У Нармандыі Зяленскі пакланіўся вэтэрану-амэрыканцу, сыну выхадцаў зь Беларусі.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў часе свайго ўдзелу ў цырымоніі з нагоды 80-й гадавіны высадкі войскаў саюзьнікаў у Нармандыі падзякаваў амэрыканскаму вэтэрану Другой усясьветнай вайны Мэлвіну Гурвіцу за выратаваньне Эўропы ад фашызму, паведамляе «Радыё Свабода».
Як паведаміла выданьне nytimes.com, эмацыйная размова амэрыканскага вэтэрана і ўкраінскага прэзыдэнта трансьлявалася на вялікіх экранах пад воплескі тысяч людзей, якія сабраліся на пляцы Амаха ў Нармандыі (Францыя) 6 чэрвеня, каб адзначыць 80-ю гадавіну падзеі ў часе Другой усясьветнай вайны.
Калі кіраўнікі замежных дэлегацый віталі вэтэранаў Другой усясьветнай вайны, Мэлвіну Гурвіцу спачатку паціснуў руку прэм’ер-міністар Канады Джастын Трудо. Ён жа прадставіў амэрыканскаму вэтэрану прэзыдэнта Ўкраіны.
Уладзімір Зяленскі і Мэлвін Гурвіц, Нармандыя (Францыя), 6 чэрвеня 2024Калі Зяленскі працягнуў руку для вітаньня, Мэлвін Гурвіц паспрабаваў яе пацалаваць. Прэзыдэнт Украіны не дазволіў гэта зрабіць і эмацыйна выгукнуў: «Не-не-не!», прысеў на калені перад вэтэранам і абняў яго.
«Вы выратавалі народ», — сказаў 99-гадовы Мэлвін Гурвіц Зяленскаму, а той яму адказаў: «Не-не-не, гэта вы выратавалі Эўропу. Вы наш герой».
Мэлвін Гурвіц – амэрыканскі вэтэран Другой усясьветнай вайны, сын выхадцаў зь Беларусі. 6 чэрвеня 2024, Нармандыя, ФранцыяАсобу Мэлвіна Гурвіца пацьвердзіла ягоная стрыечная пляменьніца Сара Гурвіц Робі. Яна паведаміла, што яе дзядзька прысутнічаў на цырымоніі ад імя Best Defence Foundation — некамэрцыйнай арганізацыі, якая арганізоўвае сустрэчы для вэтэранаў Другой усясьветнай вайны. Паводле арганізацыі, Мэлвін Гурвіц быў прызваны ў 8-ю ваенна-паветраную армію ЗША і служыў у якасьці радыста на В-17, масіўным бамбавіку, вядомым як Лятучая крэпасьць.