Мабыць, гэта была самая працяглая размова ў маёй журналісцкай практыцы.
Першы раз з Міхаілам Марынічам мы сустрэліся яшчэ восенню 2009 года. Запісалі першую частку. Ён некуды спяшаўся і абяцаў завітаць яшчэ раз. Але працяг размовы адбыўся толькі ў 2011 годзе. Прычына — рэзкае пагаршэнне здароўя. Тым не менш сваё абяцанне ён выканаў. На мой погляд, гэта і ёсць адна з галоўных рысаў характару Міхаіла Марыніча — трымаць слова, даводзіць усе справы да канца.
На фоне кар’еры
Займаючы кіроўную пасаду, я заставаўся беспартыйным. У той час працаваць інжынерам і быць беспартыйным было рэдкасцю. Я доўга не бачыў сэнсу ва ўступленні ў партыю, але потым акалічнасці прымусілі.
Атрымаў запрашэнне паехаць у камандзіроўку ў Афганістан. Тэрміны пачатку камандзіроўкі падціскалі, таму камуністам стаў без кандыдацкага стажу.
У Афганістане я прабыў тры гады. Гэта былі часы яшчэ да ўводу савецкіх войскаў.
Вярнуўся на радзіму, і адзін з тагачасных беларускіх міністраў Більдзюкевіч прапанаваў мне ўзначаліць буйное будаўнічае ўпраўленне СМУ № 4 Трэста «Белстромрамонт».
Першы сакратар Мінскага гаркама КПСС Барташэвіч запрасіў мяне на работу ў гарадскую адміністрацыю. У гэты час узнік новы сталічны раён — Маскоўскі — і мяне абралі (тады іх не прызначалі) спачатку першым намеснікам, а праз год старшынёй райвыканкаму.
Так у пачатку 1980-х гадоў адбыўся яшчэ адзін паварот службовай кар’еры.
У 1984 годзе стаў намеснікам старшыні Мінскага гарвыканкама і адразу атрымаў даручэнне заняцца будаўніцтвам мінскага метро. Першая лінія сталічнага метрапалітэну была пабудавана пры мне. А за «Усход» нават атрымаў прэмію Савета Міністраў СССР. У 1989 годзе ўзначаліў Мінскі гарвыканкам.
Напачатку 1990-х гадоў была цяжкая эканамічная сітуацыя. Узгадваю важны хвалюючы момант, калі дзясяткі тысяч галодных людзей вышлі на плошчу. Ні прадстаўнікі ўраду, ні прадстаўнікі парламента не рашыліся выйсці тады да натоўпу.
Вячаслаў Кебіч даверыў гэта мне. Моцна перажываў, таму што разумеў — людзям цяжка. Трэба было даць ім упэўненасць, што іх лёс зменіцца ў лепшы бок.
Адзіным інструментам для гэтага было слова, а не як зараз — дубінка і аўтазак.
Мая задача была размаўляць з людзьмі і пераканаць іх. Сапраўдны досвед публічнай палітыкі. Ён моцна мне потым дапамог.
У парламент я прыйшоў як дэпутат, вылучаны ад будаўнікоў метро. Тады было шмат цікавых палітыкаў, яркіх асобаў. Большасць з іх вядома і дагэтуль — Шушкевіч, Лябедзька, Баршчэўскі, Пазняк, Голубеў, Сасноў, Краўчанка.
У Вярхоўным Савеце 12 склікання я працаваў адразу ў дзвюх камісіях. Адна займалася бюджэтам краіны, другая — будаўніцтвам.
Прапаноўваў перайменаваць «Метрапалітэн імя У.І. Леніна» ў «Метрапалітэн імя П. М. Машэрава».
На жаль, дэпутаты гэта не падтрымалі.
