Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Памёр дудар Уладзімір Пузыня

18.09.2012 общество
Памёр дудар Уладзімір Пузыня

Музыку, выкладчыку, народнаму майстру было 72 гады.

«Музыка, выкладчык, народны майстар… ні ў тым, ні ў гэтым ён не быў дасканалым прафесіяналам. Але ва ўсім разам — ён быў Пузыня. Пражыў жыццё сярод людзей са сваёй дудкай, — успамінае ў інтэрв'ю «Нашай Ніве» сябра рэжысёр Валер Мазынскі. — Мучыўся Беларуссю. Клаўся і ўставаў з думкай, каб усё змянілася, павярнулася ў бок беларускага. А як быў неваяўнічы, рамантык — паліў гэтым найперш сябе.

Я з ім пазнаёміўся яшчэ ў 1980-я, калі прыехаў у Мінск. Зайшоў у рэдакцыю ЛіМа, раптам чую — дудка грае ў суседнім пакоі. А гэта Валодзя ў фатографа Крука сядзеў. Гэта цяпер мы прывыклі, а тады яшчэ гукі жалейкі разрывалі сэрца…

Ён пачынаў як музыка ў аркестры Жыновіча, аб’ездзіў увесь Саюз. Пасля ўзяўся адраджаць жалейку. Пузыня рабіў гэтыя дудкі і нёс іх у людзі. Хоць грошай з іх не меў. Былі майстры і апроч яго, але тыя больш на месцы сядзелі: прыйдуць да іх аматары, купяць інструмент. А Валодзя жалейку папулярызаваў. Мо што і прадаваў, але болей дарыў. Цяпер тыя яго дудкі могуць быць вельмі дарагія. Сённяшнія маладыя дудары ў яго вучыліся.

Пакуль ногі насілі — быў на ўсіх акцыях, мітынгах з сваімі вялікімі дудамі. Разам з сынам, Алесем, яны ігралі. Цяпер Алесь у ЗША, у Беларусі — дачка Вольга з унукамі. Выкладаў ва Універсітэце культуры, але не быў ад прыроды выкладчыкам. Студэнты прыходзілі да яго ў майстэрню, глядзелі, вучыліся.

Далі яму пакой у інтэрнаце «Кулька», дык ён абсталяваў там «Беларускую хатку». Абшыў сцены дрэвам, аздобіў — колькі народу прыходзіла! У Пузыні было некалькі альбомаў з пажаданнямі наведнікаў — любіў іх пераглядаць. Жонка Ельцына была, амерыканцы, а колькі нашых! Ужо тая «Беларуская хатка» стала слаўнейшая за сам універсітэт. Валодзя ў той час расцвіў, быў шчаслівы. «Папрасілі» яго адтуль ужо ў 2000-я. За беларускае. Бо народ прыходзіў, і ясна, якія размовы ў «Хатцы» вяліся. Звольнілі з працы за «вынас інструментаў». Гэта было яшчэ пры Ядзвізе (Грыгаровіч, былая рэктарка Універсітэта культуры — Рэд.). Змусілі яе…

Ён перанёс «хатку» ў Ганалес — у жончын катэдж. Але Ганалес — гэта і ёсць лес. Я і то два гады там не паказаўся. Ён крыўдаваў… Валодзя аказаўся выкінуты з жыцця — дудзець так гучна, як ён умеў, ужо не дазвалялася…»

* * *

Уладзімір Пузыня нарадзіўся 26 лютага 1940 у вёсцы Суцін (Пухавіцкі раён). Яго бацька, Якуб Пузыня, загінуў на фронце ў 1941-м. Маці з малымі дзецьмі ратавалася ў бежанстве ва Украіне, з цяжкасцю ўлдалося ім вярнуцца дадому. Пасля школы Уладзімір працаваў качагарам, потым лякальшчыкам на заводзе. Скончыў музычную вучэльню па класу трубы, магілёўскую школу мастацтваў (дзе вывучыў майстэрства іканапісу). Выкладаў у музычнай школе, саліраваў у народным аркестры Жыновіча.

У 1970-я разам з майстрам Уладзімірам Крайко пачаў рабіць народныя інструменты. Ад 1982 Пузыня працаваў у Інстытуце культуры выкладчыкам па авалоданні ігрою на беларускіх народных інструментах. Адчыніў лабараторыю па адраджэнні і вырабу беларускіх народных інструмэнтаў «Беларуская Хатка». У ёй наладзіў рамонт і выраб унікальных ліраў, дудаў, адрадзіў старажытныя, ужо забытыя, сурму і жалейку, хорум, апісанне якога было толькі ў летапісах і на малюнках. У 1990 годзе Пузыня напісаў і выдаў кнігу «Школа ігры на беларускіх народных інструментах», у вялікай меры дзякуючы якой упершыню ў гісторыі музычнага мастацтва беларускія народныя інструменты ўвайшлі ў партытуру опернага сімфанічнага аркестра.

Свой вопыт народны майстра перадаў сыну Алесю, які скончыў Унівэрсытэт культуры. У пачатку 1990 гадоў ні адзін значны канцэрт ці якая іншая ўрачыстасць не праходзілі без удзелу музыкаў Уладзіміра і Алеся Пузыняў. Яны заўжды былі ў гушчы культурных і палітычных падзеяў Беларусі.

У 1994 годзе бацька і сын, каб рэпрэзэнтаваць Беларусь на фестывалі лірнікаў у Францыі, выправіліся туды за свой кошт. Праз год музыкаў запрасілі з канцэртам у ЗША ў штат Тэхас. А вярнуліся дахаты яны ўжо пасьля ганебнага рэферэндуму. Усё крута памянялася, пачынаючы з адносінаў кіраўніцтва Ўніверсітэта культуры, дзе месціцца «Беларуская Хатка». Пузыню далі працу толькі на палову стаўкі, а потым выправілі на пенсію. Апошнія гады ён жыў у вёсцы Ганалес (Мінскі раён).

На фота: На пахаванні Быкава грала сурма Пузыні

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]