Андрэй Саннікаў сустракае 58-ы дзень народзінаў у турме – і зняволены ён, па сутнасці, па знакамітым 58-м артыкуле. Вось такія ў чалавечым лёсе могуць быць супадзенні.
Калі без яго святкавалі дзень народзінаў Ірыны Халін, я сказаў, што на свой дзень народзінаў ён будзе з намі.
На жаль, я памыліўся. Бо меркаваўся чалавечымі меркамі. Не 58-м артыкулам.
Кожны, хто асуджаны па 58-м (палітычным) артыкуле – гэта hostis publicus. Вораг народа. У рымскім праве – асоба, якая падлягае знішчэнню. Ворагам народа яшчэ ў самым пачатку нашай эры быў названы Нерон. Так што традыцыя даўняя.
Яе падхапілі якабінцы ў часы Французскай рэвалюцыі. "Ворагі народа бароняць себя заклікамі да народа" – казалі яны. Чым не Саннікаў (ці Статкевіч) на Плошчы?
Ворагаў народа судзілі фармальна. Трыбуналам. Пакаранне было прадвызначана. Марат, які называў сябе "сябрам народа", марыў адсекчы 100 000 варожых галоў. Сен-Жуст казаў: "Мы павінны караць не толькі ворагаў". І яны пачалі караць сваіх. Адсеклі галаву Дантону як ангельскаму шпіёну.
У часы рускай рэвалюцыі спрыт гэтых хлопцаў высока ацаніў Ленін. Асабліва яму падабалася тое, як якабінцы распраўляліся з арыстакратамі.
Як распраўляліся з арыстакратамі (па сённяшняму – з інтэлігенцыяй) спачатку Ленін, пры якім у 1922 годзе 58-ы артыкул быў сфармуляваны, а пасля Сталін, пры якім у 1927 годзе 58-ы артыкул быў уведзены, мы ведаем.
Ленін са Сталіным, як і Марат з Дантонам, не саромеліся – і называлі рэчы сваімі імёнамі. Палітычныя зэкі былі палітычнымі. Гэта цяпер іх не стала. Замест іх з'явіліся адмарозкі, тэрарысты. Пятая калона.
Сёння паставіць гільяціну на Плошчы не выпадае. Часы змяніліся. Але прынцыпы ў адносінах "сяброў народа" да ягоных "ворагаў" засталіся нязменнымі.
Саннікаў – прадстаўнік адной з самых інтэлігентных сем'яў Мінска. З усіх кандыдатаў у прэзідэнты, якія ўдзельнічалі ў падзеях 19 снежня 2010 года, ён выглядаў найбольш безабаронным на тле гвалту. Відаць было, як яму няўтульна, па-чалавечы страшна – і якімі намаганнямі, высілкамі спрабуе ён гэтага не выявіць, захаваць спакойную годнасць. Гэта яму ўдалося – і гэта ягоная перамога. Найвялікшая, можа быць, перамога ў ягоным жыцці, праз якую (як бы нас ні намагаліся развесці і што б там ні сталася далей) нязменнай застанецца да яго мая павага.
Найбольш безабаронны прад гвалтам – ён найменш прыстасаваны да турмы. Ва ўнутранай турме КДБ я сядзеў праз дзве камеры ад яго, дакладней, праз камеру і прыбіральню. Чуў, як выводзілі ў прыбіральню Наталлю Радзіну, Насту Палажанку, Іру Халіп. Ягоную жонку. Чуў яе голас і думаў: "І ён жа чуе!..." І што ён адчувае? Асабліва, калі думае, што з ёй абыходзяцца гэтаксама, як і з ім. А як яшчэ думаць?... Чаму павінны абыходзіцца інакш?... Катуюць, зневажаюць – і ён бяссільны зрабіць што-небудзь, абараніць! Гэта ж невыносна!... Як я спачуваў яму!... І як аднаго толькі баяўся: каб не арыштавалі (чым штодня мяне палохалі) маю жонку Вольгу. Бо гэтага я не вытрываю...
Саннікаў вытрываў і гэта.
З днём народзінаў, Андрэй!
Чакаю цябе на волі!
Уладзiмiр Някляеў, «Белорусский партизан»