Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Паліна Шарэнда-Панасюк: Патрэбны абсалютны злом гэтай сістэмы

25.04.2025 политика
Паліна Шарэнда-Панасюк: Патрэбны абсалютны злом гэтай сістэмы

Праўда пра лукашысцкія канцлагеры для жанчынаў.

Беларускія калоніі ў народзе называюць канцлагерамі, асабліва што тычыцца жанчын-палітвязняў. Жорсткія ўмовы ўтрымання расчалавечваюць, адымаюць здароўе, дэмаралізуюць жанчын, а не дапамагаюць тым, хто трапіў па сапраўднай крыміналцы. Былая палітычная зняволеная, актывістка грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Паліна Шарэнда-Панасюк паразмаўляла з «Радыё Рацыя» на гэту тэму:

– Адміністрацыя калоніі складаецца з тых людзей, якія ў прынцыпе не могуць кагосьці выхаваць, бо яны паводзяць сябе нахабна, па-хамску, подла. І таксама рэжым заточаны пад тое, каб усё горшае, што ёсць у чалавеку, там яно толькі ўдасканальваецца.

Паводле Паліны Шарэнды-Панасюк, пытанні жорсткасці ўмоваў, абмежаванасці медыцынскай дапамогі і сацыяльнай адаптацыі закранаюць прынцыпы правоў чалавека. Але правы чалавека для цяперашняй Беларусі – пусты гук. Хаця іх парушэнне выклікае крытыку як збоку беларускіх праваабаронцаў, так і збоку міжнародных праваабарончых структур.

— Ці ёсць магчымасці ў людзей, які патрапілі па крымінальных непалітічных справах, развівацца там, праходзіць навучанне, то бок мяняцца ў лепшы бок? Калонія ж ў нас лічацца выхаваўчымі ўстановамі.

— Па-першае, адміністрацыя калоніі складаецца з тых людзей, які ў прынцыпе не могуць кагосьці выхаваць. Бо яны паводзяць сябе нахабна, хамскі, подла, то бок ніякіх прыкладаў для выхавання сваімі паводзінамі яны не даюць.

Таксама рэжым: ён заточаны на тое, каб усё горшае, што ёсць у чалавеку — там яно толькі ўдасканальваецца, ва ўмовах таго рэжыму, у які там пастаўленыя людзі. Яго можна назваць «антыдэкалогам»: схлусі, здрадзь, ілжэсьведчы, чаго не жадаеш сабе — пажадай бліжняму свайму, гэтак далей. Усё накіраваны на тое, каб выхаваць самое горшае, што ёсць у чалавеку, ну і па другое, зрабіць усё, каб гэты чалавек зноў туды патрапіў.

Сама гэтая сістэма канцлагераў, дзе чалавек выкарыстоўваецца як дармавая рабочая сіла, -— усё скіравана на тое, каб выйшаўшы за гэту браму, ён ізноў туды патрапіў. Уся сістэма крыміналізацыі, якая сёння існуе ў лукашысцкай Беларусі, пастаўлена на камерцыйную аснову. Існуе камерцыйная зацікаўленасць рэжыму, каб у Беларусі было як мага больш «крымінальнікаў», бо гэта фактычна бясплатная і даволі значная па масавасці працоўная сіла.

— Бывае такое, што жанчыны вязні нараджаюць дзяцей у калоніях. Што з гэтымі дзецьмі адбываецца далей? Ці маці бачыць свае дзіця, на колькі яе адпускаюць да свайго дзіцёнка?

— У Гомелі ў калоніі №4 існуе гэтак званы «Дом маці і дзіцяці», дзе знаходзяцца жанчыны, якіх альбо прывозяць у калонію з маленькімі дзецьмі, альбо ўжо ў калоніі нараджаюць. Там дзеці знаходзяцца да трэцяга года жыцця. Далей перад жанчынай выбар: дзіцёнка альбо перадаюць у дзіцячы дом, альбо забіраюць сваякі жанчыны.

— Маці бачыць свае дзіця? На колькі яе адпускаюць да свайго дзіцёнка?

— Маці прымушаюць працаваць на фабрыцы, як і ўсіх. Толькі некалькі гадзін у дзень яна можа быць са сваім маленькім дзіцёнкам. Калі яна, канешне, гэтага хоча, бо ёсць жанчыны, якія ўвогуле адмаўляюцца да іх хадзіць.

— Жаночыя калонія адрозніваюцца ад мужчынскіх. У мужчынскіх ёсць нейкая герархія, там падзяляюцца на нармальных і «апушчаных». А хто кіруе ў жаночых калоніях побытавымі ўмовамі знутры?

— Адміністрацыя калоніі ставіць сваіх людзей, якія ўсім кіруюць. У жаночых калоніях гэта гэтак званыя загадчыцы атрадаў. Звычайна — гэта жанчыны, што маюць вялікія тэрміны. Яны, безумоўна, ва ўсім супрацоўнічаць з адміністрацыяй, выконваюць яе загады, «стучаць», уціскаюць астатніх жанчын зняволеных. Гэта нават забойцы, людзі з нейкімі цяжкімі крымінальнымі артыкуламі. Яны проста ўжо настолькі звыкліся з калоніяй, адчуваюць там сябе як рыба ў вадзе. Адміністрацыя зачыняе вочы на некаторыя іхнія адступленні ад рэжыму ўтрымання ў калоніі. У іх узаемнае супрацоўніцтва.

— Ці было сяброўства паміж палітычнымі зняволенымі і непалітычнымі звычайнымі крымінальнікамі?

— Былі такія нармальнае прыязныя стаўленні, асабліва калі яны бліжэй пазнаёміліся з палітзняволенымі. Зразумела, што спачатку, перад прыездам палітзняволеных, адміністрацыя ўсіх запалохвала: маўляў, прыедуць гэткія страшэнныя фашысты, якія прадалі радзіму. Асуджаныя спачатку насцярожана ўспрымалі палітзняволеных. Але пасля ўжо бачылі, што гэта нармальныя людзі, шмат у чым даюць прыклад, як можна сябе паводзіць у калоніі. Для гэтых жанчын было шокам нават, што можна проста камусьці добрае слова сказаць, не за штосьці, не за нейкія выгоды, а проста так сказаць. Падзяліцца ведамі, нават нейкімі рэчамі падзяліцца і нічога за гэта не патрабаваць. Для іх гэта было такое адкрыццё, што можна ў такіх умовах быць нармальным чалавекам. І калі простыя зняволеныя бачылі адносіны адміністрацыі калоніі да палітзняволеных, як на іх ціснуць, у іх узнікала вялікае спачуванне і салідарнасць.

— Якімі павінны быць такія ўстановы ў дэмакратычнай Беларусі?

— У дэмакратычнай Беларусі патрэбны абсалютны злом гэтай сістэмы. Гэта сталінская сістэма, якая існуе больш за 100 год, якая фактычна не рэфармавалася. Абсалютна не павінна быць такіх калоній, які ёсць зараз у Беларусі, вось гэтых канцлагераў. Калі цябе асудзілі — мусіш проста правесці гэта тэрмін ў зняволенні, цябе не павінныя прамываць мазгі ідэалогіяй, не павінна быць знявагі над чалавекам, павінны быць нармальныя побытавыя ўмовы ў камерах.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2026 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]