Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Што яднае амэрыканскую зорку Тэйлар Сьвіфт зь Беларусьсю

06.02.2024 культура
Што яднае амэрыканскую зорку Тэйлар Сьвіфт зь Беларусьсю

Яна ўваходзіць у топ-5 самых уплывовых жанчын сьвету.

Музычны журналіст Аляксандар Чарнуха падзяліўся з «Радыё Свабода» меркаваньнем, чаму Тэйлар Сьвіфт такая папулярная і што яе яднае зь Беларусьсю.

Мільярдэрка, уваходзіць у топ-5 самых уплывовых жанчын сьвету

34-гадовую амэрыканскую сьпявачку Тэйлар Сьвіфт называюць усясьветнай зоркай нумар адзін. Яна самая высокааплатная артыстка ў сьвеце. Ейную маёмасьць ацэньваюць у $1,1 мільярда.

Летась Сьвіфт увайшла ў пяцёрку самых уплывовых жанчын сьвету, паводле вэрсіі Forbes, поплеч са старшынёй Эўракамісіі Урзуляй фон дэр Ляен і прэзыдэнткай Цэнтральнага эўрапейскага банку Крыстын Лягард. Часопіс Time у 2023 годзе абвясьціў Сьвіфт чалавекам году, бо яна «надзвычайна ўмее расказваць гісторыі».

Першы музычны альбом сьпявачкі выйшаў у 2006 годзе. Праз амаль 20 гадоў кар’еры яна ўзыйшла на пік папулярнасьці. Тэйлар стала адзінай выканаўцай, якая атрымала чатыры галоўныя прэміі ў сьвеце музыкі Grammy запар. Апошнюю — сёлета 5 лютага за альбом Midnights. Да яе тройчы прэмію Grammy атрымлівалі Фрэнк Сынатра, Пол Сайман і Стыві Ўандэр.

Нядаўна Тэйлар Сьвіфт, якая раней не выказвалася на палітычныя тэмы, пачала адкрыта агітаваць у падтрымку Дэмакратычнай партыі.

«Раней я старалася публічна не афішаваць свае палітычныя погляды, але з прычыны некаторых падзеяў у маім жыцьці і ў сьвеце за апошнія два гады я памяняла сваю думку. Я заўсёды галасавала і буду галасаваць за кандыдатаў, якія абараняюць і змагаюцца за правы чалавека, якіх мы ўсе заслугоўваем у гэтай краіне», — напісала Сьвіфт у сваім Instagram з больш як 120 мільёнамі падпісчыкаў.

Допіс на дадзены момант набраў больш за 2 мільёны лайкаў і выклікаў розгалас у СМІ, а таксама рэакцыю рэспубліканца Дональда Трампа, які заявіў, што цяпер любіць музыку Сьвіфт на 25% менш.

Прадусар зь пінскімі каранямі

Першым, каго абняла Тэйлар, калі яе абвясьцілі пераможцай, быў Джэк Антонаў (Jack Michael Antonoff), ейны прадусар, які чакаў рашэньня журы побач. Зь ім жа сьпявачка выйшла атрымліваць узнагароду. Таксама яна выцягнула на сцэну сваю сяброўку і калегу, сьпявачку Лану дэль Рэй. Але менавіта пра Антонава былі першыя словы ў прамове пераможцы.

«Я працавала з адным са сваіх найлепшых сяброў, які ня толькі адзін з маіх найлепшых сяброў — такі прадусар бывае раз на пакаленьне — гэта Джэк Антонаў. Мне так пашанцавала», — сказала Сьвіфт.

Джэку Майклу Антонаву неўзабаве споўніцца 40. Ён нарадзіўся ў ЗША. Сям’я прыехала туды задоўга да нараджэньня хлопца. Ягоны прадзед па кудзелі (па матчынай лініі) Лейбэл паходзіць зь беларускага Пінску. Дзед Джэка Макс Уол нарадзіўся ў Польшчы. Ён быў рабінам.

