Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Дзе вернікам за мяжой адсвяткаваць Каляды па-беларуску

23.12.2024 общество
Дзе вернікам за мяжой адсвяткаваць Каляды па-беларуску

Расклад святочных набажэнстваў у розных краінах.

25 снежня беларускія хрысціянскія вернікі розных канфесіяў будуць святкаваць Божае Нараджэнне. Гэта і рыма- ды грэка-каталікі, пратэстанты і нават некаторыя праваслаўныя. І калі ў Беларусі знайсці беларускамоўныя калядныя службы няцяжка, за мяжою гэта не так і проста. «Белсат» паспрабаваў дапамагчы беларускім вернікам.

Дзе святкуюць рыма-каталікі

Расклад каталіцкіх святочных набажэнстваў прапануе Душпастырства беларусаў Польшчы.

У Беластоку, у касцёле Маці Божай з Гвадэлупы (Wrocławska 8), святочная імша па-беларуску пачнецца 25 снежня а 13:00. Пасля адбудзецца аплаткавая сустрэча.

Самыя працяглыя святкаванні запланаваныя ў Варшаве. 24 снежня а 19:00 пачнецца супольная вілігійная вячэра ў парафіяльным доме (Książęca 21), а 22:00 – імша-пастэрка ў верхнім касцёле Святога Аляксандра (plac Trzech Krzyży). Пасля імшы да супольнасці завітаюць калядоўнікі Сяргей Доўгушаў і гурт «Касары». 25 снежня адбудуцца дзве імшы: а 10:30 – у касцёле Святой Фаўстыны (парафіяльны дом, Żuromińska 2), аб 11:30 – у ніжнім касцёле Святога Аляксандра.

26 снежня, у дзень святога Сцяпана, першапакутніка, – дзве святочныя імшы:аб 11:30 і а 18:00, пачнуцца ў ніжнім касцёле Святога Аляксандра. 29 снежня, у свята Святой сям’і, пасля імшы аб 11:30 адбудзецца святочны канцэрт у выкананні Таццяны Ячнай і Аляксея Чумакова.

У Гданьску касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі Маці Касцёла і Святой Кацярыны Шведскай (Marynarki Polskiej 148B) запрашае 24 снежня на супольную вілігійную вячэру а 18:00 і на імша-пастэрку а 21:00.

У Кракаве святкаванні адбудуцца ў касцёле Святога Сцяпана (Henryka Sienkiewicza 19). 25 снежня апоўначы – імша-пастэрка з польскаю парафіяй і асобная імша а 15:30. Перад тым, з 15:00, магчымая споведзь.

26 снежня, у дзень святога Сцяпана, аб 11:00 адбудзецца адпустовая святая імша ў гонар апекуна парафіі, якую ўзначаліць кардынал Гжэгаж Рысь, супольна з польскаю парафіяй. 29 снежня, у свята Святой сям’і, а 15:30 – імша з аднаўленнем шлюбных абяцанняў для сакрамэнтальных сем’яў. А 16:15 – малітва праслаўлення.

У Познані ў касцёле Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса і Маці Божай Суцяшальніцы (Szewska 18), 24 снежня а 22:00 пачнецца імша-пастэрка супольна з польскаю парафіяй. Таксама імша супольна з польскаю парафіяй пачнецца 25 снежня аб 11:00. Пасля – аплаткавая сустрэча.

У Вроцлаве ў касцёле Святога Юрыя – пакутніка і Узвышэння святога Крыжа (ul. Biegła 3) імша ва ўрачыстасць Нараджэння Пана пачнецца 25 снежня а 15:00.

Дзе святкуюць грэка-каталікі

У бельгійскім Антвэрпэне ў беларускай парафіі ў гонар святога пакутніка Язафата Полацкага і Уваскрасення Хрыстовага на Lange Beeldekensstraat 22 на 25 снежня на 12:00 запланавалі святочную калядную Боскую літургію. Па яе сканчэнні – святочнае разгаўленне ў плябаніі.

У Варшаве 24 снежня ў рэктарскай царкве Святога Бэна (Piesza 1) адбудзецца Чаканне (Вігілія) Раства Хрыстовага. Пачатак – а 18:00. 25 снежня ўжо ў царкве Успення Прасвятой Багародзіцы (Miodowa,16) чакаецца каляднае набажэнства. Пачатак – 15:30.

У Кракаве ў царкве Узвышэння святога Крыжа (Wiślna 11) 24 снежня адбудзецца літургія святога Яна Златавуснага. Пачатак а 19:00.

Аб 11:30 25 снежня пачнецца святочная боская літургія ў Беларускай царкве Святога Кірылы Тураўскага ў сталіцы Вялікай Брытаніі, Лондане (35a Holden Road).

Дзе святкуюць праваслаўныя

У Вільні Беларуская праваслаўная парафія Канстантынопальскага патрыярхату, якая жыве паводле новаюліянскага календара, запрашае 24 снежня а 19:00 на святочную вячэрнюю літургію на Pilimo g.18 (будынак Рэфармацкай царквы). Падчас вячэрняй каляднай службы запрашаюць праспяваць традыцыйныя беларускія калядкі разам з фальклорным гуртом «Світанак». 25 снежня святочная ранішняя літургія адбудзецца ў будынку Беларускай царквы (Bokšto g. 4). Пачатак а 10:00.

Праваслаўныя беларусы Варшавы збяруцца на святы ў капліцы Святога Грыгола Пэрадзэ (Lelechowska 5). 24 cнежня а 16:00 – вялікае павячэрніца і ютрань. На ўрачыстай літургіі 25 снежня а 10:00 заспяваюць польска- і беларускамоўныя хоры. Пасля літургіі – святочная агапа і супольнае спяванне калядак.

Дзе святкуюць пратэстанты

Хрысціянская супольнасць «Puławska» (Puławska, 114) запрашае беларусаў Варшавы і ваколіцаў адсвяткаваць Каляды разам. Пачатак – у нядзелю 29 снежня а 16:00. У праграме – батлейка ў выкананні Аляксандра Ждановіча (Маляваныча) і ягоных вучняў пра гісторыю, што змяніла свет, майстар-класы, гульні, неспадзяванкі, спевы, танцы, гарбата з прысмакамі.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]