Цэнтар будзе займацца культурнай інтэграцыяй беларускай меншасці ў рэгіёне.
Анатоль Вап прызначаны дырэктарам новай установы, Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку – вырашыла ўправа Падляшскага ваяводства. Анатоль Вап будзе займаць гэтую пасаду сем гадоў, передае «Радыё Рацыя».
Цэнтр беларускай культуры пачаў працаваць з пачатку года. Установа падпарадкоўваецца Падляшскаму ваяводству — яе мэта — інтэграцыя меншасці і дыяспары, прэзентацыя беларускай культуры.
Анатоль Вап зойме пасаду дырэктара з панядзелка, 22 красавіка. Ён будзе кіраваць Цэнтрам беларускай культуры да 21 красавіка 2031 года.
Цэнтар будзе займацца культурнай інтэграцыяй беларускай меншасці ў рэгіёне, заахвочваючы супольнасць да ўдзелу ў культурным і грамадскім жыцці – надаючы асаблівую ўвагу і клапоцячыся пра сваю ўласную культуру.
Анатоль Вап падкрэсліў, што жадае, каб установа актыўна супрацоўнічала з няўрадавымі арганізацыямі як у справе стварэння сумесных культурных мерапрыемстваў, так і праз далучэнне цэнтру да мерапрыемстваў, якія яны ладзяць. Цэнтр таксама засяроджаны на супрацоўніцтве з мясцовымі дзяржаўнымі ўстановамі культуры ў раёнах пражывання беларускай нацыянальнай меншасці. Таксама ўстанова будзе ладзіць свае мерапрыемствы.
На дзейнасць цэнтру ў бюджэце ваяводства было прадугледжана 1,5 мільёна злотых, яшчэ 1,5 мільёна — на рэканструкцыю будынку, дзе будзе месціцца ўстанова.
Цэнтр часова размяшчаецца ў адным з будынкаў маршалкоўскай управы па адрасе вул. Kilińskiego, 16 у Беластоку. У канчатковым выніку яго сядзібай стане былы будынак школы па вул. Czackiego.
Варта адзначыць, што Падляшша — найбольш населены беларускай меншасцю рэгіён.