каб логіка гвалту і дыскрымінацыі не ўкаранялася ў вытворчасці і выкарыстанні гэтых прыладаў за кошт найбольш слабых і маргіналізаваных людзей: несправядлівасць і няроўнасць распальваюць канфлікты і антаганізм.
Святы Айцец заклікае:
«Трэба тэрмінова і адказна скіраваць канцэпцыю аб выкарыстанні штучнага інтэлекту, каб ён служыў чалавецтву і абараняў наш агульны дом, неабходна распаўсюджваць прынцыпы этыкі ў сферы адукацыі і права».
Далей Папа Францішак у сваім пасланні падкрэслівае, што абарона годнасці асобы і спрыянне братэрству, якое сапраўды адкрыта для ўсёй чалавечай сям’і, з’яўляюцца важнымі ўмовамі для таго, каб тэхналагічнае развіццё спрыяла пашырэнню справядлівасці і спакою ў свеце.
Умілаваныя! Сённяшняе Евангелле, як мы чулі, гаворыць нам пра Марыю, Маці Божую, насамрэч толькі адным сказам: «А Марыя захоўвала ўсе гэтыя словы, разважаючы ў сэрцы сваім» (Лк 2, 19). Гэта быў Яе адказ на ўсё, што адбываецца. Марыя змагла прыняць сваім сэрцам усе наступныя падзеі, удзельніцай і сведкай якіх была. Яна адкрыла, прыняла і ўсвядоміла схаваны ад свету і сапраўдны сэнс гэтых падзей. Папа Францішак падкрэслівае, што Марыя прымала блізка да сэрца ўсё, што адбывалася з Ёю, нават нягоды, і змяшчала іх ў сваім сэрцы на належнае месца. Яна зрабіла гэта таму, зазначае Пантыфік, што ўсё з любоўю ўзяла ў сваё сэрца і ўсё даверыла Богу. Марыя з’яўляецца менавіта такой, якой Бог хоча. Ён хоча, каб і Яго Касцёл (гэта значыць усе мы) быў такі ж, як Маці: пяшчотная, пакорная, бедная ў сэнсе матэрыяльным і багатая на любоў, свабодная ад граху, падзелаў і нянавісці, з’яднаная з Езусам. Таму Святы Айцец падкрэслівае, што для сённяшняга падзеленага і збянтэжанага свету Марыя з’яўляецца Маці надзеі. З’яўляецца таксама Заступніцай спакою і еднасці. З’яўляецца Успамогай у цяжкасцях і змаганнях, Суцяшальніцай у смутку і цяжкіх выпрабаваннях. З’яўляецца Маці Божай і нашай найлепшай Маці.
Умілаваныя браты і сёстры, у гэты першы дзень новага года з дзіцячым даверам звяртаемся да Марыі: Найсвяцейшая Багародзіца Марыя, Маці Касцёла і Каралева Беларусі, праз Тваё мацярынскае заступніцтва і Твае матчыныя рукі ахвяруй Езусу Хрысту, нашаму Збаўцу, нас саміх, народ Божы і нашую любую Айчыну і вядзі праведнымі шляхамі ў 2024 годзе — Новым, вядомым Божаму Провіду — годзе Божым.
На парозе вядомай невядомасці словамі благаслаўлення Аарона пажадаем жа яшчэ раз адно аднаму: Няхай Пан благаслаўляе цябе і аберагае цябе! Няхай Пан распраменіць сваё аблічча над табой і адорыць цябе ласкай. Няхай Пан скіруе на цябе свой погляд і адорыць цябе спакоем. (Ліч 6, 22–27).
Божа, благаславі Беларусь, благаславі ўсіх нас, каб дзякуючы адданай веры і чуйнасці нашага сэрца на патрэбы бліжняга мы змаглі паспрыяць якаснаму будаванню нашай сучаснасці, каб яна стала трывалым і прыгожым падмуркам веры, надзеі і любові для будучых пакаленняў.
Свае пажаданні на радаснае святкаванне ўрачыстасці Святой Багародзіцы Марыі і на ўвесць Новы, 2024 год падмацоўваю сваім пастырскім благаслаўленнем
у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.