Міністр замежных спраў Польшчы выступіў з прамовай аб прыярытэтах замежнай палітыкі ў Сейме.
У польскім парламенце ўчора адбыўся праграмны выступ міністра замежных спраў краіны на тэму прыярытэтаў замежнай палітыкі Польшчы. Кіраўнік польскай дыпламатыі прамаўляў у прысутнасці прэзідэнта Анджэя Дуды, спікера Сема Шымона Галоўні, старшыні Сенату Малгажаты Кідавы-Блоньскай, былых кіраўнікоў Міністэрства замежных спраў і дыпламатычнага корпусу, дэпутатаў, перадае «Польскае радыё».
Бяспечная Польшча, моцная ў моцным Еўрасаюзе і НАТА, а таксама актыўная і адказная ў міжнародных справах. Такія дыпламатычныя прыярытэты прадставіў у Сейме міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі.
- Моцная Польшча ў моцным Еўрасаюзе, - сказаў міністр, - азначае, што краіна павінна развівацца, таму што яна больш не можа карыстацца перавагай краіны з таннай працоўнай сілай.
Актыўная і адказная Польшча ў глабальнай прасторы азначае, між іншым, аднаўленне ролі Міністэрства замежных спраў як цэнтра выпрацоўкі знешняй палітыкі. Міністр Сікорскі абвясціў, што ягоным прыярытэтам будзе таксама адбудова моцнай і прафесійнай дыпламатычнай службы.
Апроч таго Радаслаў Сікорскі заявіў, што неабходна сціслая міжнародная супраца перад абліччам пагрозы з Усходу, бо Польшча ўжо перажывае розныя формы гібрыднай агрэсіі. Сюды ўваходзяць дэзінфармацыя, кібератакі ды міграцыйны ціск.
- Польшча знаходзіцца ў асаблівым становішчы. Наша мяжа знаходзіцца пад пастаяннай пагрозай з боку Расіі і Беларусі, якія штучна ствараюць міграцыйны ціск з мэтай дэстабілізацыі сітуацыі. Кантроль на мяжы павінен быць гуманным, празрыстым, але і жорсткім. Страх перад некантралюемай міграцыяй падштурхнуў мільёны жыхароў Вялікабрытаніі падтрымаць Brexit - радыкальны сродак, які аказаўся не толькі неэфектыўным, але і горшым за хваробу. Калі мы хочам пазбегнуць гэтых памылак, мы павінны паказаць нашым грамадзянам, што мы можам кіраваць працэсам міграцыі. Умацаванне трансатлантычнай супольнасці будзе адным з прыярытэтаў польскага старшынства ў Радзе Еўрасаюза ў першай палове наступнага году. Патрэбная эфектыўная каардынацыя ў трох сферах: дапамога Украіне, павышэнне бяспекі і санкцыі супраць Расіі і Беларусі.
Радаслаў Сікорскі запэўніў у Сейме, што напад Расіі на любога сябра НАТА непазбежна прывядзе да паразы Крамля. Польскі палітык нагадаў, што ў НАТА ў тры разы больш салдат і самалётаў і ў чатыры разы больш караблёў. На яго думку, Уладзіміру Пуціну варта баяцца сутыкнення з Альянсам.
- Краіны-сябры НАТА і Еўрасаюза маюць агульнае насельніцтва больш за 920 мільёнаў чалавек, а Расія, нават разам з Беларуссю, толькі 153 мільёны, гэта значыць у шэсць разоў менш. Намінальны валавы ўнутраны прадукт краін НАТА і ЕС складае больш за 45 трыльёнаў долараў. Сукупны ВУП Расіі ды Беларусі складае ўсяго 2,2 трыльёна, што ў 20 разоў менш.
Міністр Сікорскі паабяцаў падтрымку еўрапейскіх памкненняў Украіны ды заявіў пра гатоўнасць супрацоўнічаць з Расіяй, але толькі тады, калі яна перастане праводзіць імперскую палітыку. Пакуль жа міністр заклікаў да ўзмацнення санкцыі супраць Расіі ды далучэнне туды Беларусі.
- Важным інструментам у барацьбе з агрэсарам з'яўляюцца дзейсныя санкцыі, уведзеныя ЕС у дачыненні да гэтай краіны. Мы таксама дамагаемся прымянення дадатковых санкцый ЕС у дачыненні да Беларусі. Яны павінны быць сінхранізаваныя з расійскімі, што абмяжуе магчымасць іх абыходу.
Адносна Беларусі міністр замежных спраў Польшчы заявіў, што рэжым у Мінску адказвае за спыненне дыялогу з Захадам, вяртанне да размоў магчыма толькі пры змене знешняй і вонкавай палітыкі беларускіх улад.
- Паступовая васалізацыя Беларусі ад Расіі азначае, што мы таксама павінны ўспрымаць гэтую краіну як пагрозу бяспецы. Палітычны крызіс, які доўжыцца больш за тры гады, парушэнні правоў чалавека, беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі, падтрымка расійскай агрэсіі супраць Украіны, правакаванне міграцыйнага крызісу - усё гэта ўяўляе сур'ёзную пагрозу для ўсяго рэгіёну.
Мы шкадуем аб сітуацыі ў краіне, з якой нас звязваюць шматвяковая агульная гісторыя і моцныя культурныя сувязі. Асаблівую трывогу выклікае становішча польскай нацыянальнай меншасці, якая стала закладнікам рэжыму. Беларускія ўлады нясуць поўную адказнасць за найгоршы стан двухбаковых адносін у гісторыі. У мінулым заўсёды польскія ўрады былі першымі, хто даваў імпульс дыялогу. Сёння мы страцілі ўсялякую надзею. Умовай яе аднаўлення з'яўляюцца змены з беларускага боку.
Калі Аляксандр Лукашэнка хоча вярнуць прастору для вядзення палітыкі паміж Расіяй ды Захадам, ён павінен спачатку паказаць, што ў яго ёсць нейкая аўтаномія. У сакавіку споўнілася трэцяя гадавіна арышту, а ў лютым споўніўся год, як Анджэй Пачобут быў скандальна асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення волі. Мы паслядоўна патрабуем яго вызвалення.
Радаслаў Сікорскі зазначыў, што Польшча будзе падтрымліваць беларускія грамадскія арганізацыі і супрацоўнічаць з дэмакратычнай апазіцыяй, апроч таго Варшава будзе імкнуцца даносіць дакладную інфармацыю да грамадзян Расіі і Беларусі ў рамках барацьбы з прапагандай рэжымаў у Маскве і Мінск