Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Яны пачулі словы, якія ўзмацнілі іх веру: «Не бойцеся!»

31.03.2024 общество
«Яны пачулі словы, якія ўзмацнілі іх веру: «Не бойцеся!»

Віншаванне з Вялікаднем біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі.

Віншаванні з Вялікаднем кіруе духавенству, кансэкраваным асобам і ўсім вернікам Пінскай дыяцэзіі біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка:

- Благаслаўлёны Бог і Айцец нашага Пана Езуса Хрыста, які праз вялікую сваю міласэрнасць адрадзіў нас да жывой надзеі праз Уваскрасенне Езуса Хрыста (1 П 1, 3).

Дарагія святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры ў Езусе Хрысце, людзі добрай волі!

З нагоды ўрачыстасці Уваскрасення Хрыста складаю сардэчныя пасхальныя віншаванні. Калі ў велікодную раніцу жанчыны стаялі каля пустой грабніцы Божага Сына, яны пачулі словы, якія ўзмацнілі іх веру: «Не бойцеся!» А таксама пачулі заклік і заданне: «Ідзіце хутчэй і абвясціце вучням» (Мц 28, 5–7). Гэты пасхальны досвед становіцца таксама нашым асаблівым удзелам падчас кожнага святкавання Вялікадня.

Няхай перажыванне таямніцы Змёртвыхпаўстання Хрыста напоўніць нашае жыццё энтузіязмам і радасцю ў рэалізацыі пастаўленых мэт і штодзённых заданняў, насычаных падтрымліваючай прысутнасцю Збавіцеля, які для нас прайшоў праз смерць і аб’явіў трыумф жыцця.

Радуючыся Уваскрасенню Божага Сына, жадаем быць сведкамі Яго перамогі над смерцю, грахом і ўсялякімі моцамі зла. Няхай святкаванне Яго паўстання з мёртвых напоўніць нашыя сэрцы радаснай надзеяй, якая выплывае з досведу велікоднай раніцы і факта пустой грабніцы. Няхай у гэты час, у які Божы Провід дазволіў нам жыць, асабліва ў цяжкія хвіліны, у нашых сэрцах гучаць словы суцяшэння святога апостала Паўла: «Калі толькі мы церпім разам з Хрыстом, каб разам з Ім і ўславіцца» (Рым 8, 17).

Перажываючы радасць Пасхі Божага Сына, жадаю, каб святло Яго Перамогі не пераставала напаўняць нашую штодзённасць досведам Яго пасхальнага благаслаўлення. Няхай Езус, які прыходзіць да нас са збавенным дарам новага жыцця, дадае сіл і надзеі перад абліччам разнастайных выклікаў.

Напоўненыя велікодным энтузіязмам веры, абвяшчайма сваім жыццём хвалу і любоў Бога, які не перастае адорваць нас сваёй міласэрнасцю.

Няхай поўнае радасці і надзеі «Аллелюя!» няспынна спадарожнічае нам і напаўняе сапраўдным спакоем.

Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос! Аллелюя!

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]