У электронным выдавецтве «Пяршак» часопіса 34mag.net выйшаў зборнік Васіля Быкава «Пасляжыццё».
У кнігу ўвайшлі аповесці і апавяданні, якія ніколі не друкаваліся пры жыцці аўтара. Спампаваць зборнік можна цалкам бясплатна.
Пад адной вокладкай сабраныя пяць твораў розных часоў напісання. Аповесць «Атака» і апавяданне «Жалезны камандзір» не так даўно былі знойдзеныя ў гарадзенскім архіве аўтара і адносяцца да 1960-х гадоў. Аповесць «Афганец» і апавяданне «Бутэльчына» створаныя ўжо ў незалежнай Беларусі, і гаворка ў іх таксама ідзе пра сучаснасць. Акрамя таго, у зборнік ўвайшла незавершаная аповесць «Бліндаж», распачатая ў 1987 годзе. Усе тэксты выходзяць у аўтарскай рэдакцыі.
«Гэтай кніжкай мы хочам падкрэсліць, што лічым Быкава аўтарам, чытанне якога жыццёва неабходнае для разумення простых чалавечых каштоўнасцяў. Бо вайна паміж геройствам і лайном унутры кожнага з нас, на жаль, не скончыцца ніколі», – адзначаюць прадстаўнікі мультылэйбла «Пяршак».
Пры афармленні кнігі «Пасляжыццё» выкарастаная коміксавая стылістыка. Па словах стваральнікаў лэйбла, гэта зроблена, каб падкрэсліць сучаснасць і актуальнасць прозы Васіля Быкава. «Дызайн выдання – гэта нашая рэфлексія на тое, што адбываецца ўнутры зборніка, – кажуць выдаўцы. – Кожная ілюстрацыя – своеасаблівы ключ да таго ці іншага твора і зборніка ў цэлым». Аўтар ілюстрацый – маладая мастачка Ганна Крук.
Гэта ўжо трэцяя кніга, выдадзеная мультылэйблам «Пяршак». Да гэтага былі прэзентаваныя раман Віктара Марціновіча «Сцюдзёны вырай» і зборнік апавяданняў «Радзіма» Уладзіміра Казлова.
Спампаваць зборнік Васіля Быкава «Пасляжыццё» можна тут http://piarshak.34mag.net/post/vulica-bykava/
Старонка мультылэйбла «Пяршак» http://piarshak.34mag.net/