У нядзелю 29 красавіка адбудуцца 2 экскурсіі па Беларускай Вільні, якія для ўсіх жадаючых правядуць беларускія віленчукі.
Шмат беларусаў збіраецца гэтыя выходны правесці ў Вільні, наведаць забаронены ў Менску канцэрт Крамбамбулі, закупіцца ў віленскіх гіпермаркетах, пасядзець ва ўтульных віленскіх кавярнях. Але Вільня для беларусаў - гэта не проста бліжэйшая еўрапейская сталіца, а старажытная сталіца нашай гістарычнай дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага, можна сказаць, музей беларускай гісторыі пад адкрытым небам. І ў гэтую нядзелю ёсць цудоўная магчымасць наведаць яго разам з беларусамі-віленчукамі, якія пагадзіліся правесці экскурсіі для ўсіх ахвотных беларусаў.
На аглядную экскурсію па беларускіх мясцінах цэнтру нашай гістарычнай сталіцы запрашае Валянцін Стэх. Ён правядзе вас ад Вострай брамы да вежы Гедыміна, пакажа славутыя Базыльянскія муры, якія памятаюць 7 вякоў беларускай гісторыі, друкарню Францішка Скарыны, адкуль амаль 500 гадоў таму сыйшлі з варштату першыя беларускі друкаваныя кнігі, ды шмат іншых віленскіх куточкаў, непасрэдным чынам звязаных з беларускай гісторыяй і яе славутымі дзеячамі. Сустрэча на экскурсію - ля Вострай Брамы ў 12-00.
А ў 16-00 ад галоўнага ўваходу ў Чыгуначны вакзал сустракаюцца ахвотныя патрапіць на экскурсію ў вядомы некропаль могілкі Роса са спадарыняй Людвікай Вітушкай. Разам з ёй вы зможаце наведаць магілы, даведацца пра жыццёвы шлях ды ўшанаваць памяць знакамітых дзеячоў беларускай гісторыі, такіх як браты Іван і Антон Луцкевічы, літаратары Францішак Аляхновіч, Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі) і Уладзіслаў Сыракомля , ксёндз-паэт Казімір Сваяк (Канстанцін Стаповіч), архітэктар Лявон Вітан-Дубейкаўскі, археолаг і гісторык Яўстах Тышкевіч, гісторык Яўхім Лялевель ды многія іншыя.
Экскурсіі бясплатныя, але ахвяраванні экскурсаводам вітаюцца. Тэлефон для кантактаў у Вільні +37060132952 (будзе працаваць 28-29 красавіка).