Cотні занятыя валянтэрствам і добрачыннасьцю.
Каля беларускага шэлтэру «Замак» у Вільні 5 верасьня невядомыя пакінулі правакацыйны надпіс пра беларусаў. Паліцыя завяла справу, а МЗС Літвы асудзіла акты вандалізму, скіраваныя супраць беларусаў.
А 7 верасьня тут сьвята і Дзень адчыненых дзьвярэй, бо валянтэрская арганізацыя Dapamoga, якая дае прытулак беларусам, што ўцякаюць ад рэпрэсій (больш вядомая пад назвай «Замак»), адзначае 4 гады сваёй працы ў Вільні.
Напярэдадні сьвята журналісты «Радыё Свабода» наведалі вядомы сярод беларусаў шэлтэр і пагаварылі з яго кіраўніцай Натальляй Калегавай.
На старонцы Замка ў інтэрнэце пазначана, што тут рэлякантам даецца часовы прытулак, мэдыцынская дапамога, харчовая, рэчавая, нават невялікая грашовая падтрымка. Карэспандэнт Свабоды найперш запытаўся ў кіраўніцы арганізацыі Натальлі Калегавай, зь якой дапамогай ёсьць найбольшыя цяжкасьці ў арганізатараў шэлтэру.
«Грантаў у нас няма. Мы жывём сваімі сіламі, на ахвяраваныя сродкі, а не на гранты. Адзін аднаго падтрымліваем. Хтосьці больш рукасты, а камусьці складаней, але дапамагаюць тыя, хто больш дасьведчаны. Зараз у Замку вельмі добры калектыў, цалкам з былых палітвязьняў. Вось цяпер займаемся падрыхтоўкай да нашага сьвята, 4-й гадавіны. Але ўсё ж у нас вялікі дом, а наперадзе восень. Арэнды мы ня плацім, бо гэты дом — прыватная ўласьнасьць, але камунальныя плацяжы вялікія. Таму для тых, хто ўжо некалькі месяцаў жыве і мае працу, невялікую квартплату мы ўвялі. Што да валянтэраў і мэнтараў (гэта людзі, якія апякуюцца жыхарамі прытулку. — РС.) дык усе яны добраахвотнікі, якія працуюць не за грошы. Таму спраўляемся, усім хапае і месца і занятку», — кажа Натальля Калегава і праводзіць невялікую экскурсію па Замку.
«На трэцім паверсе людзі начуюць, а другі і першы аддадзеныя пад памяшканьні, дзе можна бавіць час, вучыцца, займацца любімымі справамі. У Замку праходзяць розныя заняткі: займаецца група ёгі, вывучаюць ангельскую і літоўскую мовы, таксама ідуць заняткі ў розных гуртках з дзеткамі. Ёсьць актавая заля для сходаў, вечарын. Мяркую, у нас атрымалася дасягнуць такога ўнікальнага спалучэньня шэлтэру і культурнага цэнтру», — расказвае пра сваю працу кіраўніца цэнтру Dapamoga.
Арганізацыя Dapamoga пачала аказваць падтрымку ўцекачам з Беларусі зь верасьня 2020 году. Першых уцекачоў расьсялялі па Вільні ў апартамэнтах, арандавалі для іх жытло ў прыватных кватэрах, а ўжо потым пачалі сяліць у Замку — катэджы, які належыць сям’і Калегавых.
«А яшчэ сталі дапамагаць праз раздачу харчу, аказаньне кансультацый. Тых, каму дапамаглі, з таго часу больш за 2000 чалавек. Мы нават ужо падліку дакладнага не вядзём, бо гэта і падлічыць немагчыма», — падсумавала кіраўніца шэлтару.
У Замку жывуць выключна ўцекачы зь Беларусі, але яшчэ адзін важны кірунак гуманітаранай дзейнасьці арганізацыі Dapamoga — Украіна. У арганізацыі ёсьць сховішча, адкуль амаль кожны тыдзень ва Ўкраіну адпраўляецца груз гуманітарнай дапамогі — прыкладна 15-20 вялікіх скрынак з адзеньнем ды іншымі рэчамі, патрэбнымі ў жыцьці і гаспадарцы.
«У 2022 годзе раптоўна прыйшла гэтая ўкраінская тэма — і нашы хлопцы падключыліся да той дапамогі, што пацякла ва Ўкраіну з усяго сьвету. Цяпер мы падлічылі, што праз збор і раздачу прадуктаў, праз кансультацыі ды іншае ўжо недзе 5 тысячам украінцам дапамаглі, а яшчэ дзясяткі члавек задзейнічалі як валянтэраў. А пачалося з таго, што нашы беларусы, якія самі тут нічога ня мелі, але якія разумелі, што ёсьць людзі яшчэ ў горшым становішчы, у якіх проста разбураныя ўшчэнт дамы, яна далучыліся да дапамогі ўкраінцам. Езьдзілі на мяжу, зьбіралі дапамогу па ўсёй Літве, перадавалі яе для ўкраінцаў».
