Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Дзеці хлусні шукаюць бацьку

14.05.2009 общество
Дзеці хлусні шукаюць бацьку

На гэтым тыдні выбухнулі дзве бомбы. Ідэалагічныя. На галоўным канале дзяржаўнага тэлебачання.

Улада праз сваіх памагатых паведаміла агаломшаным гледачам пра жудасныя злачынствы, учыненыя “гэтак званай апазіцыяй” супраць тутэйшых дзетак. Прагледзеўшы тыя новатворы, няшчасныя бацькі павінны былі б адразу бегчы ў роднае КДБ. І слёзна прасіць спагады і абароны. Але грамадскага рэзанансу чамусьці пакуль не заўважана. Няйначай, глухая ў нас краіна.

Творчасць падручных улады сур’ёзна разглядаць проста смешна. Яны добрасумленна ствараюць тое, што ў высокага начальства карыстаецца попытам. А якім густам вызначаецца попыт, вядома ўсім. Але тут – размова іншая. Гэта пэўны сімптом. Новая тэндэнцыя. Тэлеведамства выканала ролю мітуслівага салдата, які стрэліў загаддзя і тым выкрыў мімаволі высокім камандваннем падрыхтаваную засаду. Дужа хацелася выслужыцца. Не дачакаліся нават, пакуль дэпутаты падцягнуць цяжкую артылерыю заканадаўства.

Сюжэт першы, “панарамны”, распавёў пра неверагодныя пакуты каліноўцаў – студэнтаў, якія вучацца за мяжой. Праграма імя Каліноўскага дапамагла вярнуцца ў аўдыторыі найперш тым, каго за вальнадумства павыганялі з беларускіх навучальных устаноў. У іх з’явілася магчымасць атрымаць поўнавартасныя дыпломы. Што ж тут кепскага?

Але гэта толькі на наш погляд. А чалавек прыўладны і адказны думае інакш. І галоўнае патрабаванне да нашай слаўнай моладзі – аднастайнасць поглядаў і думак. Каб усе былі аднолькавыя, нібы тыя бублікі. З даўніх савецкіх часоў такая завядзёнка. Спачатку – у піянеры. Потым камсамол. І сёння тое ж. Хочаш вучыцца – уступай у БРСМ. Пакажы, што ты памяркоўны, паслухмяны і кіраўніцтву адданы асабіста. Тады цябе заўважаць. І не пакрыўдзяць. А спрабаваць ісці сваёй дарогай, а тым больш мець уласныя погляды, неабачліва і нават небяспечна. Выганяць умомант са студэнтаў. І школьнікаў не пашкадуюць. Як гэта зрабілі ўжо шмат з кім. Чаго дамагліся Іван Шыла, Франак Вячорка ды іншыя? Выключылі. Здалі ў салдаты. Цяпер камандзіры іх вырашаюць, якія ім газеты чытаць ды на якой мове размаўляць. Такая краіна. Строгая і бескампрамісная.

А ратавацца ад пераследу за мяжой – увогуле глупства. Вось жа гарачы факт – тэлекамера не хлусіць. Ужо вяртаюцца дадому некаторыя з тых, хто вучыўся па праграме Каліноўскага. Былы студэнт распавядае, чаму ён адмовіўся ад навучання ў замежжы. Але тое інтэрв’ю неяк выпадае з агульнага кантэксту. Высвятляецца, што проста засумаваў хлопец па дому. Крыўдна! З гэткіх шчыраванняў прапагандысцкую кашу не зварыш. Аднак ёсць у запасе і больш пераканаўчы аргумент. Каардынатараў праграмы Каліноўскага выкрывае галоўны сведка. І ў гэты адказны момант размываецца ягоная выява на экране. Каб тыя жахлівыя каардынатары не пазналі яго ў твар. Гаротнік усё яшчэ баіцца іх непазбежнай помсты.

Аднак захапіўшыся выкрываннем тых каварных змоўшчыкаў, майстры тэлеэкрана дапусцілі недаравальную памылку. Занадта зацягнулі маналог ананімнага героя. І ўжо добра было бачна, што гэткі інтэлектуал не толькі не вучыўся ні ў якім замежжы, але няйначай і з праграмай пачатковай школы меў неслабы канфлікт. А заказчыку гэтага шэдэўра ўвогуле начхаць на нейкую там адукацыю. Яго па-сапраўднаму цікавіць толькі “Малады фронт”.

