Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Віктар Івашкевіч: Шэсьць аргументаў за байкот выбараў

23.12.2011 политика
Віктар Івашкевіч: Шэсьць аргументаў за байкот выбараў

19 сьнежня гэтага году ў офісе ПБНФ адбыўся круглы стол лідараў «шасьцёркі» (прабачце, яны самі сябе так называюць).

Лідары гэтых партый заявілі, што дапускаюць для сябе магчымасьць удзельнічаць у псэўдавыбарах Палаткі, нават калі ў турмах будуць сядзець палітвязьні і ніякага кантролю за падлікам галасоў не будзе.

Ніякай уцямнай аргументацыі за ўдзел у гэтых дурыбарах партыйныя лідары так і не здолелі сфармуляваць, акрамя тонкіх намёкаў на «тоўстыя акалічнасьці». Але ім у гэтым дапамагла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, якая ў інтэрвію «Эўрарадыё» заявіла: «Калі апазыцыя не пойдзе на выбары, заходнія спонсары пазбавяць яе фінансаваньня, і ні адна партыя, ні адзін рух ня змогуць існаваць далей, таму што ў гэтым выпадку ня будуць атрымліваць сродкі з-за мяжы на падтрымку дэмакратыі».

«Прагматыкі» з беларускіх апазыцыйных партыяў і грамадскіх арганізацыяў, з эўрапейскіх структураў і некаторых незалежных СМІ паціху пачалі аднаўляць кампанію (якая была ўжо заціхла пасьля 19 сьнежня 2010 г.) пад лёзунгам: «Ня трэба рэвалюцыяў, нам трэба эвалюцыя!». Яны заклікаць дэмакратычную грамадскасьць ісьці на «дыялог з рэжымам» і быць у дачыненьнях зь ім «лаяльнымі, пазітыўнымі і канструктыўнымі».

Таму не дзіўна, што сёньня партыйным лідарам «тытульнай апазыцыі» беларусы давяраюць яшчэ меней (12.3%), чым Лукашэнку (20.5%) — паводле сацыялагічнага апытаньня, праведзенага НІСЭПІ ў верасьні гэтага году.

Але, дзякуй Богу, не ўся апазыцыя — «шасьцёрка». Паводле таго ж апытаньня, падтрымліваюць дзейнасьць ініцыятараў Народных сходаў 61.5% беларусаў, як кажуць — адчуйце розьніцу! А ўсё таму, што ініцыятары Народных сходаў арыентуюцца ў сваёй дзейнасьці на настроі і патрэбы беларускіх грамадзянаў, а не замежных спонсараў і «трезвомыслящих людей из КГБ».

Дыялог з рэжымам ці адстаўка дыктатара?

«Прагматыкі» кажуць, што яны ідуць на выбары, каб: «…памяняць свой сённяшні статус дысідэнтаў на статус сыстэмнай парляменцкай апазыцыі і мякка ўплываць на рэжым праз канструктыўны дыялог».

У той жа час, 34.6 % простых (не партыйных) беларусаў лічаць, што апазыцыя павінна патрабаваць і дамагацца тэрміновай адстаўкі А.Лукашэнкі.

Актыўны байкот палаткавых выбараў і наданьне гэтаму байкоту значэньня народнага рэферэндуму аб недаверы Лукашэнку могуць злучыць масу незадаволеных сваім матэрыяльным становішчам беларусаў (73.7% ) і ідэйных змагароў за свабоду (28.3% лічаць сябе ў апазіцыі да рэжыму) ў адзіны моцны Народны рух.

Агульнанацыянальная кампанія байкоту рэжыму можа стаць моцным крокам да адхіленьня дыктатара ад улады.

З чым ісьці да людзей?

«Прагматыкі» кажуць, што яны ідуць на выбары, каб: «…папулярызаваць свае партыйныя праграмы». Але, спытаю я вас, хто прачытаў і запомніў хаця б палову праграмы якой-небудзь партыі?

