Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Гурт Irdorath, які граў на валынках падчас маршаў пратэсту, вярнуўся на сцэну

13.05.2024 культура
Гурт Irdorath, які граў на валынках падчас маршаў пратэсту, вярнуўся на сцэну

Але ў Нямеччыне.

Першы пасьля трохгадовага перапынку канцэрт гурта Irdorath прайшоў у нямецкім горадзе Асэндорфе пад Брэмэнам, паведамляе «Радыё Свабода».

«Гледачы прыехалі з аддаленых куткоў Нямеччыны, Нідэрляндаў, Люксэмбургу, Літвы, Польшчы, Беларусі і нават Малдовы. Неверагодна», — падзяліліся ўражаньнямі музыкі на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Надзею і Ўладзімера Калачоў, лідэраў фэнтэзі-фолк гурту Irdorath, 14 снежня 2021 засудзілі на два гады калёніі. Іх абвінавацілі па ч. 1 і 2 арт. 342 КК «Арганізацыя дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак», за музычныя выступы на маршах пратэсту ў Менску. З улікам часу, праведзенага ў СІЗА, тэрмін зьняволеньня склаў 1,5 года.

Уладзімер і Надзея — сямейная пара з Горадні. Абодва музыкі былі прызнаныя палітвязьнямі. Музыкаў Пятра Марчанку, Юлію Марчанку і Антона Шніпа з гурту Irdorath таксама засудзілі на 1,5 года калёніі агульнага рэжыму.

Уладзімер адбываў пакараньне ў віцебскай калёніі, Надзея — у жаночай калёніі ў Гомлі. Да гэтага музыкі правялі дзесяць сутак на Акрэсьціна і больш за паўгода ў СІЗА на Валадарскага ў Менску. На волю яны выйшлі ў красавіку 2023 году. Цяпер жывуць у Нямеччыне.

«Калі мы сустрэліся зь ёй першы раз, 21-га красавіка, узялі дуды і пайшлі гуляць на возера... Я даю ёй інструмэнт, мы проста сыходзім на возера гуляць. Правяраць, ці памятаем мы старую праграму. І ўсе справы. А потым селі на траве і пачалі сьпяваць адзін аднаму песьні з турмы», — расказаў Уладзімер у першым інтэрвію пасьля вызваленьня.

«Мне здаецца, свабоднымі па-сапраўднаму мы станем тады, калі будзем стаяць на сцэне са сваім праектам, са сваёй музыкай і нарэшце дзяліцца, натхняць, радаваць, выклікаць эмоцыі», — сказаў ён. У нямецкім Асэндорфе пад Брэмэнам 11 траўня яны правялі свой першы канцэрт пасьля перапынку.

«Ніколі за ўсю гісторыю гурту мы не адчувалі такога пачуцьця яднаньня, як там. Мы былі адзіным цэлым, мы плакалі, сьмяяліся і танчылі разам. Мы адчувалі столькі любові і падтрымкі, што забыліся, што мы музыкі на сцэне. Нам здавалася, што мы зноў у коле блізкіх сяброў з адкрытымі сэрцамі. Так, гэта быў самы душэўны канцэрт у нашым жыцьці. І кожны, хто быў побач, назаўжды застанецца для нас асаблівым», — падзяліліся ўражаньнямі музыкі ў сацсетках.

Новым складам музыкаў гурт падрыхтаваў новую праграму — дзьвюхгадзіннае музычнае шоў, куды ўвайшлі і песьні, напісаныя ў зьняволеньні.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]