Калі стваралі знакамітую антыкарупцыйную камісію, старшынёй прапанавалі стаць мне. Ад новай пасады адмовіўся, бо мне не да спадобы займацца следствам, сачэннем, хапаць кагосьці за руку. Я не бачыў сябе кантралёрам. Тады Шушкевіч пагадзіўся з прапановай наконт Лукашэнкі.
Новая плынь майго жыцця пачалася ў 1994 годзе.
Стаў паслом у Чэхіі, Славакіі і Венгрыі па сумяшчальніцтву. У апошнюю краіну даехаць з вярыцельнымі граматамі нават не паспеў, таму што быў адазваны на пасаду намесніка старшыні камітэта па знешнеэканамічных сувязях.
Я быў першым і адзіным міністрам знешнеэканамічных сувязей Беларусі. Гэта міністэрства праіснавала толькі пяць гадоў (1994–1999) і было перададзена ў склад міністэрства замежных спраў.
Гэта быў перыяд багатых і плённых кантактаў з замежнымі інвестарамі. Частка атрымалася — сумесны праект з немцамі па крэдытнай лініі «Гермес» па рэканструкцыі нафтаперапрацоўчых заводаў, што дазволіла вырабляць бензін больш высокага гатунку, адкрыццё амерыканскага заводу «Кока-Кола», скуранога завода ў Гатава з італьянскімі інвестыцыямі і інш. Але, на жаль, яшчэ больш праектаў не атрымалася — буйныя французскія кампаніі хацелі інвеставаць у льняную галіну і нафтаперапрацоўку. Не была рэалізавана ідэя карэйскіх бізнэсмэнаў па будаўніцтву завода аўтамабіляў «ДЭА», чэшскіх уласнікаў па будаўніцтву аўтазавода «Шкода», быў зачынены завод «Форд» і інш.
Я спрабаваў упэўніваць урад і Лукашэнку, што такія праекты патрэбны Беларусі, але беспаспяхова.
Ужо тады зараджалася дыктатура, і ўпэўніваць у перавагах прыватнай уласнасці і прыходу замежнага капіталу было ўсё цяжэй. Ужо тады стала зразумела, што мая пазіцыя абаронцы інтарэсаў рынкавай эканомікі была ў супрацьстаянні з пазіцыяй Лукашэнкі.
У пачатку 1999 года я стаў амбасадарам у Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі.
У час маёй працы ў Латвіі я канчаткова саспеў як палітычны лідар, які бачыць для сваёй краіны зусім іншыя шляхі развіцця.
Думкі, якія ўзнікалі падчас доўгай працы з міжнароднымі праектамі, аформіліся ў канкрэтную праграму рашэнняў наконт далейшага развіцця Беларусі. Гэта быў важны і галоўны этап у маім жыцці. Вясной 2001 года ў Рызе я напісаў заяву аб тым, што не згодны з палітычным і эканамічным курсам дзеючага прэзідэнта і бяру адпачынак у сувязі з удзелам у прэзідэнцкіх выбарах.
На фоне кратаў
Адразу пасля тых выбараў узначаліў грамадскае аб’яднанне «Дзелавая ініцыятыва». Асацыяцыя гэта адстойвала інтарэсы бізнэсу, але папрацаваць нам доўга не далі. 26 красавіка 2004 года мяне арыштавалі.
«Дзелавая ініцыятыва» пачала дзейнічаць у 2001 годзе, а ў 2003 Міністэрства юстыцыі Беларусі вырашыла, што я незаконна там кірую. Грамадскім арганізацыям стала немагчыма нармальна працаваць у Беларусі, асабліва калі іх дзейнасць не супадала з афіцыйнай лініяй развіцця краіны. А слова «ініцыятыва» ў прынцыпе ў нашай краіне мае негатыўны сэнс.