«А яшчэ былі і тыя, хто адсюль паехаў бараніць Украіну», — асобна згадала Натальля Калегава.
Натальля прызнаецца, што ў 2024 годзе чакала зьніжэньня колькасьці жыхароў Замка, але памылілася.
«У Беларусі няма канца рэпрэсіям, таму эвакуаваных і тых, хто ўцёк сам, не становіцца меней. Толькі за мінулы месяц я забрала з памежных заставаў і прывезла сюды 10 чалавек, а гэта шмат, раней ня кожны месяц столькі было. Гэта якія ў нас засталіся, а яшчэ былі людзі, якім мы дапамаглі, а яны ў Польшчу зьехалі, бо ў іх былі польскія візы. Было нават гэтак, што размаўляем з чалавекам па тэлефоне, а ён раптам спыняе размову са словамі, што да яго ломяцца ў кватэру», — Нальля Калегава ўспомніла зусім нядаўнюю гісторыю беларуса, якому потым спатрэбілася эвакуацыя.
Паводле кіраўніцы Dapamogi, асноўны фінансавы рэсурс арганізацыі — гэта данаты ад людзей. Праблема, што яны малыя, але добра, што іх шмат і яны не спыняюцца, адзначае Натальля Калегава і раскрывае некаторыя сакрэты.
«Тыя, хто раней сюды прыехаў, хто пасьпеў стаць на ногі, вось яны і данацяць. 10-15 эўра — нехта меней, а нехта болей, па-рознаму. Затое гэта самы надзейны рэсурс. Плюс ён дае незалежнасьць, бо ў яго аснове давер, шчырасьць. Мы не плацім грошай за тое, каб нехта нас рэклямаваў, раскручваў, каб вёў адпаведныя каналы. На гэта няма сродкаў. Бывае, што да часу мы ня можам пра некага расказваць, хто ў нас зь вядомых людзей спыніўся і цяпер жыве. Так, мы гэтак крыху страчваем у інфармацыйнасьці, затое ў бясьпецы выйграем».
Важнае значэньне для арганізацыі маюць валянтэры і дабрачынцы, расказвае Калегава:
«Прыкладам, супрацоўнічаем зь фірмай, якая прадае нам прадукты для раздачы тым, хто мае ў іх патрэбу. Але гэтыя прадукты ж трэба забраць, прывезьці, разгрузіць, захаваць. Гэта ўсё робяць валянтэры. Хоць пару гадзінаў на тыдзень, але гэты час трэба патраціць, і яны яго знаходзяць і не шкадуюць. Гэта ў асноўным беларусы, але ёсьць і адзін літовец, ён з намі з 2020 году. А яшчэ ёсьць літоўскія хлопцы, якія дапамагаюць нам з дастаўкай рэчаў ва Ўкраіну. На складзе запісваюцца, складаюць графік і працуюць па ім. Дарэчы, там жа на складзе працуюць і ўкраінцы. Прымаюць рэчы, сартуюць, выдаюць, прыбіраюць. Таксама валянтэры».
Супрацу валянтэраў з розных краін Натальля называе «вельмі прыгожай гісторыяй». Бо гэтак заводзіцца сяброўства, наладжваецца паразуменьне. Яшчэ кіраўніца шэлтэру згадвае, што літоўцы-валянтэры вядуць у Замку моўныя курсы. «Неўзабаве якраз заняткі адновяцца, — зазначае яна. — А таксама прыходзяць валянтэры з прафсаюзаў і праводзяць для беларускіх уцекачоў кансультацыі ў працоўным заканадаўстве».
Важная група валянтэраў, паводле Натальлі, гэта мэнтары (тыя, без каго «Замак бы абваліўся», жартуе Калегава).
«Вядома, па-рознаму складваецца вынік працы мэнтараў; не скажу, што заўсёды ўсё ўдаецца, як хацелася б. Але людзі аддаюць свой час, сваю душу гэтай справе — гэта галоўнае. Мэнтары нашы, беларусы, літоўцы раней былі, але іх амаль не засталося. Гэта нашы людзі, якія самі калісьці атрымалі такую ж дапамогу і цяпер гатовыя аддаваць назапашаны ў Літве досьвед суайчыньнікам».
Натальля зазначае, што ўсе жыхары Замка — людзі правераныя. Адносна новых жыльцоў Dapamoga апытвае суседзяў па доме ці па двары, шукае зьвесткі ад тых, хто сядзеў у той жа калёніі, спрабуе спраўдзіць тое, што чалавек расказвае пра свае ўцёкі. Тут гэта называецца вэрыфікацыяй, пра якую ўсе ведаюць і пагаджаюцца, што яна патрэбная.
