Яна нагадала, што сытуацыя ў Беларусі застаецца сур’ёзнай.
Сьвятлана Ціханоўская прымае ўдзел у 55-й сэсіі Рады ААН па правах чалавека ў Жэневе, перадае «Радыё Свабода». 26 лютага яна выступіла на дыскусіі, прысьвечанай Беларусі, арганізаванай Фінляндыяй, ЗША, Нарвэгіяй, Літвой і Альбаніяй.
Акрамя таго, у яе плянах сустрэча са спэцыяльным дакладчыкам ААН па пытаньні аб правах на свабоду мірных сходаў і асацыяцыі Клеманам Вулем.
У сваім выступе Ціханоўская падзякавала удзельнікам 55-й сэсіі Рады ААН па правах чалавека за прыхільнасьць справе правоў чалавека ня толькі ў Беларусі, але і ва ўсім сьвеце.
Яна адзначыла, што сёньняшнія дыскусіі ня толькі прадэманстравалі найважнейшыя праблемы, зь якімі прыходзіцца сутыкацца, але таксама падкрэсьлілі стойкасьць і мужнасьць тых, хто стаіць на перадавой гэтай барацьбы.
Ціханоўская нагадала, што сытуацыя ў Беларусі застаецца сур’ёзнай: тысячы палітычных зьняволеных пакутуюць у турмах, падвяргаючыся бесчалавечным умовам. Яна узгадала нядаўнюю сьмерьць палітзьняволенага Ігара Ледніка.
Ціханоўская заявіла, што рэакцыя міжнароднай супольнасьці на крызіс у Беларусі і на аналягічныя рэпрэсіўныя рэжымы павінна быць рашучай і непахіснай. Дзеяньні, якія прымаюцца супраць гэтых рэжымаў, на думку Ціханоўскай, мусяць несьці ня проста сымбалічны характар, а мець рэальны ўплыў на месцах.