Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Стала вядома імя новага ляўрэата прэміі імя Міхася Стральцова

17.02.2024 политика
Стала вядома імя новага ляўрэата прэміі імя Міхася Стральцова

Пераможцы на ўручэньні не было, ён ня змог прыехаць у Вільню.

16 лютага ў сталіцы Літвы адкрыўся XII міжнародны паэтычны фэстываль памяці Міхася Стральцова «Вершы на асфальце», які раней праводзіўся ў Беларусі, паведамляе «Радыё Свабода».

«У часы кавіду і рэпрэсій „Вершы на асфальце“ сышоў у інтэрнэт, і вось мы зноў, ужо трэці раз запар, адкрываем фэстываль у сталіцы Літвы», — абвясьціў паэт Андрэй Хадановіч і пералічыў арганізацыі, дзякуючы якім падзея адбылася.

Гэта Міжнародны саюз беларускіх пісьменьнікаў і ягоныя партнэры — Швэдзкі саюз пісьменьнікаў, беларускі Гётэ-Інстытут у выгнаньні, Праграмная Рада тыднёвіка беларусаў Польшчы «Ніва» і Беларускі ПЭН-цэнтар.

«Шалёная ваша сьмеласьць дае нам моцы. Наш сьвет быў бы горшым бяз вас», — зьвярнулася да ўдзельнікаў Людвіка Кардзіс з Цэнтру беларускай супольнасьці і культуры, дзе адбылося адкрыцьцё фэстывалю.

Пасьля гэтага ўдава славутага паэта і пісьменьніка Міхася Стральцова Алена Дзьмітрыеўна абвясьціла імя новага ляўрэата літаратурнай прэміі Міхася Стральцова. Ім стаў беларускі паэт Усевалад Сьцебурака, які жыве ў Беларусі.

Арганізатары фэстывалю з жалем адзначалі, што сам ляўрэат ня змог прыехаць у Вільню, і чыталі ягоныя вершы, якія называлі надзвычай таленавітымі. У тым ліку прагучалі радкі з апошняй кнігі паэта «Беларускія зоркі», якая выйшла ў 2024 годзе.

«Ціша стаіць ці б’юць званы,

праз балоты ці ўзгоркі

над гэтым краем, стаяць яны —

Беларускія зоркі».

Першым ляўрэатам прэміі Міхася Стральцова стаў у 2018 годзе паэт Алег Мінкін зь Вільні. Летась ляўрэатам журы прызнала паэта Юрася Пацюпу зь Менску, які таксама ня змог прыехаць на ўручэньне прэміі.

Усевалад Сьцебурака — беларускі паэт, празаік, перакладчык і шоўмэн. Ён нарадзіўся ў 1981 годзе ў Жлобіне, зь дзевяцігадовага ўзросту жыў у Вялейцы. Сьцебурака скончыў гістарычны факультэт БДПУ, друкаваўся ў газэце «Наша ніва». Першая кніга вершаў і малой прозы «Крушня» выйшла ў бібліятэчцы часопіса «Дзеяслоў», другая — «Бег па самаадчуваньні» — у выдавецкай сэрыі «Кнігарня пісьменьніка». Трэцяя кніга вершаў «Сны дарог» зьявілася ў 2017 годзе. У 2022 годзе ў суаўтарстве з бацькам Міколам і братам — гісторыкам Анатолем выпусьціў кнігу сямейнай гісторыі «Сьцебуракаў лёс». Цяпер жыве ў Вялейскім раёне і Ракаве.

«Дэмакратыя — наш агульны дом»

«Дэмакратыя — наш агульны дом. Паэзія — наш агульны дом. Літаратура — наш агульны дом. Абарона нашых розных моваў — наш дом. Мы маем наш дом з сабой, куды б ні пайшлі. Мы дома там, дзе мы сустракаемся. Нашы дзьверы заўжды адчыненыя», — гэтак сказала старшыня Саюзу пісьменьнікаў Швэцыі Грэта Рутбэль, выступаючы перад удзельнікамі фэстывалю.

Старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру, паэт і выдавец Тацяна Нядбай у сваім выступе зазначыла, што 155 дзеячоў культуры пасьля падзей 2020 году знаходзяцца ў зьняволеньні ці зазналі няволю.

«Хацелася б, каб мы захавалі як нашу нязломнасьць, гэтак і нашу крохкасьць», — пажадала беларускім літаратарам Тацяна Нядбай.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]