У пачатку 2004 года «Дзелавая ініцыятыва» арандавала офіс у Мінску. Я ў той час быў у працяглай камандзіроўцы ў ЗША, і ўлада даволі агідна выкарыстала гэты момант. Яны націснулі на гаспадыню, каб тая адмовіла ў арэндзе. Мае паплечнікі былі вымушаны тэрмінова адтуль з’ехаць, а ўсю аргтэхніку — у тым ліку і тую, якая была па дамоўленасці з амерыканскай амбасадай у Мінску — перавесці (пакуль не знойдзем новае памяшканне) у мой гараж. Менавіта гэты факт беларускі КДБ у будучым і выкарыстае, каб абвінаваціць мяне ў крадзяжы гэтай аргтэхнікі. Я разумеў, што ўсё гэта накіравана не супраць дзейнасці арганізацыі, а супраць мяне асабіста.
Адначасова ўзмацніўся ціск па ўсіх напрамках. Штодзённа я бачыў за сабой сачэнне, у тым ліку і ў замежных камандзіроўках.
Праслухоўваліся ўсе тэлефоны. У дзяржаўнай прэсе пачалася кампаніі па дыскрэдытацыі дзейнасці «Дзелавой ініцыятывы». Арганізацыі не давалі адкрыць свае філіі ў рэгіёнах. Пад рознымі прычынамі закрываліся нашы офісы. Толькі ў Мінску за два гады існавання было чатыры пераезды. З неафіцыйных крыніц даведаўся, што ёсць загад мяне «ізаляваць» і рыхтуецца арышт.
У сярэдзіне красавіка 2004 года адбылося таемнае праніканне ў маю кватэру, адкуль зніклі 25 тысяч долараў ЗША. Замкі былі пашкоджаны, але, нягледзячы на гэта, распачынаць крымінальную справу міліцыянты не сталі.
Раніцай 24 красавіка 2004 года ў маёй машыне разбілі шкло і скралі адтуль радыёпрымач і сонцаахоўныя акуляры. А вечарам таго ж дня машына, на якой ехаў я, быццам бы за перабольшванне хуткасці была спынена спецыяльным падраздзяленням ДАІ «Страла».
Потым яны зрабілі спробу даказаць, што я сеў за руль нецвярозым, але і гэта не атрымалася.
У парушэнне канстытуцыйных нормаў, захацелі даглядзець мае асабістыя рэчы. Як толькі я пачаў аспрэчваць гэту спробу, з’явіліся супрацоўнікі КДБ, якія брутальна (без якіх-небудзь санкцый) канфіскавалі дыпламат з асабістымі грашамі. Па гэты дзень 91 тысячу долараў ніхто мне не вярнуў.
Каля васьмі гадзін вечара прывезлі ў следчы камітэт КДБ. Не дазволілі патэлефанаваць ні сваякам, ні адвакату, што, мякка кажучы, незаконна.
Допыт працягваўся амаль да чатырох гадзін раніцы. Яго здымалі схаванай камерай, а потым урыўкі з адпаведнымі каментарамі паказваліся па Беларускаму тэлебачанню.
Затым мяне з КДБ адпусцілі з патрабаваннем прыйсці туды ў 15.00 наступнага дня, быццам бы для таго, каб вярнуць грошы.
Калі я туды прыйшоў, то пачуў, што частка маіх грошаў (41 900 долараў ЗША) быццам бы фальшывая. За гэта мяне і «зачынілі» ў СІЗА КДБ.
У гэты ж дзень адбыўся вобыск на лецішчы і ў гаражы, дзе яны і «знайшлі» амерыканскую аргтэхніку.
Праз тры дні была распачата крымінальная справа, дзе фальшывай валюты ўжо не было. На працягу 8 месяцаў мяне трымалі ў СІЗА КДБ і спрабавалі ўзбуджаць розныя крымінальныя справы. А толькі 30 снежня 2004, нягледзячы на адсутнасць адпаведных доказаў, я быў асуджаны да пяці гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Гэта было адно з самых цяжкіх навагодніх святаў для мяне і маёй сям’і.
Спачатку быў накіраваны на Валадарку, а потым у сумна вядомую Аршанскую калонію.
