Той незабыўны жнівень выдаўся надта гарачым. І змрочным – зноў пачалася вайна. Там, дзе яе і ў цяжкім сне ўявіць было немагчыма. Вайсковая моц Расіі абрынулася на незалежную Грузію.
Узнік не проста чарговы канфлікт. Пачалося вяртанне былых савецкіх тэрыторый пад расійскі кантроль. Пра свае інтарэсы заявіла імперыя.
Прайшоў час. Вайну на Каўказе намаганнямі дэмакратычных дзяржаў удалося спыніць. Толькі наступствы яе ніяк не адолець. Пэўным чынам яны закранулі нават наша краіну. Здавалася б, бязмежна далёкую ад той недарэчнай вайны. Усходні сусед усё больш настойліва патрабуе прызнаць незалежнасць новаствораных закаўказскіх дзяржаў. А дакладней, у выніку той вайны адарваных ад Грузіі тэрыторый. І ўжо суседскае чынавенства выразна тупае ножкай. Не абы хто, а спікер Дзярждумы выказвае нецярплівае абурэнне: “Белоруссия не торопится признавать независимость Южной Осетии и Абхазии”. І старшыня мясцовай палаткі сарамліва апраўдваецца: “Ведь нигде никогда эти сроки не назывались”.
Тутэйшы рэжым, хітруючы з каварным суседам, нібы наўмысна заганяў сябе ў пастку. Але ж у свой час такім прывабным здаваўся яму голы расійскі кручок – танны нібыта газ. У абмен усяго толькі на нейкія дробязі – падпісанне дамовы аб стварэнні адзінай саюзнай дзяржавы. Ды калі ласка! Хоць цэлы пакет. Тым болей, што адкрывалася ж рэальная перспектыва асабістага кіроўнічага ўварвання на палітычную прастору Расіі. І ў сляпой радасці быў ужо нават сфармуляваны слоган правінцыйнай саманадзейнасці: “Беларусь для меня – пройденный этап!”
Але на той прывабнай прасторы з’явіўся раптам Пуцін. І згаслі ўмомант фантастычныя фарбы шалёнай задумы. І засталася толькі шэрая рэальнасць. Змрочная і безнадзейная. Колькі сёння каштуе “танны” інтэграцыйны газ для Беларусі? Першы віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка ўжо давёў агаломшаным чыноўнікам радасную навіну: з ліпеня – 200 – 205 даляраў за тысячу кубаметраў. Даінтэграваліся!
Дзеля гэтага прадказальнага выніку варта было са звярынай упартасцю з году ў год збіваць на вуліцах і плошчах змагароў за незалежнасць, зацята руйнаваць гісторыю і культуру краіны, ператвараючы яе ў расійскую правінцыю? Поўны крах усёй палітыкі. У выніку шырокамаштабнага інтэграцыйнага эксперыменту толькі пацвердзілася тое, што было даўно ўжо вядома: народу, калі ён хоча заставацца народам, варта больш адказна ставіцца да выбару кандыдатаў на адказныя пасады.
На вялікі жаль, пералік катастрафічных наступстваў на тым яшчэ можа і не скончацца. Дасведчаныя аналітыкі, якія пасля каўказскай вайны прадказвалі беларускі напрамак новай імперскай экспансіі, нічога не выдумлялі. Проста яны добра ведалі тагачасныя крамлёўскія настроі. І напэўна памяталі, якім жалезным тонам быў калісьці агалошаны незабыўны пуцінскі ультыматум пра неадкладнае ўваходжанне Беларусі ў склад Расіі. Шасцю губерніямі. Праглынулі. І паспяшаліся забыць.
Тутэйшы начальнік любіць выхваляцца наконт таго, як старанна ў краіне ўсё адсочваецца і праслухоўваецца. Але куды яму да расійскага ФСБ, якое ў беларускіх справах дасведчана лепш за мясцовыя спецслужбы. У Маскве добра ведаюць, у якім стане рэжым. І скарыстоўваюць ягоныя слабасці адкрыта і бессаромна. Рэжым – банкрут. Замежныя пазыкі дасягнулі пагрозлівых лічбаў. Але патрэбны ўсё большыя сродкі для рэанімацыі няўклюднай, неэфектыўнай эканомікі. З тымі, хто заўсёды з працягнутай рукой, можна і не цырымоніцца. А таму Расія адкрыта пераходзіць да імперскай стратэгіі ўзаемадачыненняў са сваім суседам. Патрабаванне прызнаць Абхазію і Паўднёвую Асецію жорстка ўвязваецца з палітыкай эканамічнай. І вось ужо дыктуюцца прынцыпова новыя цэны на газ. І прымушаюць датэрмінова прадаваць палову акцый “Белтрансгазу”. А стомільярдная рублёвая пазыка ды яшчэ мільярды даляраў, без чаго рэжыму ніяк не абысціся, апынуліся ў наўпроставай залежнасці ад найхутчэйшага прызнання акупаваных расійцамі каўказскіх тэрыторый.
Толькі абяцаныя пазыкі – дробязь у параўнанні з самім фактам і наступствамі зусім верагоднага ўчынку мясцовай дыпламатыі. У дваццаць першым стагоддзі прызнаць законнай анэксію часткі тэрыторыі незалежнай дзяржавы – гэта не проста палітычная памылка. Для Беларусі – гэта катастрофа.
Краіна аўтаматычна выпадае з ліку цывілізаваных дзяржаў. І пераходзіць у катэгорыю краін-ізгояў, якія ігнаруюць сам факт існавання міжнароднага права. Але і гэта яшчэ не самае страшнае. Прызнанне законнасці вырашэння акупантамі лёсу захопленых тэрыторый непазбежна павернецца супраць самой Беларусі. Калі новая стадыя імперскай агрэсіі закране па-сапраўднаму і нашу краіну, ніхто ўжо і слова не скажа ў яе абарону. Самі ж таго дамагаліся.
Сёння чамусьці ўсіх бязмежна хвалююць цэны на газ. А тое, што краінай кіруюць людзі, якія паслядоўна павялічваюць узровень расійскай ваеннай прысутнасці, крок за крокам здаюць незалежнасць, абсалютная большасць нават і не заўважае. Спакою і бесклапотнасці беларускага грамадства можна толькі здзіўляцца. Адказнасць за лёс краіны яно з лёгкасцю пераклала на плечы жменькі маладзёнаў. Гэтым хлопцам і дзяўчатам, бачыце, болей за ўсіх трэба. Яны зацята змагаюцца з азвярэлымі карнікамі. Пратэстуюць на вуліцах і плошчах. Рызыкуючы жыццём, галадаюць у знак пратэсту супраць захопу новых палітвязняў. Падымаюць над краінай яе сапраўдны сцяг. Церпяць пакуты і здзек. І падтрымкі свайго народа чакаюць марна. На дапамогу асабліва ніхто не спяшаецца. І сапраўды, каму тут невядома, што краіну, як тое спрадвеку было, у цяжкі час уратуюць адважныя. Усё тое так. Героі нас абароняць.
Аднак і яны могуць аднойчы стаміцца.