Тэлебачанне ўсхвалявана паведаміла перадсвяточную навіну. На галоўным праспекце ўстаноўлены гукаўзмацняльнікі. Фантастычная магутнасць. Неверагодныя дэцыбелы.
Сумаваць не давядзецца. А ўвечары яшчэ грымне салют. Ажно трыццаць артылерыйскіх залпаў. У дыме і грукаце адсвяткуе краіна дзевятае траўня. Такі гэта дзень - Перамога.
Зноў у высокіх прамовах будуць гучаць узнёслыя словы пра тое, якія мы усе тут героі. І Мінск наш – горад-Герой. І Беларусь – краіна партызанка. Страціла ў час вайны кожнага чацвертага. А можа, нават і кожнага трэцяга. Хто там тое лічыў. Паўтараем жахлівыя лічбы натхнёна і не задумваемся над сэнсам. А задумацца варта было б. Але дзе там – часу няма. Такая насычаная праграма святкаванняў. Урачыстыя шэсці. Прамовы. Канцэрты. Чыноўнікі пастараліся. Хвіліначкі нават няма, каб перадыхнуць. Памаўчаць. А тым болей, падумаць. Сапраўды, такое свята!
Але дзіўная рэч, а чаму гэты дзень не быў адразу абвешчаны святам? Толькі позняя партыйна-савецкая бюракратыя вылучыла яго са звычайных, працоўных. Чаму нават Сталін, якога цяпер шмат хто лічыць найвялікшым з усіх пераможцаў, не здагадаўся на ніве той вялікай падзеі сабраць багаты ідэалагічны ўраджай. Як гэта і сёння паспяхова робяць ягоныя духоўныя нашчадкі. Тады, у сорак пятым, з вялікім спазненнем правялі вайсковы парад. Кінулі да маўзалея трафейныя сцягі. Адсалютавалі. І нібы цень забыцця агарнуў надоўга тую вайну. Невыгодна было ўспамінаць. Калі падлічылі нават прыблізныя страты ды параўналі, колькі на аднаго забітага немца прыпадае загінуўшых з савецкага боку, жахнуліся. А паколькі сведкамі вайны ў той час былі амаль усе, палічылі за лепшае ўспамінамі нікога не трывожыць. Каб не правакаваць на непажаданыя для ўлады пытанні. А іх было шмат. Проста безліч.
Як гэта атрымалася, што савецкая ўлада ў хаўрусе з Гітлерам пачала дзяліць свет? Чаму ўвесь час рыхтаваліся да вайны, а калі яна пачалася, дабеглі аж да Масквы? Можна бясконца памнажаць тыя пытанні – ні на адно з іх адказу няма. Улада не хоча, каб людзі пра тое думалі. А тым болей, ведалі праўду. А таму – гукаўзмацняльнікі на плошчы і вуліцы. Салют у трыццаць залпаў. Перамога – здабытак ідэалогіі.
Урачысты грукат вынес калісьці з нябыту малавядомага начальніка палітаддзела дывізіі. І высветлілася нечакана, што менавіта на Малой зямлі, дзе сядзеў ён у зямлянцы, вырашаўся лёс вялікай вайны. І ён не палкоўнік у адстаўцы, а маршал. І подзвіг ягоны варты высокага ордэна Перамогі. Узнагарода доўга шукала, а ўсё ж знайшла героя.
Прайшлі дзесяцігоддзі. І ўжо новых палкаводцаў выносіць высокая хваля ваеннага маршу. На ўрачыстым шэсці ў беларускай сталіцы найгалоўнейшы з вертыкалі вырашыў асабіста ўзначаліць калону герояў. Іншых павядзе таварыш Сідорскі. І яны ў незабыўны травеньскі дзень ідуць шляхам пераможцаў. Як калісьці Машэраў. Праўда, той насамрэч меў зорку Героя. А ў гэтых яшчэ ўсё наперадзе. Запэўніў жа калісьці галоўны начальнік крамлёўскае кіраўніцтва, што беларускі народ гатовы легчы з гранатамі пад натаўскія танкі, абараняючы родную нашу Маскву. Вось няхай бы першы і паспрабаваў. Астатнія паглядзелі б, што ў выніку атрымалася.
Наша краіна застаецца фактычна ўсё той жа Беларускай вайсковай акругай. Паслухмянае мясцовае кіраўніцтва незалежна ад таго, хто пры ўладзе, старанна нагнятае ваенны псіхоз. Тут усё прасякнута вайной. Яна задушыла нашу гісторыю. Нібыта ў беларусаў увогуле нічога няма, акрамя той вайны. І яна такая ўзнёслая і прывабная, што шмат каму сапраўды ўжо хочацца дзе-небудзь адзначыцца. Нават дзень незалежнасці дадумаліся падагнаць пад вайну. Грымяць барабаны. Крочыць народ амаль што ў вайсковых калонах. “Ничто не забыто...” А то як жа! Забылі ўсё, што маглі. А найперш тое, якую неадольную бяду перажылі людзі гэтага краю. Аднак і цяпер, калі і гавораць пра страты, то маюць на ўвазе вайскоўцаў ды партызан. А тое, што ў самае пекла ваенных дзеянняў на доўгія гады бяздарнай савецкай уладай было кінута гэтак званае “мірнае насельніцтва”, нават узгадваць не хоча ніхто. Ім было нават цяжэй, чым вайскоўцам. Яны не мелі магчымасці сябе абараніць. Гінулі жанчыны, старыя і дзеці. Натоўпамі незлічонымі. Але каму цяпер тое цікава?
Вёска Забораўна, Ушацкі раён. Не абы якая – партызанская з партызанскіх. Побач за лесам – “Прарыў”, велічэзны мемарыяльны комплекс. Калі ў сорак чацвертым, падчас аперацыі “Фрулінгфэст” партызаны правялі паблізу ўдалы бой, немцы вярнуліся ў вёску. І расстралялі ўсіх мужчын і падлеткаў. Пахаваць іх па-людску, на даволі далекіх могілках, у тамтэйшых жанчын не было ўжо ні сіл ні магчымасцяў. Там і сёння на кожным падворку – крыж ды магіла.
У тую блакадную вясну, як і па ўсім наваколлі, нават пасеяць нічога там не маглі. Гнілушкі на бульбянішчах скончыліся хутка. І людзі ад голаду пачалі выміраць. Найперш – дзеці. Улада вызваліцеляў нават жменей зерня дапамагчы не спяшалася. Да тых, хто трапіў пад акупацыю, спагады тады не было. А ў той травеньскі дзень сорак пятага года прабегла па вёсцы старая настаўніца з крыкам: “Скончылася вайна!..” І загаласіла раптам Забораўна. Радасць, вядома, але ж якая цана…
Усё разумее мудрая наша ўлада. У гэты памятны дзень варта ставіць на вуліцах гукаўзмацняльнікі. Няхай грукочуць аркестры. І расколваюць неба салюты. Толькі б не далятаў з сорак пятага той забораўскі плач.
9 траўня – незабыўная дата. Дзень Перамогі. Той самы дзень, калі трэба пакланіцца ўсім, хто адолеў вайну і здабыў перамогу. Мы яшчэ нават блізка не падышлі да разумення таго, што перажыла тады Беларусь. Тут вайна не абмінула нікога. Нават тых, хто зброю ў руках не трымаў. А таму і ў святочным рознагалоссі варта часам суцішыцца, памаўчаць. І падумаць. І зразумець, як мала нас на гэтай зямлі засталося.