Больш за тыдзень мяне трымалі без лекаў на вельмі цяжкім этапе, а потым на каранціне ў Аршанскай калоніі. І, як следства, 6 сакавіка 2005 года ў мяне здарыўся інсульт. Спецыялісты-медыкі прыехалі з Мінска толькі праз тыдзень, і мяне перавялі ў сталічную папраўчую калонію нумар адзін, якой больш па былому адрасу не існуе. У лістападзе далі другую групу інваліднасці.
12 сакавіка 2005 года ажаніўся з Таццянай Баранавай, і толькі праз год (14 красавіка 2006 года) адбылося ўмоўна-дэтэрміновае вызваленне.
Мы вымушаны былі пайсці на гэтую фармальнасць у такіх умовах, каб нам дазволілі спатканні. Менавіта ў час хваробы яны былі мне неабходныя. На жаль, шмат хто ў тыя часы не зразумеў гэты вымушаны крок, было шмат каментараў, непаразумення. Лукашэнка не праігнараваў гэты факт і ўзгадаў наша пабранне шлюбам падчас штогадовага звароту да народу і парламента.
На фоне свабоды
Пра тое, што здарылася са мной асабіста, шкадую толькі ў тым сэнсе, што гэта даволі яскрава сведчыць пра тое, якую краіну мы пабудавалі. Вельмі сумна… Я сышоў з вяршыні кар’ернай лесвіцы, але заставацца там і абараняць дзеючы рэжым не бачыў ні сэнсу, ні жадання. Я зрабіў так, як дыктавала мне сэрца.
Мне не сорамна за тое, што зрабіў перад сваімі дзецьмі. Я шчаслівы бацька. У мяне тры сыны. Малодшаму Мішу ў лютым 2012 года будзе 5 гадоў.
Пасля вызвалення не спыніўся змагацца за свае правы і даслаў скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН. Гэта змаганне было істотным не толькі для мяне і маёй сям’і. Я жадаў паказаць іншым, наколькі важна змагацца за свае правы. 4 гады спатрэбілася на доўгія перапіскі і на тое, каб атрымаць доўгачаканае рашэнне Камітэту па правах чалавека ААН. У кастрычніку 2010 года Камітэт прызнаў мяне ахвярай палітычнай расправы. Гэта першы прэцэдэнт у гісторыі Беларусі, калі палітычны зняволены прызнаецца ахвярай Камітэтам па правах чалавека ААН і пацвярджаецца прымяненне ў дачыненне да мяне катаванняў.
Гэтая навіна была вельмі радаснай, але прыйшла ў вельмі цяжкія часы.
Два гады таму ў мяне здарыўся другі інсульт, і лекары не давалі шанцаў.
Цяжка і сёння, не заўсёды цела слухаецца мяне так, як раней, але я знаходжуся ў пастаянным руху і развіцці. У гэтым годзе мы з сям’ёй ездзілі ў падарожжа па Еўропе на аўтамабілі. Паказалі Мішу больш за 15 краін.
Я ўдзячны аднаму псіхолагу, якая сказала мне пасля інсульту: не глядзіце ў мінулае — глядзіце толькі ў будучыню.
У будучыню я гляджу з аптымізмам і чакаю пераменаў зараз ужо не толькі ў сваім жыцці, але галоўнае — у жыцці сваёй краіны.
Я не шкадую, што згубіў за гэты перыяд некаторых людзей, якія былі мне сябрамі… Ці трэба пра гэта шкадаваць? Лічу, што ў гэты перыяд набыў стасункі са многімі людзьмі, і каштоўнасць такіх адносінаў яшчэ больш значная, чым была раней. Сярод іх ёсць і маладыя людзі, дзякуючы якім адбудуцца перамены ў нашай краіне, яскравыя самабытныя асобы, якія ствараюць гісторыю Беларусі.
Аляксандр Тамковіч, «Новы час»