Мультыінструменталіст Сяржук Доўгушаў падчас Каляднага тура збіраў аншлагі.
«Калі б Каляды святкаваліся даўжэй, можна было б аб’ехаць болей краін і гарадоў», – так пажартаваў музыка і мультыінструменталіст Сяржук Доўгушаў, вярнуўшыся з Каляднага тура, падчас якога збіраў аншлагі. Геаграфія паездак музыкі ўражвае: Капенгаген, Вільня, Рыга, Талін, Нью-Ёрк, Сіэтл і іншыя гарады ЗША. Па вяртанні «Радыё Рацыя» паразважала з музыкам пра тое, ці запатрабаваная беларуская культура на эміграцыі? А таксама ці не пагражае беларускай культуры ў выгнанні маргіналізацыя?
– Акурат закончыўся твой вельмі доўгі тур, амаль цэлы месяц былі Калядныя канцэрты па ўсім свеце ад Капенгагена да ЗША. Як узнікла ідэя зрабіць вялікі Калядны тур?
– Я арганізоўваю калядныя выступы, арганізоўваю імпрэзы ўжо шмат гадоў. І, напрыклад, вось прыйшоў час ізноў гэта паўтарыць. Я мабыць два гады не ладзіў Каляды ў ЗША, але пачынаючы з 2018 я пачаў праводзіць Каляды. Калі б можна было расцягнуць не на месяц, як у беларусаў Каляды святкуюцца, а на два месяцы, я б канешне і больш наведаў краінаў, больш штатаў, але атрымалася ўсё добра, я лічу. Пачыналі мы з Еўропы, потым я паляцеў на тры з паловай тыдні ў ЗША. Там розныя гарады, розныя суполкі. Таму для мяне цэлая геаграфія кантынентаў і цэлая гісторыя Калядаў, калі сустракаешся з рознымі беларусамі, рознымі суполкамі, і паўсюль чакаюць, чакаюць свята, і бавіш з імі час і сам натхняешся.
– Ці атрымлівалася падобныя Калядныя туры ладзіць, калі быў у Беларусі? І гэта чымсьці адрознівалася ад Каляднага тура ў ЗША?
– Вядома, усё па-іншаму, і самі краіны, і само асяроддзе. Людзі жывуць за мяжой пэўны час. Для іх гэта чаканне нейкага госця, праграмы, нечага свайго, роднага, беларускага, ды з такім захапленнем, з такім уражаннем. У Беларусі часам было тое, што вельмі шмат было мясцовых, рабілі самі і не трэба было госця выклікаць. Я шмат праводзіў у Менску, напрыклад, у філармоніях калі ладзіў ці яшчэ дзесьці, памятаю вялікую колькасць дзяцей, людзей. Гэта звыклая рэч. Мы ў Беларусі на сваёй зямлі, мы робім Каляды. Але была альтэрнатыва. Памятаю, што часам беларускае больш цанілася, таму што хапала розных Дзедаў Марозаў і Снягурак, і праграм такіх, дзе Дзед Мароз і Снягурка, а такіх канкрэтна Каляд, традыцый было ці ў закрытых суполках, ці не так шырока распаўсюджана. Але памятаю апошнія гады – 2019-2020 – вельмі шмат паўсюль каледавалі. І Каляды – гэта ж сапраўды сямейнае свята, і каляднікі маглі хадзіць віншаваць сваіх блізкіх, сяброў.
У мяне ж у гэтым годзе канкрэтна была зроблена адпаведная праграма. Я спецыяльна рабіў маскі. Зорка ў мяне была зроблена майстрамі з Падляшша. Маскі мне рабіла Кацярына Еўдакімава. Яна з Гародні. І зрабіла ўсе адпаведныя маскі, якія прасіў, па традыцыях. У гэтым годзе, напрыклад, у мяне быў Казёл драўляны. Калісьці я дазнаўся, што на Гомельшчыне калядуюць толькі з Казой ці Казлом. Такія маскі зрабілі: Казёл, Мядзьведзь, Дзед, Бусел, Зорка. І я рыхтаваўся. Сама праграма была разнастайная – ад такой музычнай, інтэрактыўна-канцэртнай часткі, да гульнявой. І сама важна было перад фіналам зрабіць супольна, я даваў людзям усе патрэбныя маскі, рэчы і разам мы каледавалі. Напрыканцы трэба было каледаваць, зрабіць гэты абрад. Не проста людзі прыйшлі на канцэрт, але паўдзельнічалі ва ўсім, і патаньчылі, і адсвяткавалі. І сышлі з такім вельмі натхнёным, узрушаным настроем, каб год быў шчаслівы, каб усяго хапала.