Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Нож у спіну, ці Пра салідарнасць з палітвязнямі

12.07.2012 политика
Нож у спіну, ці Пра салідарнасць з палітвязнямі

Вы ўсё спрабуеце гуляць з рэжымам у шахматы, а так не атрымаецца.

Напісаць гэтыя радкі мяне прымусіла рэакцыя,  а дакладней, яе поўная адсутнасць на інфармацыю пра пагрозу завядзення новай крымінальнай справы на Змітра Дашкевіча з боку, здавалася б, сваіх – нашай апазіцыі.

Вы спытаецеся, чаму я не казала пра гэта падчас нашай апошняй сустрэчы? Цяжка гаварыць пра такія рэчы між справамі, таму цяпер я дазволю сабе зняць дзелавы пінжак і выказацца па-жаночаму, як нявеста палітвязня.

Спадарства, таварышы, калегі; кансерватыўныя і прагрэсіўныя;  прыхільнікі “старой меншасці” ды “новай большасці” – ды якая ў прынцыпе розніца, як хто завецца? Ніхто з вас чамусьці не выказаў ні слова ў салідарнасць з Дашкевічам…

Не так даўно, яшчэ паўтара года таму, на свабодзе Зміцер штодня гутарыў з вамі па тэлефоне, сустракаўся за кубкам кавы, абмяркоўваў бягучыя палітычныя справы ды выказваў прагнозы на прэзідэнцкія выбары. Вы рукаліся, жартавалі, ляпалі  адзін аднаго па плячы… Цяпер вы і працягваеце сустракацца між сабой ў тых самых кавярнях за куфлямі халоднага піва, будаваць новыя планы, рабіць палітычныя прагнозы, абмяркоўваць, хто што напісаў у фэйсбуку ці запосціў у Твітары. Змітра (не гаворачы ўжо пра іншых палітвязняў) вы выкраслілі са сваёй тусоўкі, быццам бы ён не з’яўляецца адным з найбольш аддадзеных і перспектыўных палітычных лідараў новай Беларусі.

Чаму выкраслілі?  Што гэта – свядомае знішчэнне палітычнага апанента, звычайная апатыя ды абыякавасць, боязь патрапіць у няміласць за падтрымку моладзевага лідара, вядомага сваёй радыкальнай і прынцыповай пазіцыяй? Пакуль вы абмяркоўваеце, на чым – метро ці маршрутцы – зручней ездзіць; шукаеце, дзе б дастаць тых самых плюшавых мядзьведзікаў ды спрачаецеся, якая стратэгія лепш у гэтых усё адно безвыніковых выбарах,  Зміцер штодня вымушаны змагацца за сябе, за сваё вызваленне і сваё жыццё.

Што гэта такое – “яўка з павіннай”, якую агучыў Зміцер Дашкевіч?  Гэта значыць – не падпарадкоўвацца любым патрабаванням адміністрацыі калоніі. Не ходзіш на шыхтаванне і зарадку – адседзь 15 сутак у ШЫЗА, у цеснай сырой камеры, дзе не выдаюць бялізну і матрац, нельга чытаць, забаронена ліставанне. Не ходзіш у сталоўку – харчуйся месяц тым, што здолеў набыць на 100 тыс. у мясцовай краме. Не ходзіш на працу – і ты пазбаўлены перадачы і спаткання раз на тры месяцы. Гэта ўсё цягне закрыты суд і дадатковы тэрмін па арт.411 КК за парушэнне правілаў адбыцця пакарання, то бок – яшчэ “накінуты” год, потым – два, і так – да бясконцасці. Як вы думаеце, ці проста даецца гэтае змаганне супраць сістэмы пад бесперапынны брэх байцоўскіх сабак і дулы канваірскіх аўтаматаў?…

“Яўка з павіннай ” – гэта заступніцтва за ўсіх палітвязняў са словамі: перастаньце ламаць нас турмою ў турме, мы не баімся і не дазволім!

У мінулы раз у 2007 годзе ў Шклоўскай калоніі на яго завялі крымінальную справу за адмову сведчыць супраць свайго сябра і паплечніка Івана Шылы. Многія казалі: нашто гэты радыкалізм? Можна ж было схітрыць, прыкінуцца дурненькім,альбо чалавекам з кепскаю памяццю, але для  Змітра  быў важны сам факт: сведчанне супраць сябра. Ён і раней адмаўляўся супрацоўнічаць са следствам, нават у турме  адказваў сваё адназначнае “не”.  “Борзы ці  што?” – як любяць пытацца беларускія амапаўцы, і самі часам і адказваюць  – “ды бачу, што борзы!”

