Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Уладальнік Карчмы «1863»: Наша галоўная справа – беларуская свядомаць і вяртанне ў Беларусь з захаванай культурай

10.12.2024 общество
Уладальнік Карчмы «1863»: Наша галоўная справа – беларуская свядомаць і вяртанне ў Беларусь з захаванай культурай

У Вільні ўжо амаль два гады працуе беларускае месца сустрэч.

У Вільні ўжо амаль два гады працуе беларускае месца сустрэч — рэстарацыя “Карчма «1863» (Karčma 1863). Гэта класічная гісторыя поспеху, якая развіваецца насуперак усяму ў літоўскай сталіцы. Адкрылі карчму беларусы ў гістарычным месцы паўстання 1863 года, а ў перадкалядны перыяд запрашаюць на Спеўны сход і традыцыйную беларускую кухню.

“Радыё Рацыя” пагутарыла з з гаспадаром карчмы — акцёрам і настаўнікам Іллём Ясінскім, адзіным публічным саўладальнікам установы, пра калядную праграму віленскай “Карчмы 1863”; як рэстарацыя становіцца “Духам месца” і ці паўплывалі на працу выпадкі вандалізму ў горадзе; а таксама пра памяць пра паўстанне і будучыню беларусаў у выгнанні:

– Давайце пачнем з таго, што ўжо хутка споўніцца два гады, як дзейнічае “Карчма”. Што за гэтыя два гады вы здолелі напрацаваць? Ужо шмат зроблена. Ёсць усталяваная канцэпцыя, створаны свой імідж у Вільні і не толькі. Якія вашы ўражанні ад гэтых двух гадоў працы? Як дзейнасць “Карчмы” развівалася, і ў якім кірунку яна рухаецца?

– Так, сапраўды, два гады. Здаецца, што не так шмат часу прайшло, але за гэты перыяд адбылося вельмі многае. Найпрыемнейшае ў тым, што мы працягваем працаваць, нягледзячы на цяжкасці і складаныя моманты. Мы ўжо былі на мяжы закрыцця, але трымаемся дзякуючы падтрымцы беларусаў, якія жывуць у Вільні, і не толькі. За гэтыя два гады шмат чаго змянілася. У нас некалькі разоў абнаўлялася меню, але мы стабільна захоўваем нашы фірмовыя стравы. Напрыклад, чатыры віды дранікаў: класічныя, заможныя і іншыя. Наведвальнікі з-за мяжы дзівяцца, што ў нас можна пакаштаваць сапраўдныя беларускія дранікі.

– А як цяпер сітуацыя з наведнікамі?

– Большасць нашых гасцей — беларусы. Але, паколькі Вільня з’яўляецца турыстычным цэнтрам, нас наведваюць людзі з розных краін. Спачатку больш за 90% наведвальнікаў былі беларусамі, але паступова мы сталі прыцягваць турыстаў і мясцовых жыхароў. Напрыклад, у нас шмат гасцей з Польшчы. Для іх наша кухня і атмасфера нагадваюць дом. Неяк нас наведаў клуб рэканструктараў з Беластока ў строях паўстанцаў, са зброяй. Гэта была сапраўдная атмасферная падзея! Яны шчыра дзякавалі за тое, што такое месца ёсць у Вільні, і нашы афіцыянты атрымалі шмат добрых слоў.

– А якія планы на снежань? Што вы рыхтуеце да Калядаў і Новага года?

-У снежні ў нас плануецца пачаць Спеўныя сходы з Сержуком Доўгушавым. Гэта культурная ініцыятыва, якая яднае людзей праз беларускія песні. Мы будзем выконваць традыцыйныя карчомскія песні, выкарыстоўваючы спеўнікі, натуральныя інструменты і гукавую падтрымку. Мы запрашаем усіх, хто хоча адчуць беларускую культуру праз музыку. Таксама ў нас будзе зімовае меню, уключаючы фірмовыя настойкі і наліўкі. Мы рыхтуем атмасферныя вечары, дзе можна будзе смачна паесці, паслухаць песні і паглыбіцца ў беларускую традыцыю.

– Як вас знайсці ў Вільні?

– Наша карчма знаходзіцца па адрасе вуліца Бокшта, 2 (Bokšto 2). Гэта ў самым пачатку вуліцы, побач з плошчай, дзе стаіць камень у гонар бога піва Рагуціса. У нашых сутарэннях таксама знаходзіцца адзін з валуноў са старадаўняга капішча. Раней у гэтым будынку быў гатэль, дзе напярэдадні паўстання жылі Серакоўскі і іншыя героі. Мы нават зрабілі шыльду з QR-кодамі, якія распавядаюць пра гісторыю гэтага месца і яго герояў.

Чакаем вас у “Карчме”!

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]