Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Быць людзьмі

13.01.2012 политика
Быць людзьмі

Больш за два месяцы, з 8 лістапада, ніхто не бачыў Андрэя Саннікава.

Праўда, начальнік калоніі «Віцьба-3», дзе Саннікаў знаходзіцца, сцвярджае, што з палітыкам усё добра і ён ні на што не скардзіцца. Каб хто верыў - дык, можа, гаварыў бы, што Андрэй Алегавіч наўпрост адпачывае, нібы ў санаторыі, і таму ўсіх папрасіў яго не турбаваць. Але ніхто не паверыць. Бо найцяжэйшае выпрабаванне -- нічога не ведаць пра сваіх блізкіх: ці жывая маці, ці здаровы сынок, ці не здзекуюцца з таксама асуджанай жонкі?

Здзекуюцца. І з Андрэя, і з Іры Халіп, і з Алы Уладзіміраўны Саннікавай. На нашых вачах здзекуюцца.

За гэтыя два месяцы ім ужо можна было не раз пасівець, затапіць слязьмі Свіслач.

Дзе ён? Чаму яго схавалі ад людскіх вачэй? Чаму не пускаюць адваката?

Што з ім? Збіваюць? Калечаць? Накачваюць псіхатропамі?

Як ён? Трэці месяц у адзіночцы. Без лістоў, без аніякай вестачкі з волі. Адзін. З чалавекападобнымі ахоўнікамі і халоднымі сценамі...

Ад усяго гэтага можна звар’яцець там, у «Віцьбе». Можна звар’яцець тут, на волі. Тое, што робіцца, гэта сапраўдныя катаванні і Саннікава, і ягонай сям’і.

На Раство, падчас тэлевізійнай трансляцыі з Кафедральнага сабора аператар не-не ды і выхопліваў твар немаладой жанчыны ў хустачцы. Аніякай рэлігійнай апантанасці. Яна нібы проста прыслухоўвалася да чагосьці ў сваім сэрцы, нібы адна ў натоўпе размаўляла з Богам. Стомленыя вочы колеру зімовага неба. Змучаны позірк. І нешта такое ў твары, што парадноўвае яго з лікамі на іконах. Аператары афіцыйных тэлеканалаў, магчыма, і не ведалі, што паказалі ўсёй краіне, як Ала Уладзіміраўна Саннікава просіць Бога заступіцца за сына. Моліць, каб уратаваў, каб засцярог.

Больш ёй няма каго прасіць. Хоць на яе баку ўсе законы, якімі неабмежавана дазволены і сустрэчы падабароннага з адвакатам, і ліставанне, і тэлефонныя званкі, і нават спатканні з роднымі ў вызначаныя тэрміны. Але немаведама для каго і дзеля чаго тыя законы пісаліся. Падцерліся імі. І родныя Саннікава нібы б’юцца галавой у сцяну, калі патрабуюць ад турэмшчыкаў элементарнага -- законы выконваць. А тыя - хто нахабна, а хто і вінавата -- толькі ўказваюць ім пальцам уверх: пішыце, маўляў, іншаму начальніку.

Ужо нават не цікава, што гэты самы начальнік сабе думае. Бо, хутчэй за ўсё, нічога ён не думае і не плануе, акрамя аднаго...

Ужо зразумела, што Паўночную Карэю ў Еўропе, дзякаваць Богу, цяпер не пабудуеш. І як толькі паўстане пытанне, хто вінаваты ў бязмежным таптанні законаў і правоў беларусаў, то ясна, на каго ўкажуць пальцам сённяшнія выканаўцы-вінцікі.

Праўда, не зразумела, што ж адбылося з намі, беларусамі? Што ж мы за людзі?

Калі б нехта публічна здзекаваўся з сабакі ці з коткі -- кідаліся б ратаваць, абураліся, гучна гаманілі б: «Якое дзікунства! Які сорам! Як так можна да жывой істоты!» У той жа час на нашых вачах здзекуюцца з людзей, з іхніх сем’яў - але маўчым. Еўропу заклікаем ратаваць беларускіх палітзняволеных, Злучаныя Штаты, на чужых палітыкаў спадзяёмся, на чыюсьці, а не на сваю прыстойнасць і прынцыповасць.

Год мінуў пасля прэзідэнцкіх выбараў, але ні адна апазіцыйная партыя так і не распачала нацыянальную кампанію за вызваленне тых, хто апынуўся за кратамі! Усе на сваіх з’ездах, соймах, замежных сустрэчах, у розных заявах патрабуюць: «Вызваліць!» Але ніхто не пайшоў да людзей з прапановай усім народам падтрымаць гэты заклік. Да тых беларусаў, якія на прэзідэнцкіх выбарах галасавалі за Саннікава, за Статкевіча, за Някляева... І да тых беларусаў, якія ўжо пасля выбараў зразумелі, што іх падманулі. Якія галасавалі за Лукашэнку, але ўсё ж такі за тое, каб у нашай краіне быў закон, а не беззаконне.

Палітыкі мяркуюць: людзі страшэнна напалоханы. Пабаяцца паставіць свой подпіс пад лістом да прэзідэнта з патрабаваннем выпусціць з турмаў палітычных закладнікаў...

Але ці так гэта? Хто на самай справе спалохаўся -- мы ці палітыкі?

Не магу і не хачу верыць, што беларусы, якія падчас вылучэння апазіцыянераў кандыдатамі ў прэзідэнты не баяліся не толькі свае подпісы ставіць, але і пакідаць для праверкі ўсе пашпартныя даныя, цяпер пабаяцца быць людзьмі.

Святлана Калінкіна, «Народная Воля»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]