Зьміцер слушна паступіў. Ён выбраў шлях Чалавека, а не раба. Зміцер вельмі хоча на свабоду, але яшчэ больш ён хоча застацца годным чалавекам. Там, у турме не гуляюць на публіку, не турбуюцца пра імідж. Там галоўнае – не даць сябе зламаць . Ён абраў вельмі няпросты шлях. І мне прызнаюся вельмі страшна за яго. Мне давялося прабыць усяго 2 месяцы ў “амерыканцы” пасля выбараў у 2010 годзе, таму я ўяўляю, наколькі гэта цяжка ўвесь час знаходзіцца пад пагрозаю правакацыі з боку “падсадных” зэкаў, без сустрэчаў з роднымі людзьмі. За гэтыя паўтара года я атрымала каля 300 лістоў ад Змітра, а бачылася з ім толькі двойчы – на судзе і падчас пахавання яго маці.

Цяпер Змітру пагражае дадатковы год турмы. Камусьці гэты тэрмін можа падацца малым – маўляў, час ляціць так хутка!…Узгадайце выцвілыя вочы, знясіленую постаць многіх тых, хто выйшаў з турмы праз год пасля выбараў-2010 – нават год у зняволенні здольны знішчыць чалавека. Ды не дадуць Змітру новы тэрмін, не асмеляцца – можаце сказаць вы. А чаму не дадуць? Ці нашыя ўлады не здольныя катаваць людзей да бясконцасці?

Калісьці мужны Мікіта Ліхавід адмовіўся падпарадкоўвацца ўсім турэмным патрабаваннем , ён праседзеў звыш 2,5 месяцаў у ШЫЗА. Зміцер ужо адседзеў агулам год у ШЫЗА і камеры крытага тыпу.  Можа, хопіць?

Кожны з нас можа паўплываць на лёс Змітра Дашкевіча і іншых палітвязняў.

Што можна зрабіць? Як мінімум:

1. палітыкі – уздымаць праблему палітвязняў на ўсіх сустрэчах, як унутры Беларусі так і па-за яе межамі; дамагацца сустрэч і рэакцый высокапастаўленых еўрапейскіх чыноўнікаў на праблему палітвязняў;  арганізоўваць кампаніі салідарнасці з палітвязнямі, незалежна ад таго, ці з’яўляюцца яны сябрамі вашых партыяў ці кампаній; не ленавацца выказваць пазіцыі сваіх структураў па праблемах палітвязняў. Уявіце, што сядзяць вашыя дзеці-бацькі-браты, што б вы тады рабілі?

2. журналісты – проста пісаць пра палітвязняў. Так, гэтая тэма не штодня дае цікавыя інфармацыйныя нагоды, але вашыя артыкулы рэальна палягчаюць існаванне палітвязняў у турмах: нагадваюць ім, што пра іх памятаюць;

3. эмігранты – абіваць парогі ўсіх заходніх структураў, даносіць ім інфармацыю пра палітвязняў; працаваць з беларускімі прадстаўніцтвамі і асобнымі людзьмі, якія ўплываюць на  палітычную ці эканамічную сітуацыю ў краіне.

4. усе неабыякавыя людзі – пісаць лісты падтрымкі палітвязням і лісты з патрабаваннямі іх вызвалення ў КДБ, Следчы камітэт, Генеральную Пракуратуру, Адміністрацыю Прэзідэнта і г.д. Не баяцца ініцыяваць любыя акцыі падтрымкі і грамадскай салідарнасці. Арганізоўвайце малітвы за палітвязняў, прасіце перад Богам за іх. Магчыма, менавіта вашыя высілкі прывядуць  да вызвалення палітвязняў.

Зміцер не любіць гуляць па чужых правілах. Я часта ўзгадваю ягоныя словы: “Вы ўсё спрабуеце гуляць з рэжымам у шахматы, а так не атрымаецца. Пакуль вы будзеце думаць, якой там літарай ходзіць конь – Вас ужо шарахнуць шахматнай дошкай па галаве”.

Кіньце хадзіць канём ды біць палітвязняў і іх сваякоў шахматнай дошкай па галаве!

“Тады скажа і тым, якія леваруч ад Яго: «ідзеце ад Мяне, праклятыя, у вагонь вечны, угатаваны д’яблу і анёлам ягоным: бо быў галодны Я, вы не далі Мне есьці; быў сасьмяглы, і вы не напаілі Мяне; быў падарожны, і не прынялі Мяне; быў голы, і не адзелі Мяне; хворы і ў цямніцы, і не адведалі Мяне». Тады і яны скажуць яму ў адказ: «Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галоднага, альбо сасьмяглага, альбо падарожнага, альбо голага, альбо хворага, альбо ў цямніцы, і не паслужылі Табе?» Тады скажа ім у адказ: «праўду кажу вам: як што вы не зрабілі гэтага аднаму з гэтых меншых, дык не зрабілі Мне». І пойдуць гэтыя на пакуты вечныя, а праведнікі ў жыцьцё вечнае” (Мц: 25:41-46)

Наста Палажанка, «Малады Фронт»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]