А таму ўжо ў сераду балючая тэма зноў вяртаецца на тэлеэкран. Без аніякай маскіроўкі. Дэманструецца амаль што поўгадзінны фільм. Назва адпаведная, у лоб. “Малады фронт. Kidnapping”. Увесь гэты няхітры твор прасякнуты глыбокім спачуваннем улады падманутым бацькам. Злосная апазіцыя крадзе ў іх нявінных дзетак, каб потым скарыстоўваць у якасці масоўкі ў вулічных акцыях. Выканаўцы пачэснага даручэння кіраўніцтва працавалі старанна. Знайшлі бацькоў, які пагадзіліся на незайздросныя ролі. Распавесці пра ўласную дачку, якую невядомы фатограф зняў падчас “Чарнобыльскага шляху”. І нават са схаваным радыёмікрафонам увайсці ў кватэру вядомага маладафронтаўца. Каб выкрыць усю сям’ю. Чаго толькі не зробіш дзеля роднай улады. Нават уласнага сына клапатлівай маці не шкада. Рос жа цудоўным хлопчыкам. На журналістыку збіраўся паступаць. Дабраахвотна пайшоў у БРСМ. І раптам… падумаць страшна!.. Маці-настаўніца знайшла ў яго ўлётку з заклікам ісці на мітынг. Высветлілася, трапіў сын у “Малоды фронт”. Дырэктарка ягонай школы адразу зразумела, што і да чаго: “Проведено зомбирование!”

Новаствораны опус наўрад ці стане хітом. Але сёе-тое тэлебачанню і тут па-сапраўднаму ўдалося. А найперш – павярнуць час назад. Нібы незабыўныя дзевяностыя на двары. І вярнуліся на экраны ўбогія “Дзеці хлусні”. І знайшлі сабе зноў неблагога фундатара. Можна не сумнявацца, што памыяў з яго дапамогай тэлеканал нарыхтуе нямала. Гэбушка працуе нібы брыгада шахцёраў. Капаюць нястомна. Ніводнага сметніка не прамінулі. Толькі вынік нікчымны. А таму ў вогнішча нянавісці ідзе ўсё. Нават парэшткі таго пацука, якім падчас прэзідэнцкіх выбараў палохалі электарат.

Але дакументальнае кіно – рэч небяспечная. Там кожны кадр гаворыць сам за сябе. І часам зусім не тое, чаго хочуць стваральнікі брыдкай агіткі. Яны напэўна і самі не заўважылі, як мімаволі знялі калектыўны партрэт тутэйшага настаўніцтва. У абдымках з роднай уладай. Жудасны атрымаўся партрэцік. Нават просты стукач з папярэдняга сюжэта папрасіць здагадаўся, каб размылі выяву. А гэтыя сораму не маюць.Чаго варты толькі дырэктар школы, які наўпрост на камеру распавядае пра інтымнае жыццё сваёй вучаніцы. І якія цудоўныя нашы хлопчыкі і дзяўчаткі, калі пад наглядам гэткіх вось педагогаў здолелі выбраць свабоду.

У прапагандзе нічога выпадковага няма. І тое, што афіцыйнае тэлебачанне столькі ўвагі надае “Маладому фронту”, ніякая не выпадковасць. Пачалася не проста чарговая кампанія. Гэта вайна. Улада паспрабуе як найхутчэй нанесці паразу моладзеваму супраціву. Усімі сродкамі. Менавіта таму так паспешліва, ужо на веснавой сесіі, мяркуецца разгледзець законапраект, які ўводзіць жорсткую адказнасць за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Ранейшых законаў ім, бачыце, мала.

Насамрэч усё вельмі проста. Чуткі пра тутэйшую лібералізацыю на Захадзе ўспрынялі з нечаканай прыхільнасцю. І ў ружовым тумане ўзаемнага замілавання можна не тоячыся істотна закруціць гайкі. Там ніхто нічога не заўважыць. Тым болей, калі падаць усё ў прывабнай абгортцы. Хто ж будзе супраць барацьбы з экстрэмізмам. Высокая мэта – адпаведныя сродкі. Цікава толькі, ці будзе прызнана праявай экстрэмізму публічнае выказванне высокапастаўленага чыноўніка пра намер бараніць сваё крэсла са зброяй ў руках.

А тое, што ўсё астатняе падпадае пад гэта размытае паняцце, напэўна кожнаму тут зразумела. У нашай краіне ўсё – экстрэмізм. І выхад на плошчу больш за трох чалавек. І бел-чырвона-белы сцяг. І словы пра тое, што жыве Беларусь. І нават малітва перад курапацкім крыжом. Усё можна будзе падвесці пад новы закон. Было б толькі жаданне. А яно ёсць – недарэчнае і неадольнае.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]