Старшыня БНР зьвярнулася да беларусаў.
Старшыня Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла зьвярнулася да беларусаў напярэдадні Новага году.
Навагодні зварот зьмешчаны на старонцы Рады БНР у «Фэйсбуку».
«Дарагія мае Суродзічы Беларусы! Прайшоў яшчэ адзін год, які мы перажылі з трывогай у сэрцах дзеля штодзённай пагрозы незалежнасьці нашай зямлі і нязноснага жыцьця нашага народу пад ботам хворага дыктатара, — кажа Івонка Сурвіла. — Дык пачну гэтае прывітаньне ад імя Рады БНР і ад мяне асабіста, жаданьнем усім нам посьпехaў у нашым змаганьні за лепшую долю нашага народу».
«Нашай найбольш эфэктыўнай зброяй у гэтым змаганьні ёсьць нашая культура і нашае добрае імя, — працягвае Старшыня Рады БНР. — Якраз пра гэта хачу вам сказаць. А каб памагчы вам ня траціць надзеі, перадаю вам, разам з сьвяточнымі пажаданьнямі, падарунак, які заставіў нам цудоўны беларускі паэт і які я заўсёды ўважала адным з найбольш яскравых твораў нашай літаратуры: Апокрыф Максіма Багдановіча. Пэўная, што ён напоўніць вашае сэрца любоўю да ўсяго беларускага і жаданьнем вярнуць нашаму народу тое годнае жыцьцё, на якое ён мае права як і ўсе вольныя народы зямлі.
Ня буду чытаць Вам інтэгральна ўсяго Апокрыфу, але хачу перадаць вам словы якія мяне цешаць ужо шматлікія дзесяцігодзьдзі.
Аўтар расказвае, як Хрыстос, вярнуўшыся на Зямлю, апынуўся з двума апосталамі ў Беларусі і з захапленьнем пабачыў, як красуюцца на палях нашага краю васількі.
І на папрок апостала, што больш карысна было б, каб на месцы васількоў расло збожжа, бо „апрача красы патрэбны спажытак чалавеку», Хрыстос адказаў: «Няма красы без спажытку, бо сама краса і ёсьць спажытак для душы».
І мовіў Хрыстос Пятру: Ты, шкадуючы галодных людзей, асудзіў песьню, але самыя галодныя не асудзілі яе. Жывая яшчэ душа ў народзе гэтым»
На словы гаспадара, які сказаў што яшчэ ад малалецьця краса васількоў прыйшла яму да душы і радуе сэрца яго, Хрыстос адказаў: «Добра быць коласам, але шчасьлівы той, каму дадзена быць васільком«, і кажучы так, пачуў Ён песьню жней і прамовіў: «Слухайце што кажуць словы гэтай песьні! Яе складалі людзі, якія ведаюць што варты хлеб»!
Апошнія радкі Апокрыфу змушаюць праўда задумацца ў гэтым канцы 2023-га году:
«... І босыя ногі Хрыста пакідалі на цёплым мяккім пыле дарогі сьляды... Але гора Вам людзі, бо ўжо даўно затапталі Вы іх»!
Не магла іх прамаўчаць. Даруй нам Божа, калі затапталі. Ня ўсе мы былі пачулі Цябе. Ня ўсе зразумел», — завяршае цытаваньне Івонка Сурвіла.
«Дык віншую Вас зь Сьвятамі, мае дарагія Сябры, — працягвае старшыня Рады БНР. — Жадаю шчасьця, здароўя і плёну ў працы! А перад усім жадаю каб наступны раз дакладна пачулі і зразумелі!
Жадаю ўсім нам дачакацца незалежнай Беларусі, Беларусі якая будзе нашай Бацькаўшчынай, а не акупаванай чужакамі забранай тэрыторыяй, патрэбнай ім толькі каб бараніць сваю імпэрыю, «інтарэсы» варожага нам «рускага міру».
Жадаю пабачыць любоў і павагу нашых людзей адных да другіх і салідарнасьць між намі, бо ж мы адзін народ, сыны і дочкі тых самых прашчураў, якія захавалі часта ў вельмі складаных умовах і перадалі нам гэты край. Жадаю, каб і мы маглі перадаць яго нашым дзецям і ўнукам адроджаным, і назаўсёды беларускім, незалежным і заможным! Абдымаю Вас! Жыве Беларусь!» — завяршае свой зварот Івонка Сурвіла.