У той жа час, без усялякіх выбараў, самімі простымі (не партыйнымі) беларусамі былі сфармуляваныя патрабаваньні Народных сходаў да ўлады. І менавіта гэтыя патрабаваньні павінны стаць асновай той «станоўчай праграмы шырокай народнай апазыцыі», зь якой змагары за свабоду павінны ісьці да людзей пры любой нагодзе, а не толькі тады, калі да гэтага закліча спадарыня Ярмошына.

Трэба даводзіць да людзей, што:

1. вызваленьне усіх палітвязьняў і поўнае вяртаньне ім ўсіх грамадзянскіх правоў, а таксама абраньне новага прэзідэнта і новага парлямента на свабодных выбарах прывядзе да аднаўленьня легітымнасьці беларускай улады і вяртаньня да яе даверу з боку беларускіх грамадзянаў і замежных эканамічных партнераў,

2. адмена сыстэмы прымусовых кароткатэрміновых кантрактаў, стымуляваньне гаспадарчай ініцыятывы і прадастаўленьне прадпрыймальнікам магчымасьці ствараць новыя рабочыя месцы створаць умовы для разьняволеньня гаспадарчай ініцыятывы беларускіх грамадзянаў, вяртаньня на Радзіму эканамічных эмігрантаў, палепшаць інвестыцыйныя клімат і імідж Беларусі.

3. спыненьня росту цэнаў і індэксацыі рублёвых укладаў насельніцтва ў адпаведнасьці з курсам беларускага рубля на 1 студзеня 2011 года можна дасягнуць тады, калі выканаць рэкамендацыі Міжнароднага валютнага фонду і правесьці шырокамаштабную прыватызацыю з удзелам фірмаў, якія могуць прынесьці перадавыя тэхналёгіі (у першую чаргу эўрапейскіх і амерыканскіх).

4. індэксаваць заробкі, пенсіі, стыпендыі і адрасную грашовую дапамогу у адпаведнасьці з ростам цэнаў з 1 студзеня 2011 года можна толькі пасьля выкананьня ўсіх папярэдніх пунктаў, бо неабходна ў некалькі разоў падвысіць прадукцыйнасьць працы, каб мець магчымасьць у некалькі разоў падвысіць заробкі, пенсіі і выдаткі на сацыяльную дапамогу.

Як бараніць незалежнасьць?

«Прагматыкі» кажуць, што яны ідуць на выбары, бо: «…рэвалюцыя не ўдалася, a Лукашэнка, хоць і дыктатар, але бароніць беларускую незалежнасьць ад Масквы і трэба супрацоўнічаць зь ім у гэтым накірунку, каб адцягнуць Беларусь ад Расеі і прыцягнуць яе да Эўропы.»

Але відавочна, што менавіта Лукашэнка стрымлівае разьвіццё беларускага грамадства і робіць Беларусь неканкурэнтаздольнай не толькі перад Эўропай, але ўжо і перад Расеяй. Лукашэнка апрыёры ня здольны бараніць незалежнасьць, бо ягоная сыстэма ўлады на 100% залежыць ад датацыяў Крамля, які за апошнія гады канчаткова заціснуў беларускія ўлады ў кут і прымушае плаціць па рахунках. Менавіта Лукашэнка ёсьць галоўная пагроза незалежнасьці Беларусі, а не яе абаронца. І чым хутчэй мы пазбавімся ад гэтай пагрозы, тым хутчэй пазбавімся шторанішняга пытаньня: «ужо прадалі нас Расеі ці яшчэ не?»

Як ісьці да людзей?

«Прагматыкі» кажуць, што яны ідуць на выбары, бо: «…толькі статус кандыдата ў дэпутаты дае законныя правы на перадвыбарчую агітацыю».

Але такія сьцьвярджэньні ёсьць няпраўда, калі не сьвядомы падман.

Паводле закона аб выбарах, «…Грамадзянам Рэспублiкi Беларусь, палiтычным партыям, iншым грамадскім аб’яднаньням…прадастаўляецца права…правядзення агiтацыi за або супраць кандыдата на сходах, мiтынгах, у сродках масавай iнфармацыi, а таксама ў час сустрэч з выбаршчыкамi… Агiтацыя (у тым лiку заклiкi да байкатавання выбараў) не дапускаецца толькі ў дзень галасавання».

