Месца ў Еўрапейскім Звязе чакае Беларусь.
Польшча робіць больш за ўсіх для падтрымкі беларусаў, беларускіх незалежных медыя і для падтрымкі беларускіх палітвязняў.
У той жа час, каб паскорыць працэс вызвалення тых, хто зараз па палітычных справах застаецца за кратамі ў Беларусі, трэба ўзмацняць санкцыі на рэжым у Беларусі з боку Еўропы, – паведамiў «Радыё Рацыя» адзін з заснавальнікаў грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя’97» і каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка:
— Хачу сказаць, што я ніколі не чуў ад заходняга палітыка, вось у асобе Радаслава Сікорскага, міністра замежных спраў Польшчы, такой падтрымкі Беларусі, такой ацэнкі беларусаў за ўнёсак у агульнаеўрапейскую спадчыну. І нават вось, як Яўген Вапа сказаў, што Касцюшка ёсць героем еўраатлантычнай прасторы, гэта сапраўды так. І не ўсе беларусы нават ведаюць тое, што сёння сказаў Радаслаў Сікорскі. І гэта вельмі важна, і я вельмі цешуся, што я прадстаўнік Еўрапейскай Беларусі, што тут кажуць, што месца ў Еўрапейскім Звязе чакае нашу краіну.
— Як Вам падаецца, ці дастатковая зараз аказваецца падтрымка дэмакратычнай супольнасці Беларусі, у тым ліку медыя, ці ўздымаецца тэма з палітвязнямі?
— Я думаю, што Польшча робіць больш за ўсіх для падтрымкі беларусаў, для падтрымкі беларускіх незалежных медыя і падтрымкі беларускіх палітвязняў. І гэта не пачалося з 2020 года. Я ўжо 12 гадоў жыву ў Польшчы, пасля 1,5 гадоў у турме пасля падзей 2010 года, я знаходжуся ў Польшчы. Нават быў студэнтам па праграме Каліноўскага для старых палітвязняў. Але сёння складаны перыяд, таму што шмат беларускіх медыя граюць вельмі вялікую ролю для падтрымкі беларусаў унутры краіны. Безумоўна, медыя, праваабарончыя арганізацыі, яны патрабуюць працягу гэтай падтрымкі. Таму што мы ведаем, што для Расеі першай часткай гібрыднай вайны з’яўляецца інфармацыйная. І мы павінны супрацьстаяць не толькі прапагандзе Лукашэнка, але і Пуціна.
— На 2025 год, як Вам падаецца, які асноўны выклік ці выклікі зараз стаяць?
— Зараз увесь свет знаходзіцца, можна сказаць, у турбуленцыі, гэта спраўды так. Ёсць нават у палітыкаў такое, што ёсць 12-гадовы такі цыкл. І ў гэты цыкл заўсёды адбываюцца важныя, нават для Расеі, падзеі. Гэта і 1941 год вайна, і 1953 год – смерць Сталіна, і 1989 год – змяньшэнне ролі камуніцыстычнай партыі. Рэвалюцыі 1905 і 1917 года, яны былі якраз у гэты час. І я магу прагназаваць, што гэты год будзе нялёгкім, але будзе вельмі дынамічным, і гэтыя змены закрануць нашую краіну. Нам трэба быць гатовымі да таго, каб скарыстацца гэтым момантам, як казалі тут на канферэнцыі. Перамагчы ў Беларусі і пачаць тыя рэформы, тыя змены, якія дазволяць нам стаць нармальнай еўрапейскай дзяржавай.
— Коратка, адзін такі галоўны крок ці некалькі галоўных крокаў, якія павінны зрабіць еўрапейскія краіны, каб штосьці мяняць у Беларусі?
— Узмацненне санкцый для вызваленне палітвязняў. Таму што санкцыі эканамічныя, прынятыя Захадам, за ўдзел у вайне, за пасадку самалёта і за міграцыйную вайну. А калі няма рэальных санкцый за парушэнне правоў чалавека, то немагчыма дамаўляцца з Аляксандрам Лукашэнка. Гэта першы крок. І тут я хачу паўтарыць словы Андрэя Саннікава, мы вельмі рашуча падтрымліваем санкцыі. Але мы кажам, што калі Аляксандр Лукашэнка вызваліць усіх палітвязняў, то мы першыя скажам тое, што трэба зняць санкцыі, нават якія ўведзеныя па іншых прычынах.
Зміцер Бандарэнка – удзельнік Форума Касцюшкі, які праходзіў у Гданьску 03 і 04 лютага. Сустрэча высокага роўню была арганізаваная Міністэрствам Замежных Спраў Рэспублікі Польшча ў Еўрапейскім Цэнтры Салідарнасці.