Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Юхневич: Когда ОМОН сделал из людей свалку, я понял, почему произошла трагедия на Немиге

01.06.2009 политика
Юхневич: Когда ОМОН сделал из людей свалку, я понял, почему произошла трагедия на Немиге

Журналист Александр Томкович в своей книге «Будители» публикует интервью с активистом гражданской кампании «Европейская Беларусь» Павлом Юхневичем.

Даведка: Павал Юхневіч нарадзіўся ў 1984 годзе ў Мінску. Актывіст грамадзянскай кампаніі «Джынс — за свабоду!». Адзін з заснавальнікаў маладзёжнага руху «ЗУБР».

— Калі вы пачалі займацца палітыкай?

— У 1999 годзе. Звычайная школа №207, што ў Малінаўцы...

— Няўжо там гэтаму вучаць?

— Не, канешне.

Пачалося ўсё з «Маладога фронту». Дакладней, першы раз туды прыйшоў 16 верасня 1999 года. Як потым сказаў адзін мой сябар, які ўвогуле не мае ніякага дачынення да палітыкі: вось да чаго прыводзіць занадта моцнае захапленне гісторыяй Беларусі. Я цвёрда не ведаю, адкуль гэта ўзнікла, аднак ужо ў 15 гадоў вырашыў, што пайду ў «Малады фронт». Вельмі гэтага жадаў.

Калі ў мяне пытаюцца, як «дайшоў да такога жыцця», то заўжды прыгадваю адзін цікавы выпадак.

...Тады я першы раз прыйшоў на Варвашэні, 8. Пасля пасяджэння Севярынец пытаецца: «Хто ў нас першы раз?» Я падняў руку. Ён сабраў новых людзей вакол сябе, нешта расказваў, задаваў пытанні. У тым ліку і мне: «Чаму прыйшоў у «Малады фронт»?» Я адказаў, што тут бачу людзей, якія хочуць будаваць новую Беларусь. Севярынец пахлопаў мяне па плячы і сказаў: ты будзеш сярод іх. Паша меў рацыю.

Пасля школы пайшоў працаваць.

Працаваў шмат дзе: і на будаўніцтве, і на вытворчасці, і гандляваў на рынку. Апошняе дало шмат для таго, чым я займаюся зараз. Перш за ўсё навыкі камунікацый з рознымі людзьмі. Гэта добрая школа зносін.

— На працы ніколі не было ціску?

— Не, абсалютна. Магчыма таму, што ні разу не працаваў у якой-небудзь дзяржаўнай структуры. Наадварот. Я сваіх поглядаў не хаваў. Заўжды да мяне ставіліся прыязна.

Калі ў Беларусі яшчэ працаваў карэспандэнтам НТБ Павал Селін (у 2002 годзе), ён здымаў вялікі рэпартаж пра Беларусь, які потым быў прызнаны адным з лепшых сюжэтаў года. Там было і пра «ЗУБР». У нас быў перформанс. Мая «роля»— змагар за свабоду, якога вешаюць людзі ў балахонах з надпісамі «КДБ», «МУС» і г.д., аднак прыходзяць «нашы» і вызваляюць. Гэты момант быў уключаны ў рэпартаж, які потым паказвалі два разы. Першы, калі я працаваў на адной рабоце, а другі — ўжо на іншай.

На абедзвюх яго глядзелі. Рэакцыя ва ўсіх была станоўчай, акрамя маіх сваякоў з Іжэўска. Калі яны ўсё ўбачылі, пачалі тэрмінова тэлефанаваць у Мінск: з дзіцем нешта не так, яго вешаюць...

Нармальныя людзі былі і ёсць усюды. Нават калі рабіць высновы з маёй апошняй адсідкі.

— А колькі іх было?

— Пяць.

Розныя тэрміны. Ад двух да дваццаці дзвюх сутак.

— Пачнём з першай...

