Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Беларусы-католікі ў Польшчы духоўна рыхтуюцца да Велікодных святаў

22.03.2024 общество
Беларусы-католікі ў Польшчы духоўна рыхтуюцца да Велікодных святаў

Першымі распачалі падрыхтоўку да Пасхі беларусы Гданьска.

У душпастырствах беларусаў у Польшчы на працягу Вялікага посту, які сёлета распачаўся 14 лютага, адбываліся велікапосныя рэкалекцыі і дні засяроджання.

Першымі распачалі падрыхтоўку да Пасхі беларусы Гданьска. У першую суботу Вялікага посту да іх прыехаў ксёндз Ян Чупрынскі MIC, які нясе служэнне ў Марыйным санктуарыі ў Ліхэні (Польшча).

Разам з душпастырам вернікі разважалі над асновамі каталіцкай веры, каб нанава ўсвядоміць значэнне споведзі, хросту, знака крыжа і ўдзелу ў літургіі. Удзельнікі дня засяроджання абмеркавалі цікавыя і актуальныя тэмы: супольныя грахі, любоў, навяртанне да веры, катэхізацыю бацькоў, асуджэнне грахоў і малітву за спаведнікаў.

Для малодшых удзельнікаў акрамя катэхезы быў арганізаваны занятак па пластыцы, дзе дзеткі падрыхтавалі велікодныя кампазіцыі.

На пачатку сакавіка адбыліся двухдзённыя рэкалекцыі ва Уроцлаве. Правёў іх ксёндз Юрый Рашатко, душпастыр беларускай супольнасці ў Кракаве.

16 сакавіка ў Беластоку беларусы сабраліся на дзень засяроджання, які правёў іх душпастыр ксёндз Гжэгаж Балеста. Падчас Імшы, адарацыі і Крыжовага шляху разважалі аб прабачэнні. На працягу дня можна было скарыстацца з сакрамэнту споведзі.

У той самы дзень у Алясніцы, што каля Уроцлава, адбылася сустрэча з душпастырам варшаўскіх беларусаў. Святар праводзіў рэкалекцыі для мясцовай парафіі, а беларусы вырашылі скарыстацца з магчымасці і арганізавалі караценькую сустрэчу, на якую запрасілі ўсіх ахвотных. Агулам каля 30-і чалавек удзельнічала ў сяброўскай сустрэчы, дзе за грылем ішлі размовы на актуальныя тэмы.

Беларусы Уроцлава вельмі ўдзячныя ксяндзу Мечыславу з Алясніцы, які заўсёды адкрывае для іх дзверы сваёй парафіі і падтрымлівае ўсе ініцыятывы.

У нядзелю 17 сакавіка ў Варшаве ў парафіі святой Фаўстыны на Брудне адбыўся велікапосны дзень засяроджання са святой Уршуляй Ледухоўскай. Разам з сястрой Веранікай Шулянчык USJK удзельнікі разважалі над дарогай да святасці і словамі з Евангелля: «Сёння будзеш са Мною ў раі» (Лк 23, 43).

Набліжаюцца велікапосныя рэкалекцыі ў парафіі святога Аляксандра ў Варшаве.

Яны пройдуць з 22 па 24 сакавіка на тэму: «Нашае цярпенне і турботы для Хрыста — не чужыя!»

У суботу ў межах трохдзённых духоўных практыкаванняў будзе таксама дзень засяроджання. Падрабязная праграма пададзена на сайце Душпастырства беларусаў у Варшаве catholicby.pl.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]