Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Дзьве парафіі Беларускай Аўтакефальнай праваслаўнай царквы пераходзяць на Новаюльянскі каляндар

23.02.2024 общество
Дзьве парафіі Беларускай Аўтакефальнай праваслаўнай царквы пераходзяць на Новаюльянскі каляндар

Ад 25 лютага 2024-га.

Першагерарх Беларускай Аўтакефальнай праваслаўнай царквы архіяпіскап Сьвятаслаў Логін паведаміў «Радыё Свабодзе», што ад 25 лютага 2024 году дзьве парафіі ягонай царквы ў ЗША пераходзяць на Новаюльянскі каляндар.

Дзьве парафіі, якія вырашылі перайсьці на Новаюльянскі каляндар, гэта парафія Катэдральнага сабору сьвятога Кірылы Тураўскага ў Брукліне (Нью-Ёрк, ЗША) і Жыровіцкае іконы Божае Маці ў Гайлэнд Парку (Нью-Джэрзы, ЗША).

Дагэтуль абедзьве парафіі прытрымліваліся Юльянскага календара. Вернікі, якія не захочуць браць удзел у набажэнствах паводле Новаюльянскага календара, маюць права перайсьці ў тыя парафіі БАПЦ, якія застануцца на старым календары.

Паводле першагерарха БАПЦ, кожная парафія можа вызначыць, ці пераходзіць ёй на новае летазьлічэньне — для гэтага трэба мець не звычайную большасьць (як пры галасаваньні па адміністрацыйных царкоўных пытаньнях), а пераважную большасьць вернікаў. Паводле архіяпіскапа Логіна, гэта робіцца для таго, каб унікнуць расколу сярод парафіянаў альбо адыходу вернікаў з БАПЦ.

Пры прыняцьці гэтага рашэньня было ўлічана тое, што беларускія праваслаўныя вернікі зь Нью-Ёрку і яго навакольляў пры патрэбе могуць наведваць парафію БАПЦ у Квінсе (таксама ў Нью-Ёрку), якая вядзе набажэнствы паводле старога стылю. Таксама і ў штаце Нью-Джэрзы побач з парафіяй у Гайлэнд Парку знаходзіцца беларуская праваслаўная парафія Сусьветнага патрыярхату ў горадзе Саўт Рывэр, якая таксама трымаецца Юльянскага календара.

На сёньняшні дзень большасьць памесных праваслаўных цэркваў перайшлі на Новаюльянскі праваслаўны каляндар, паводле якога нерухомыя сьвяты адзначаюцца паводле новага стылю, а рухомыя, такія як Вялікдзень, паводле старой пасхаліі.

На старым Юльянскім календары засталіся наступныя праваслаўныя цэрквы сьвету: Ерусалімская, Расейская, у тым ліку Беларускі экзархат Маскоўскага патрыярхату, Сэрбская і Польская.

Летась на Новаюльянскі каляндар перайшла наваствораная беларуская праваслаўная парафія Сусьветнага патрыярхату ў Вільні.

27 лістапада 2023 году адбылася сустрэча першагерарха БАПЦ архіяпіскапа Сьвятаслава Логіна з Канстантынопальскім патрыярхам Барталамеем у рэзыдэнцыі Сусьветнага патрыярхату ў Стамбуле (Турэччына).

У 2023 годзе на Новаюльянскі каляндар перайшлі аўтакефальная Праваслаўная царква Ўкраіны і Ўкраінская Грэка-каталіцкая царква.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]