— 21 ліпеня 2004 года. Акцыя была прысвечана дзесяцігоддзю кіраўніцтва Лукашэнкі. Збор быў аб’яўлены на плошчы Якуба Коласа, але там усё было перакрыта. Таму некалькі соцень чалавек сабраліся каля філармоніі і пайшлі ў бок ЦУМа. За дзень да гэтага Лукашэнка на прэс-канферэнцыі сказаў, што ў нас няма апазіцыі і яго ўсе падтрымліваюць. Можа менавіта па гэтай прычыне спецназаўцы былі без дубінак, але мешаніна ўтварылася страшная. У той момант я зразумеў, чаму ў нашай краіне здарылася трагедыя на Нямізе. Некаторых збілі вельмі моцна. З людзей зрабілі звычайную звалку.

Я дапускаў, што мяне арыштуюць. Падрыхтаваўся як трэба — тапкі, ручнік і г.д. Калі мяне ў Савецкім РУУС аглядалі супрацоўнікі міліцыі, яны пыталіся: ты што, ішоў у басейн? Гэта былі першыя дзесяць сутак.

— А як бацькі паставіліся да таго, што сын апынуўся ў сумна вядомым спецразмеркавальніку на вуліцы Акрэсціна?

— Я адразу ж ім сказаў, што такое магчыма і мне нічога не трэба. Тым не менш перадачу яны прынеслі. Было вельмі прыемна. Потым мне сказалі, што мама перажывала, але я гэтага не заўважыў. Пасля «сутак» прыйшоў дадому — быццам бы ўсё нармальна. Ніякіх асаблівых радасцяў, ніякіх скандалаў. Мае бацькі ўжо звыкліся з тым, што сын — апазіцыянер.

— Вы адзіны з дзяцей?

— Не. Майго малодшага брата завуць Іван. Поўная мне супрацьлегласць. Актывіст БРСМ.

— Якое ўражанне было ад спецразмеркавальніка на Акрэсціна?

— З маіх пяці адсідак чатыры затрыманні адбыліся ў Савецкім раёне, так што мясцовы РУУС і суд я ведаю вельмі добра.

Што датычыць Акрэсціна, то калі параўнаць тое, што ёсць зараз, з тым, што было раней, то апошняе значна лепш. Перш за ўсё таму, што раней былі дазволены прадуктовыя перадачы. Зараз можна перадаваць толькі сокі.

...Тады было лета. На пятыя суткі ў мяне адбылася невялікая своеасаблівая «ломка». Не мог ні спаць, ні есці. Падцягваўся на рашотцы і глядзеў праз краты на свабоду. Я адтуль не злазіў цэлы дзень.

Спачатку ў нашай камеры былі толькі «палітыкі». А потым дабаўлялі ўсіх. Я ніколі не адчуваў негатыўнага стаўлення да сябе там. Тым больш што ў адной камеры гэта і не пажадана. Замкнутая прастора.

Пераход ад свабоды да кратаў залежыць ад таго, наколькі падрыхтаваны да яго чалавек. Мае сябры, якія сядзелі больш разоў і «сутак», чым я, казалі, што калі не падрыхтаваны псіхалагічна, не «настроены» на пасадку, то нават некалькі сутак перажываюцца цяжка.

Сёння ўсё значна горш. Рэжым утрымання стаў больш жорсткім.

Што такое салідарнасць, добра разумееш там. Напрыклад, калі раніцай цябе арыштоўвалі, а вечарам ужо ёсць першая перадача. Апошні раз я сядзеў з людзьмі, у якіх менш за тры «ходкі на зону» няма. Сярод іх нават быў досыць аўтарытэтны ў крымінальных колах чалавек. Дык вось, яны з павагай казалі пра тое, як у нас падтрымліваюць сваіх.

— Калі ласка, раскажыце падрабязна пра апошнія «суткі»?

— Гэта самая вялікая адсідка.

Арыштавалі мяне перад «Еўрапейскім маршам». Затрыманне было вельмі «прыгожым». Пісталет, наручнікі. Побач на капоце ляжыць Мікіта Сасім, які тады быў у касцюме, пры гальштуку і ў белай кашулі. Мы сядзелі ў машыне. Наблізіліся двое. Паказалі пасведчанні. Я сядзеў за вадзіцелем і хацеў выйсці, каб высветліць, у чым справа. На мяне наставілі пісталет. Аператыўнік закрычаў: «Я нервовы, не рухайся!» Нас траіх вывелі з машыны, надзелі наручнікі. Мне, Сасіму і яшчэ аднаму хлопцу, які быў абсалютна ні пры чым. Аказалася, гэта крымінальны вышук.

