Анхела Эспіноса Руіс хоча, каб беларуская паэзія гэта стала заўважнай ў свеце.
«Самае галоўнае, каб паэт пісаў пра тое, што хвалюе ўсіх, але так, як не пісаў ніхто» — лічыць беларускамоўная паэтка з Іспаніі Анхела Эспіноса Руіс.
Аб сваёй творчасці на беларускай мове іспанская паэтка распавяла «Польскаму радыё»:
— Анхела, вы толькі што прадставілі чытачам свой апошні паэтычны зборнік «Астралябія Божых таямніц». Што цяпер пішаце па-беларуску?
— Цяпер пішу шмат на розных мовах, а па-беларуску працягваю пісаць вершы. У планах яшчэ некалькі навуковых артыкулаў на беларускай мове. Паэзія апошнім часам пішацца даволі павольна, але напісанае мне падабаецца. Так што не ведаю, калі будзе наступная кніга, але думаю, што яна будзе падабацца мне больш, чым гэтая.
— Вы працуеце ў Варшаўскім універсітэце, займаецеся навукай. А што выдаеце, акрамя вершаў па-беларуску?
— Я імкнуся цяпер глядзець на беларускую літаратуру праз міжнародную, посткаланіяльную, нават каланіяльную перспектыву. Шукаю аўтараў, якія з’язджалі, экзафаністаў, тых, хто піша на другой роднай мове, каб беларускае прасоўваць на міжнародную сцэну. Хачу, каб гэта стала заўважна ў свеце.
— Вы рыхтуеце нейкія канкрэтныя даследаванні? Можна пра іх некалькі слоў?
— Я пішу манаграфію пра экзафаністаў на беларускай і ўкраінскай мовах — пра такіх людзей, як я сама. Дарэчы, раздзел пра мяне я папрашу напісаць аднаго з калегаў, які займаецца беларускай паэзіяй. Гэта кніга будзе пра іншаземцаў, для якіх беларуская мова не з’яўляецца роднай, але яны выбралі яе як літаратурную мову, на якой ствараюць свае творы. Пішу пра такіх людзей у перыяд з XIX да XXI стагоддзя.
— Вы шмат пішаце па-беларуску. А ці хочацца пісаць і ці пішаце па-іспанску?
— Хочацца ці не хочацца, але часам нешта пішацца. Пераважна мяне цягне пісаць па-беларуску, асабліва калі гэта літаратурная творчасць. Калі даводзіцца пісаць навуковыя артыкулы, часам пішу па-іспанску ці па-англійску, але паэзію найчасцей пішу па-беларуску.
— Самі можаце сабе адказаць на пытанне: чаму беларуская мова вас так прыцягнула?
— Можа, таму, што калі я пачынала вывучаць мову, было вельмі мала матэрыялаў і практыкі. Даводзілася моцна напружвацца, каб здабыць веды. І тая практыка, калі я пісала вершы на беларускай мове, дапамагла мне не толькі зразумець яе лепш, гаварыць на ёй лепш, але і адчуваць яе. Я знайшла ўласны голас на беларускай мове.
— Калі вы шмат пішаце па-беларуску, то, мабыць, і шмат чытаеце. Як вы ацэньваеце сённяшні стан беларускай паэзіі?
— Беларуская паэзія жывая і вельмі здаровая. Асабліва жаночая паэзія паспяхова развіваецца. Ёсць аўтаркі, якія не хочуць, каб іх адносілі да жаночай паэзіі. Але беларускамоўныя паэткі ў прафесійным сэнсе вельмі моцныя. І, як не дзіўна, на высокім узроўні квір-паэзія — вельмі цікава сачыць за гэтым. Я цяпер яшчэ і шмат перакладаю паэзію ў рамках аднаго з праектаў на іспанскую мову, таму пастаянна сачу за тым, што новага з’яўляецца ў беларускай паэзіі.
— На ваш погляд, што самае галоўнае ў паэзіі?
— Самае галоўнае, каб паэт пісаў пра тое, што хвалюе ўсіх, але так, як не пісаў ніхто.
— Хто вашы любімыя паэты?
— Гэта складанае пытанне. Яны змяняюцца з настроем, з тым, што хочацца чытаць. Я вельмі люблю Насту Кудасаву, захапляюся вершамі ранейшых паэтаў. Вершы Караткевіча цэнім не менш, чым прозу, таксама Міхася Стральцова, але я лічу, што Якуб Колас як версіфікатар вельмі недаацэнены. На тэматыку і атмасферу крытыкі звяртаюць увагу, а якасць радкоў абыходзяць. Нядаўна згадвалі Яўгенію Янішчыц, бо была гадавіна яе смерці — гэта таксама адна з маіх улюбёных паэтак.
— Ці можна параўноўваць сучасную беларускую і іспанскую паэзію? У чым іх падабенства і чым розняцца?
— Гэта занадта шырокае пытанне для дакладнага адказу. Заўсёды можна параўноўваць усё з усім. Як любы навуковец, можна стварыць манаграфію або артыкул на любую тэму. Але думаю, варта звярнуць увагу на сучасныя тэндэнцыі маладых аўтараў у Іспаніі і Беларусі. Я імкнуся ў гэтым арыентавацца і бачу, што ў глабальным свеце ёсць агульныя пункты, але нешта канкрэтнае сказаць цяжка.
— Дзякуй за гутарку.