Чэрвень – месяц Быкава. На прасторы ўсяго ў чатыры дні сышліся незабыўныя даты. 19 – дзень нараджэння. 22 – апошні дзень жыцця. І першы дзень вайны.
Той самай, якая і на яго паслала “пахаронку”. А потым нібы спахапілася, апамяталася. І вярнула ў спісы тых , хто выжыў. Але ўжо не пакінула ніколі.
Сёлетні год – адметны. Краіна адзначае 85-годдзе з дня нараджэння свайго славутага сына. Але нідзе не ўздымецца помнік з гэтай нагоды. І ні вуліцы, ні плошчы сталіца Беларусі не надасць ягонае імя. Абаронца Айчыны, народны пісьменнік, уганараваны за сваю творчасць самымі высокімі прэміямі і ўзнагародамі, дзяржаве гэтай зусім недаспадобы. З ягонай славай яна ніяк не можа пагадзіцца. Бо па вызначэнні не была ўласцівая яму рыса, без якой пашаны тут не дачакацца нікому і ніколі. Улада не любіць таленавітых. Яна аддае перавагу пакорлівым.
У рэдакцыйным уступе да чатырнаццацітомнага збору твораў, які выдаецца намаганнямі асобных грамадзян і, вядома ж, за межамі гэтай ідэалагічна цнатлівай краіны, ёсць дзіўныя словы. “Выданне Поўнага збору твораў – справа навуковых інстытутаў. У сучаснай жа Беларусі творы Васіля Быкава (асабліва апошнія па часе напісання) афіцыйна ігнаруюцца”. Такая вось атрымалася дзяржава. З тупой і злоснай уладай. Творы Быкава надумаліся не заўважаць. Адасобіліся. З гэткім жа поспехам маглі б навальніцу ігнараваць. Або акіян.
Яшчэ пры жыцці людзі ўжо называлі яго Прарокам. Невядома толькі, варта было радавацца з гэткай нагоды ці смуткаваць. Біблія сведчыць, што ў прарокаў лёс незайздросны. Народы не любяць тых, хто ім гаворыць праўду. Літаратуразнаўцы цвердзяць, нібыта творчы шлях пісьменніка пачаўся ў сорак сёмым – з апавядання “Дапякло”, якое надрукавана было першым. А ягоны даўні сябар Рыгор Барадулін у сваім паэтычным слове ўзгадаў калісьці зусім не гэты час. А той бязмежна даўні, калі недзе за вёскаю Бычкі зусім яшчэ малы хлапчук ступіў на першы кволы лёд. Зрэзаў чарацінку і злучыў яе з пяром. Такая атрымалася прылада. Бадай на ўсё жыццё. Кожны радок пазнейшай быкаўскай прозы сведчыць: гэта піша шчырае і чыстае пяро. Абранае аднойчы і назаўжды. Тое, з чарацінкі. Стыло Прарока. Шмат каму нялюбае і ненавіснае.
З самых першых твораў незлічоныя рэдактары і цэнзары пачалі рукапісы пісьменніка ірваць і крэмзаць. Дамагаючыся не ягонай, а той, дазволенай, ухваленай афіцыйнай уладай праўды пра мінулую вайну. А для непажаданай ідэолагі нават адмысловы тэрмін прыдумалі – злосны і, на іх погляд, зневажальны. Акопная праўда. Маўляў, аўтар – усяго нейкі лейтэнант з брудных і пагібельных акопаў. Што ён мог там бачыць – у паласе наступу ці адступлення ягонага пашкуматанага ўзвода. А сапраўдная праўда вялікай і доўгай вайны бачыцца з камандных пунктаў армій ды франтоў. У задумах і загадах амаль што легендарных палкаводцаў.
Магчыма, так яно і ёсць. Але бяда ў тым, што на стратэгічнай вышыні – найперш сухія лічбы. Нумары армій і дывізій. Колькасць адзінак тэхнікі ды боепрыпасаў. І вядома ж, тых, хто лічыцца асабовым складам вайсковых частак і злучэнняў. А ў лейтэнанта Быкава ў траншэі – жывыя людзі. Яны змагаюцца. Пакутуюць. І гінуць. Ад варожага няспыннага агню. Ад глупства і абыякавасці да іх лёсу тых, хто на вышынях недасяжных. Пра тое, як часам сыходзяцца разам дзве гэтыя праўды, ён распавёў калісьці ў размове з Алесем Адамовічам. “Ведаеш, тады мы мала што разумелі. Калатнеча была страшэнная, усё пераблыталася. Цяпер пачалі друкаваць мемуары нашы палкаводцы, маршалы. І вось я прачытаў. У Маліноўскага… Ён напісаў, што немцы разграмілі Трэці Украінскі фронт і выйшлі да Дуная. Склалася такая сітуацыя, што Сталін дазволіў Маліноўскаму і Талбухіну самім рашаць: ці пакінуць гэтыя разгромленыя часці на правым беразе Дуная, ці эвакуіраваць фронт на левы бераг. А ведаеш, што такое фронт эвакуіраваць? Пераправы было ўсяго толькі дзве, пантонныя… Пайшла шуга якраз у гэтыя дні. І абедзьве пераправы разарвала і знесла. Выратоўвалі самі сябе…
А ў маім палку, адкуль я па раненні выбыў тады трошкі раней, амаль усе палеглі. Якраз на нашым участку быў прарыў… Зараз наладжваюцца сустрэчы франтавікоў. І я ўсё пытаюся: хто ёсць з 924-га палка? Нікога няма…”
Не, не тыя маршалы адказныя за гэты ды іншыя разгромы і людскія незлічоныя страты. Гэта лейтэнант Быкаў быў вінаваты ва ўсіх паразах. Навошта ён пра тое пісаў? “Трэцяя ракета”, “Дажыць да світання”, “Яго батальён”, “Сотнікаў”, “Круглянскі мост”, “Знак бяды”, “Мёртвым не баліць”… Без ягоых кніг як прыгожа выглядала б вайна. Таленавітыя савецкія маршалы. Напрамак галоўнага ўдару. Чырвоныя стрэлы на карце, скіраваныя на Берлін. Немцы гінуць і гінуць. Чырвоныя наступаюць.
А тут – вайна ў іншым вымярэнні. Дзе чалавечае жыццё ў планах палкаводцаў і стратэгаў не вартае нічога. А смерць – акалічнасць, не болей. Хіба яму маглі такое дараваць?
Прайшлі гады. Дзесяцігоддзі. Непазнавальна змяніўся свет. А злосная савецкая ўлада ўзнікае ў новых і новых праявах. І па-ранейшаму помсціць яму за кнігі, часу непадуладныя. І вядома, за талент. Нянавісцю. Беспамяцтвам. Забыццём. А бездапаможны люд глытае сорам. Ён з тым не згодзен, але… але… Што ж, напэўна дзве праўды бываюць не толькі на вайне. І ў выгнанні могуць заставацца нават тыя, хто сышоў у нябыт.
Да Быкава краіна пакуль не дарасла.