З адным вадзіцель сам паехаў у міліцыю, а мяне з Сасімам «пагрузілі» ва ўазік. Прычым не ў «клетку», а на задняе сядзенне. На адным з перакрыжаванняў я выскачыў і пабёг. Галоўнай памылкай было тое, што пабёг прама, а трэба было выбраць двары. З той машыны, якую вёў наш сябар, выскачыў аператыўнік і дагнаў мяне. А сябар (не будзь дураком) — па газах. За тое, што я спрабаваў збегчы, прыйшлося паўдня правесці ў наручніках. І, як потым сказаў начальнік крымінальнага вышуку, мне «пашанцавала», што я быў «палітычным», інакш «яшчэ прабачэння ў нас прасіў бы».

Далі 7 сутак, хаця думаў пра 15. Асудзілі за тое, што мы «лаяліся матам каля дзяжурнай часці». Сведкамі былі той, хто мяне даганяў, і дзве маёршы з РУСС . Потым, калі суддзя рыхтаваў рашэнне, а я сказаў пра магчымыя суткі, яны прасілі прабачэння. Маўляў, ім казалі толькі пра нейкі штраф.

Акрамя гэтага, было яшчэ адно затрыманне за тое, што мы хацелі ў прыватным доме паглядзець спектакль «Свабоднага тэатра». Першае пытанне міліцыянтаў было: «Чаму падлога чорная?» Усіх гледачоў і актораў пагрузілі ў аўтобусы і павезлі ў РУУС. А мяне адвезлі ў нейкі апорны пункт, дзе праз тры гадзіны склалі пратакол аб дробным хуліганстве (нібыта я лаяўся і пагражаў супрацоўнікам міліцыі). Раніцай я трапіў у бальніцу і мяне не судзілі.

...Выходзіў у чацвер, а ў панядзелак прыпыняўся тэрмін даўнасці па жнівеньскай справе. За гадзіну да сканчэння 7 сутак арышту мяне вывелі з камеры, павезлі ў суд і далі яшчэ 15 сутак. Адбылося гэта даволі цікава. Суддзю я сказаў, што толькі-толькі быў за кратамі і адвакат, з якім заключана дамова, увогуле нічога не ведае. Суддзя выпісаў павестку на наступны дзень. Я паведаміў аб гэтым міліцыянерам, яны сказалі, што трэба пачакаць, і пачалі некуды тэлефанаваць. Потым прапанавалі праехаць у РУУС, дзе пад роспіс аддадуць мае рэчы. Там склалі яшчэ адзін пратакол, што быццам бы калі мяне выпусцілі, я ішоў па вуліцы і зноў лаяўся матам. На наступны дзень мяне судзілі ўжо па двух пратаколах. Па старым і новым. На свабодзе я не прабыў ні адной хвіліны.

— І апошняе пытанне. Навошта вам гэта ўсё патрэбна? Сядзелі б ціха, не лезлі б у палітыку і не шукалі б прыгод на адно вядомае месца...

— Яшчэ чатыры гады таму я зразумеў, што грамадская дзейнасць менавіта тое, чым я хачу займацца. Я хачу рабіць нешта на карысць Бацькаўшчыны. Я хачу рабіць усё легальна. Без адміністрацыйных арыштаў і крымінальных спраў за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

Пры гэтай уладзе такое немагчыма.

Упэўнены, што змены ў нашай краіне непазбежны. Апошнім часам шмат размаўляў з людзьмі абсалютна розных сацыяльных груп. Усе ўпэўнены, што ў Беларусі хутка павінна нешта адбыцца.

Аўтарскі камэнтар

Даўно ўсім знаёмая праблема «бацькі–дзеці» ў сучаснай Беларусі мае яшчэ і чыста палітычны нюанс. І справа тут не ў якімсьці юнацкім максімалізме. Проста «старшыя таварышы» ўжо другое дзесяцігоддзе займаюць «апазіцыйныя акопы» і не жадаюць амаль нікога туды пускаць.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]