Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Вольскі: Дапамагайма адно аднаму, падтрымайма, і свабода загарыцца зыркай зоркаю!

17.04.2024 общество
Вольскі: Дапамагайма адно аднаму, падтрымайма, і свабода загарыцца зыркай зоркаю!

Не апускайма рукі!

Лявон Вольскі піша на Budzma.org пра беларускую салідарнасць, рэакцыю чытачоў на свае тэксты і веру ў перамогу.

Гульня працягваецца

Напісаў я надоечы тэкст пра беларускую нерашучасьць, і рэакцыя была імгненная: бачу толькі нэгатыўныя моманты, ныю, бурчу, маўляў, усё кепска, усё жахліва, і выйсьця няма...

Ня так ужо ўсё і кепска, вельцашаноўная публіка! І я неаднойчы гэта канстатаваў, толькі вы на гэта не зьвярталі ўвагі, а калі напісалася нешта не зусім пазытыўнае, дык адразу зьвярнулі. Дык вось, я не баюся казаць: ня ўсё дрэнна, становішча не безвыйсьцёвае, гэта не параза, усё ня скончылася, гульня (і барацьба) працягваюцца, і мне бачыцца скрозь усе гэтыя маркоты, пакуты і засмучэньні аптымістычны фінал.

Адкуль вера ў аптымістычны фінал

А вы самі паглядзіце: якое ўжо стагоддзе ў Беларусі то вайна, то паморак, то паўстаньне, то рэакцыя на паўстаньне, то рэвалюцыя, то дыктатура (пралетарыяту і проста нашая, звыклая, фірмовая, фірмовейшая за памяркоўнасьць ды нерашучасьць!). Ад такога прэсынгу мы даўно ўжо мусілі зьнікнуць, растварыцца ў вялікай расейскай сям’і народаў і сядзець там пад брудным нямытым усходнім плінтусам. Але так чамусьці ня здарылася!

Колькі часу зьнішчалі нашую мову, забаранялі, кпілі зь яе — яна й сялянская, й калгасная, бедная, нязграбная, грубая — а мова жыве сабе й разьвіваецца, абрастае слэнгам і наватворамі, на ёй ствараюцца вершы й паэмы, аповесьці, раманы, п’есы, публіцыстыка, аналітычныя артыкулы — усё!

Расейскамоўны беларус (ёсьць і такія!) скажа: «І колькі вас такіх, беларускамоўных? Адзін адсотак? Пяць?». Ну, паслухайце, нават калі пяць, затое — якія гэта людзі! І потым — у Рэспубліцы Беларусь па-беларуску размаўляць цяпер рэальна небясьпечна. А ў папярэднім пэрыядзе было непрэстыжна, дзіўна і таксама ня надта бясьпечна — гаворыш па-беларуску — значыцца, ты зьвязаны з апазыцыяй (у прастамоўі — бэнээфавец). Прасоўваньне па службе для такіх асобаў — выключана. Затое забясьпечаныя крывыя позіркі і размовы за сьпінаю: «Вось дарвуцца да ўлады і зноў пачнуць гэтую мову насаджаць!». Якія ж вы хочаце адсоткі ў такой сытуацыі?

Шок для ўладаў: разьяднаўчая палітыка не спрацавала

Колькі ўлады не займаліся разьяднаньнем нашага народу, якія толькі тэхналёгіі не выкарыстоўвалі, а, як высьветлілася, нічога ў іх не атрымалася.

Я, шчыра кажучы, глядзеў на гэтую сытуацыю з гэткім здаровым, як мне падавалася, пэсымізмам — камуністычная рэлігія абрынулася, усе (пад чуйным кіраўніцтвам уладаў) пачалі культываваць рэлігію спажываньня — колькі ты зарабляеш, якая ў цябе кватэра, якімі брэндамі ты карыстаесься, на чым ты езьдзіш, дзе ты адпачываеш? Улада пачала актыўна выкарыстоўваць гэты культ — ейныя прадстаўнікі (і галоўны прадстаўнік) часта апэравалі рознымі лічбамі, абяцалі падвышэньне заробкаў («па 500» і іншыя падобныя абяцанкі), жыцьцёвага ўзроўню і «Джылі» ў кожную хату.

Мне здавалася, што гэта — ідэальны мэханізм для разьяднаньня грамадзтва, калі кожны займаецца сваёй сям’ёй, сваёй «ячэйкай грамадзтва», ейным жыцьцём, ростам, дабрабытам, і іншыя такія ячэйкі ўспрымае як канкурэнтаў ці то (у лепшым выпадку) не зьвяртае на іх увагі.

Але, направер, для кагосьці гэтае разьяднаньне спрацавала, але для вельмі вялікае колькасьці людзей — не. І ў гэтым можна было пераканацца падчас каронавірусу, калі ўлада самавыдалілася з працэсу барацьбы з пандэміяй, а народ аб’яднаўся, згуртаваўся, валянтэрыў і мужна змагаўся з хваробаю.

І потым — пасьля «выбараў» — вы ведаеце, як разгортвалася сытуацыя, як гуртаваліся людзі, як распачалася дваровая актыўнасьць і бел-чырвона-белы рух.

Ясна, што для ўладаў гэта было шокам — яны працавалі-працавалі, разьядноўвалі-разьядноўвалі, а тут — раз! — і нібыта не было ўсіх гэтых дзесяцігоддзяў, і толькі ўсялякія дубаломы-амонаўцы-губазікі пытаюцца ў зьбітага на мокры яблык айцішніка: «Колькі ты зарабляеш?!». І, пачуўшы адказ, нема равуць: «Дык чаго ты яшчэ хочаш?! Што табе не падабаецца?». Нібыта гэтыя амонаўцы-губазікі й былі мэтавай аўдыторыяй дзяржаўнай разьяднаўчай палітыкі, і яны (зомбі!) цяпер рэальна ня могуць зразумець: што апроч грошай і дабрабыту трэба чалавеку ў жыцьці?

Беларуская салідарнасьць сапраўды працуе

Я вось чаму ўсё гэта пішу? Таму што нядаўна Полк Каліноўскага абвясьціў збор сродкаў на набыцьцё 100 дронаў. І ведаеце, за які час беларусы сабралі неабходную (немалую!) суму? За адзін дзень! Усё сабранае. Дроны набытыя.

Таму дзяржава й змагаецца з данатамі, шукае, хто, калі і куды пераводзіў грошы. Таму й карае тых, хто дапамагаў сваякам палітвязьняў. Бо беларуская салідарнасьць сапраўды працуе. І палохае ўладу. Таму ўлада й змагаецца з гэтай салідарнасьцю. Як можа. Як умее. А ўмее яна ўсё рабіць ня надта каб вельмі добра. Сярэдненька так, у лепшым выпадку. Да ўсяго, змаганьне з салідарнасьцю — гэта той яшчэ занятак. Вунь польскія камуністы змагаліся — і дзе яны цяпер?

Таму — дапамагайма адно аднаму, падтрымайма, і свабода загарыцца зыркай зоркаю! Не апускайма рукі!

P. S. І гэта... Паболей рашучасьці, спадарства!

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]