Сяргей Навумчык
Ці зробяць беларусы высновы?
Калі я чую прапановы пачаць адлік люстрацыі з 9 жніўня 2020 году — я разумею, што ў Беларусі ня тое што люстрацыі ня будзе — але і за тэрор пачынаючы з 2020 году ніхто ніякай адказнасьці не панясе. Бо кожны, хто цяпер служыць Лукашэнку, хто выкарыстоўвае рэжым для сваіх дабротаў, пасьля свайго пераходу ў апазыцыю, асудзіць дзейнасьць ранейшых праціўнікаў рэжыму. Альбо назаве яе «пазьнякоўшчынай». І гэта будзе нармальна ўспрынята.
Тэма, канешне, шырэй, чым люстрацыя. Толькі адзінкі ня лічаць, што гісторыя супраціву пачалася з моманту іх далучэньня да супраціву. А мэта — найцяплейшае месца пад сонцам.
Вы яшчэ ўбачыце, як лідэры дэмакратычнай апазыцыі Карпянкоў і Азаронак будуць даваць нэгатыўныя ацэнкі цяперашнім палітвязьням — і слухаць іх будуць, раскрыўшы рты.
Ня верыце? Я б таксама не паверыў, палічыў бы абсурдам, калі б 12 красавіка 1995 мне сказалі, што праз нейкі час той, хто ўхваліў зьбіцьцё дэпутатаў і адмываў Лукашэнку, будзе ў «лідэрах дэмакратычнай апазыцыі», а тыя, хто абараняў дэмакратыю і Незалежнасьць, апынуцца ва ўсім вінаватымі.
Беларусь — сапраўды краіна неверагодная. Літаральна ва ўсім. Адчуваньне, што Гасподзь абраў нас для нейкага адмысловага экспэрыменту, вось толькі сэнс яго адгадаць пакуль не ўдаецца. Хіба што — каб паказаць іншым народам, як ня трэба жыць.
Сяргей Навумчык, Facebook