Беларуская блогерша пра рашэнне ўладаў.
Суд у Баранавічах прызнаў 12 лютага 2025 году сацыяльныя сеткі вядомай блогершы Аляксандры Ханевіч «экстрэмісцкімі», перадае «Радыё Рацыя».
Аляксандра лічыць такое прызнанне вельмі дзіўным:
— Я думаю, хіба ім канец прыходзіць. Мне праз месяц 73 гады і я ў сваіх сетках нічога не кажу благога на Беларусь. Я расказваю пра сваё жыццё ў Польшчы, пра знаёмых сваіх. Не ведаю, чым яны думаюць. Напачатку я, як прачытала, што мяне прызнаў Баранавіцкі суд, я нават здзівілася. Божачкі, я ў Баранавічах не была.
Жанчына пакуль не ведае, што ёй рабіць далей са сваімі сацыяльнымі сеткамі:
— Я пра гэта яшчэ падумаю. Бо яшчэ няма сутак, як я ў «новым статусе». Я бачу, што гэтыя «экстрэмісты», з якімі я знаёмая, вельмі добрыя людзі. Улада Беларусі нас толькі яднае і больш нічога з гэтым не зробіць.
Аляксандра Ханевіч ў сваім блогу распавядае пра жыццё ў эміграцыі людзей сталага веку, якія ўжо на пенсіі былі вымушаны пакінуць Радзіму.