Гэта магла быць правакацыя беларускіх спецслужбаў.
У Вільні адбыўся цэлы ланцужок не надта прыемных падзеяў для беларусаў. Там адбыліся, можна сказаць напады, на Цэнтр беларускай культуры і супольнасці, на беларускую арганізацыю «Дапамога» і з пнеўматыкі абстралялі вокны беларускай царквы Канстанцінопальскага патрыярхата.
Святар Георгій Рой, які служыць у гэтай царкве, пракаментаваў сітуацыю. З ім размаўляў карэспандэнт «Радыё Рацыя».
— Распавядзіце пра акалічнасці гэтага здарэння, хто першы заўважыў пашкоджанае шкло і чаму адразу было вырашана, што гэта пнеўматыка, а не проста нейкі там камень кінулі?
— Заўважыў разбітае шкло я, прычым заўважыў не адразу, некалькі гадзін знаходзіўся ў памяшканні царквы, і потым неяк так сонейка падсвяціла гэтае разбітае шкло. Чаму не камень? Бо мы знайшлі паміж шыбамі металічны шарык, які звычайна выкарыстоўваецца для стральбы з пнеўматыкі. І калі шыбу разбіваюць камянём, яна поўнасцю разлятаецца, а тут такая акуратная круглая адтуліна. А потым нашу версію пацвердзіла і літоўская паліцыя. Мы адразу выклікалі паліцыю і паведамілі пра гэтае здарэнне, бо было зразумела, што гэта не выпадковае там нейкае хуліганства, бо да гэтага мы ведалі ўжо пра пашкоджанае шкло ў Цэнтры беларускай культуры і супольнасці і пару тыдняў таму была пашкоджаная крама «Кропка». І было зразумела, што мы таксама ўвайшлі вось у гэты шэраг.
— То бок для вас не было вялікай нечаканасцю гэтае здарэнне?
Георгій Рой: Не, я, напрыклад, шчыра кажучы, нават думаў, што так можа быць. І так яно і аказалася. Ідзе такая вось серыя правакацый
— Хто ўсё ж такі стаіць за гэтым, на вашую думку?
— Я ўпэўнены, што гэта правакацыі беларускіх спецслужбаў адназначна, і ў мяне няма ніякіх сумневаў.
— То бок ніякім чынам прадстаўнікі літоўскай супольнасці тут не могуць быць задзейнічаныя?
— Не, канешне. Аналізуючы тое, што было раней. Калі там разбілі шыбу ў краме «Кропка», там пакінулі з памылкамі на літоўскай мове нейкія абразлівыя надпісы. Зразумела, што літоўцы так не напісалі б. Адназначна з боку літоўскага грамадства, вось мы паўтары гады, як дзейнічаем, абсалютна ніякіх непрыемных інцыдэнтаў мы не назіралі. Наадварот – такая падтрымка і павага, і шмат літоўцаў проста заходзяць да нас у царкву спытацца, паглядзець. То бок адназначна – не.