У студзені Цэнтр адзначыць першы год свайго існавання.
Адным з галоўных вынікаў года для беларускай супольнасці Падляшша стала стварэнне Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку як дзяржаўнай установы, перадае «Радыё Рацыя».
У студзені Цэнтр адзначыць першы год свайго існавання.
Як кажа дырэктар гэтай установы Анатоль Вап, ідэя паўстала вельмі даўно:
– Ідэя Цэнтра паўстала даўно. Яшчэ ў канцы 80-ых гадоў беларускае асяроддзе ў Польшчы ставіла гэтае пытанне, калі Польшча стала дэмакратычнай краінай. Пра гэта была таксама размова ў 1992 годзе падчас афіцыйнага візіту Станіслава Шушкевіча і Васіля Быкава, гаварылася пра патрэбу стварэння ў Беластоку Цэнтра беларускай культуры.
За гэтыя гады сітуацыя беларускай меншасці на Падляшшы істотна змянілася, заўважае намесніца дырэктара Цэнтра беларускай культуры – Ілона Карпюк. На яе думку, стварэнне Цэнтра цяпер вельмі своечасовае:
– Відаць, каб захаваць тое, што нам засталося, каб падтрымліваць тых людзей, якія з’яўляюцца носьбітамі беларускасці, такі крок, на фоне нашай краіны і на фоне ўвогуле Еўропы, думаю, зразумелы. Думаю, мы таксама павінны на гэта глядзець: па-першае, ганарыцца, што маем такі Цэнтр, як фундамент далейшай працы.
Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку вырас на глебе карэнных беларусаў, але пасля 2020 года ў рэгіёне з’явілася і шмат беларусаў з Беларусі. Таму цяпер гэта супольная праца, дадае Ілона Карпюк.