Леў Сапега — славуты дзяржаўны дзеяч, адзін з аўтараў Статута ВКЛ 1588 года.
У Бешанковічах паставяць памятны знак вялікаму канцлеру ВКЛ Льву Сапегу, піша мясцовая раёнка «Зара».
Леў Сапега — славуты дзяржаўны дзеяч, адзін з аўтараў Статута ВКЛ 1588 года. Ён нарадзіўся ў Астроўне, што цяпер размяшчаецца ў Бешанковіцкім раёне. Ушанаваць яго памяць вырашылі мясцовыя ўлады.
У студзені райвыканкам абвясціў конкурс эскізных праектаў памятнага знака. Удзельнікам прапанавалі стварыць памятны знак вышынёй не менш за 3 метры, які мог бы ўключаць бюст або рэльефную выяву Льва Сапегі. На конкурс падалі 12 творчых работ. 27 лютага журы выбрала пераможцу. Ім стаў скульптар з Менска Іван Міско.
Прапанаваны ім мемарыяльны знак — гэта бронзавы арачны барэльеф, на якім канцлер Леў Сапега выступае з атрыбутамі дзяржаўнай улады. Выява ўмантаваная ў гранітны блок для надання манументальнасці і значнасці вобраза Сапегі.
Помнікі Льву Сапегу ўжо ёсць у Лепелі і Слоніме. Іван Міско быў адным з аўтараў слонімскага помніка.