Джэк сьпявае і грае ў некалькіх амэрыканскіх гуртах. Саліруе ў рок-гурце Bleachers, грае на гітары і ўдарных у поп-рок-гурце Fun. Раней быў салістам індзі-рок-гурту Steel Train. Адна зь песень гурту Fun атрымала прэмію Grammy як песьня году.

Да таго ж Антонаў піша песьні і прадусуе розных выканаўцаў, сярод якіх Тэйлар Сьвіфт і Лана дэль Рэй. Са Сьвіфт ён супрацоўнічае інтэнсіўна з 2013 году. У музычным сьвеце лічаць, што Антонаў значна паўплываў на тое, як гучыць сучасная папулярная музыка зь сярэдзіны 2010-х гадоў.

Ён выграў 10 прэмій Grammy як прадусар году, у тым ліку ў тры апошнія гады. Ён стаў другім прадусарам у сьвеце, які атрымаў тры самыя прэстыжныя прэміі запар. Шэраг сынглаў, якія Антонаў напісаў у суаўтарстве, узначальвалі сусьветныя гіт-парады.

«Гэта пасьпяховы бізнэс»

Музычны журналіст і аўтар Youtube-канала «Міністэрства сепультуры» Аляксандар Чарнуха пракамэнтаваў, чаму, на ягоную думку, Тэйлар Сьвіфт такая папулярная і якая тут роля Джэка Антонава.

«Тэйлар Сьвіфт — гэта ўвасабленьне ЗША. Яна вельмі амэрыканская сьпявачка. Ейныя карані з кантры-музыкі менавіта такой яе і робяць. Гэтая культура вельмі папулярная там», — кажа экспэрт.

Ён мяркуе, што фэномэн Сьвіфт выходзіць па-за межы артыста, бо гаворка ідзе перадусім пра пасьпяховую бізнэс-мадэль.

«Тэйлар Сьвіфт — гэта вельмі пасьпяховы бізнэс. Ён ужо выйшаў за межы адной краіны. Гэта глябальны бізнэс. ЗША — вельмі прыдатная пляцоўка для разьвіцьця свайго музычнага бізнэсу, і Тэйлар Сьвіфт — ягоны твар», — разважае Чарнуха.

Музычны журналіст тлумачыць, што Grammy таксама не зусім музычнае спаборніцтва.

«Гэта спаборніцтва музычных бізнэсаў і лэйблаў. Grammy ацэньвае вельмі дакладныя паказчыкі. Гэта ня столькі пра музычныя густы адмыслоўцаў і крытыкаў, колькі пра канкрэтныя лічбы. Гэта музыка, якая трапляе да сваёй мэтавай аўдыторыі. Па-другое, гэта якасная дыстрыбуцыя гэтай музыкі і граматны піяр. Тэйлар Сьвіфт — ідэальная ролевая мадэль для свайго пакаленьня», — падсумоўвае Чарнуха.

Роля прадусара ў посьпеху артыста, на ягоную думку, заўсёды важная. Пасьпяховы бізнэс Сьвіфт можа дазволіць сабе найлепшых спэцыялістаў.

«Гэта не адзіны даступны варыянт на рынку, але адзін з самых цікавых. Мне падаецца, што ягоная роля, канечне, важная, але не безумоўная», — кажа суразмоўца пра Антонава.

Ці маюць уплыў на посьпех сьпявачкі беларускія карані прадусара — пытаньне, паводле Чарнухі, складанае і спрэчнае. Ёсьць шмат музыкаў зь беларускімі каранямі, якія станавіліся пасьпяховымі, прыкладам, Антон Мацулевіч (яго таксама намінавалі на Grammy).

«Беларусь знаходзіцца на пэўным сусьветным узроўні па якасьці творчых кадраў, але гэта ня значыць, што Беларусь тут унікальная. Яна проста на клясным узроўні. Што да каранёў людзей, якія калісьці зьехалі зь Беларусі і сталі пасьпяховымі — чалавек нарадзіўся ў ЗША, выхоўваўся ў амэрыканскай культуры. Яго адносіны зь Беларусьсю — гэта вельмі спрэчны аспэкт», — падсумоўвае Чарнуха.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]