Што трэба кантраляваць?

«Прагматыкі» кажуць, што яны ідуць на выбары, бо: «…калі мы не пойдзем на выбары, уладам не будзе патрэбы нічога фальсіфікаваць і тады ўсе прызнаюць Палату легітымнай».

Але справа ў тым, што дэмакратычна настроены электарат пляваць хацеў на розныя «шасьцёркі» і на гэтыя дурыбары ўсё роўна не пойдзе, таму за кандыдатаў «тытульнай» апазыцыі прагаласуюць столькі ж, колькі прагаласавала ў Менску за кандыдата ў прэзідэнты Кастусёва — пяць-дзесяць чалавек (не працэнтаў, а чалавек!) на выбарчы ўчастак.

У той жа час, змагарам за свабоду трэба весьці агітацыйную кампанію па мабілізацыі тысячаў валянтэраў для назіраньня, бо фальшаваньне лічбаў яўкі можна выявіць і даказаць не толькі доступам да выбарчых бюлетэняў і падліку галасоў (што маларэальна), але і праз кантроль за лістамі рэгістрацыі выбаршчыкаў, і праз непасрэдны візуальны ўлік назіральнікам колькасьці людзей, што прыйшлі на ўчасткі і атрымалі бюлетэнь у выбарчых камісіях.

Урэшце можна скарыстацца сыстэмай рэпрэзентатыўнай выбаркі і пракантраляваць толькі частку ўчасткаў (напрыклад, Менск - 295 участкаў, абласныя гарады — 262, вялікія гарады — 299, малыя гарады — 262, вёска — 394, усяго — 1511 участкаў) ), але і гэтага будзе дастаткова, каб сацыёлагі падцьвердзілі вынікі назіраньня.

Выжываць ці перамагаць?

«Прагматыкі» кажуць, што яны ідуць на выбары, бо: «…плецьцю абуха не перашыбеш, сьценку ілбом не праб’еш, а байкотам дыктатара не скінеш».

Натуральна, змагары за свабоду павінны тлумачыць людзям, што на халяву свабода не прыйдзе з-за мяжы, што пасьля перамогі байкоту нам усё роўна не абыйсьціся без усеагульнай забастоўкі і шырокай кампаніі па правядзеньні масавых Народных сходаў.

Нам трэба тлумачыць людзям, што абяззброіць і скруціць бандыта без сінякоў не атрымаецца, але пасьля байкоту зрабіць гэта будзе ўжо нашмат лягчэй.

Вядома, зрабіць спачатку Байкот, а потым - Усеагульную Забастоўку і масавыя Народныя сходы па ўсёй Беларусі вельмі цяжка, але ўсё роўна гэта непараўнальна больш рэальна, чым марыць патрапіць у Палатку са згоды і ласкі дыктатара, нават калі табе нешта і паабяцалі заходнія спонсары ці «трезвомыслящие люди из КГБ».

P.S. 17 сьнежня зьезд партыі Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя даручыў Нацыянальнай Радзе БХД падрыхтаваць і правесці кампанію актыўнага байкоту «выбараў», альбо ў выпадку выканання ўладамі патрабаванняў (неадкладна вызваліць усіх палітычных вязняў, зарэгістраваць усе грамадскія аб'яднанні і палітычныя партыі, замацаваць абавязковае права палітычным партыям дэлегаваць сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў, замацаваць права назіральнікаў наглядаць падлік галасоў такім чынам, каб бачыць волевыяўленне грамадзян у кожным бюлетэні і інш.) - удзелу хрысціянскіх дэмакратаў у палітычнай кампаніі.

21 сьнежня Палітсавет Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі прыняў рашэньне рэкамендаваць зьезду АГП і «шасьцёрцы» падтрымаць ідэю актыўнага байкота.

Надышоў час усім дэмакратычным арганізацыям і іх лідарам публічна і максымальна ясна сфармуляваць сваю пазыцыю.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]