«Але ў нас ёсьць і тыя, хто не сядзеў ані дня, але, прыкладам, удала партызаніў і ўцёк зь Беларусі, бо пагроза рэпрэсій стала занадта блізкай. Такі чалавек ня стаў палівязьнем, але ён рэальна ўцёк з палітычных прычынаў. Такія гісторыі таксама патрабуюць праверкі. А проста рэлякантаў, якія шукаюць новага месца жыхарства па-за Беларусьсю, у нас няма. Непалітычныя да нас могуць прыйсьці на кубак гарбаты па кансультацыю, я займаюся гэтай справай з 2004 году і ў стане даць добрую параду, па пятніцах праводжу такія кансультацыі бясплатна. Прыкладам, бываюць дальнабойнікі ці яшчэ якой прафэсіі людзі, але ў прытулку гэтыя людзі не жывуць. Шэлтар для тых, хто менавіта ўцёк праз пагрозу, а не дзеля лепшай долі», — кажа Калегава.
У Замку цяпер жыве 17 чалавек, кажа Натальля. Паводле кіраўніцы цэнтру, гэтая лічба не пастаянная, бывае і больш. Яна ахвотна дзеліцца дэталямі гаспадарчых клопатаў.
«Вось сёньня мусіць прыехаць яшчэ адзін чалавек. Цьфу-цьфу, толькі б у яго атрымалася... А максымум, які быў, гэта 30 уцекачоў, але гэта ўжо напружана. Тады хлопцы з раскладушкамі пераходзяць на другі паверх. Бывае, што разам з дарослымі засяляецца шмат дзяцей — аднойчы было ажно васьмёра малых. Бегалі па ўсіх калідорах і лесьвіцах, не ўтрымаць. Дарэчы, потым, калі зьедуць, дзеці любяць сюды вяртацца, бо запомнілі часы, што тут пражылі, як такую дзіцячую вольніцу. Ды што дзеці! Адзін айцішнік у нас жыў і сказаў, што Замак для яго — як бабулін дом. А некаторыя параўноўваюць прытулак з скаўцкім лягерам. Гавораць пра незабыўную атмасфэру братэрства. А мне вельмі прыемна, што ёсьць пра нас і такія ўспаміны», — усьміхаецца Натальля Калегава.
Натальля пералічае службы і прафэсіі, якія, на яе думку, найбольш прыхільна ставяцца да палітычных уцекачоў зь Беларусі і таму найперш вартыя ўдзячнасьці. Але не забывае адзначыць і тых, хто заслуговае яе крытыку.
«Перш за ўсё кажам «Ачу!»(дзякуй. — РС.) памежнікам і паліцыянтам. Калі чалавек прайшоў беларускую мяжу і трапіў да літоўскіх памежнікаў, можна ўявіць стрэс, які ён перажыў. І тут літоўскі памежнік частуе яго печывам, дае гарачай кавы. Незабыўны ўспамін! Шмат разоў яго чула. Альбо паліцыянты. Яны суправаджаюць усе нашы мітынгі і шэсьці, ставіцца да нас вельмі прыязна, ахоўваюць, ва ўсім дапамагаюць.
Супрацоўнікі міграцыі, на жаль, ня ўсе заслугоўваюць такіх словаў. Хай на мяне не скрадзяцца, але, я ж займаюся гэтай справай 20 гадоў і скажу, што такога, як цяпер стала, ніколі не было. Каб гэтак не вытрымлівалі тэрмінаў, каб знаходзілі нейкія прычэпкі, яшчэ нешта. Дарэчы, такое пачалося ня толькі адносна беларусаў, але і ўкраінцаў. Лічу, што гэта дрэнна пастаўленая праца.
Але ў нас ёсьць сябры сярод дэпутатаў Сейму, якія, спадзяюся, будуць нас і далей падтрымліваць. Ёсьць сябры ў мэрыі Вільні. Ды ўвогуле скажу, што пасьля 2020 году тут стаўленьне да беларусаў зьмянілася ў лепшы бок. Спачатку быў найвышэйшы пілятаж любові, потым, праз падзеі ва Ўкраіне, сытуацыя крыху зьмянілася, але ўсё роўна застаўся індывідуальны падыход да беларусаў, тут людзі па-ранейшаму добра разумеюць, што такое рэпрэсаваныя. Таму пры кожным моманце мы шчыра паўтараем: «Ачу, Летува!».
7 верасьня а 15:00 Замак чакае да сябе сяброў на ўрачыстую імпрэзу з нагоды чацьвёртага дня народзінаў.