Няўдзел у вырабах — гэта непрызнанне законнасці зла.
Няма нічога таемнага,
што не выйшла б на яву,
ні схаванага,
што не зрабілася б вядомым
і не выкрылася б.
Лукі 8:17.
Большасць беларусаў упэўненая, што выбары ў краіне адбываюцца так.
На загад старшыні камісіі жанчынкі некалькі дзён выбіраюць у грасбухах прозвішчы выбаршчыкаў, якія не галасавалі на апошніх «выбарах». Звычайна набіраецца некалькі соцень на ўчастак. Маладзенькай настаўніцы беларускай мовы («почырк у цябе прыгожы, знаем,» — пасмейваецца старшыня) даручаюць за іх распісацца. У суботу ўвечары, калі са школы ўсе разыдуцца, некалькі стосаў падрыхтаваных бюлетэняў «ЗА» пачкамі, складзенымі для зручнасці ўдвая, гахнуць у урну. Потым, пры падліку, калі ўсё гэтае дабро вываліцца на стол «кніжкамі» ды рулончыкамі, настаўніца ледзь прыкметна пачырванее і апусціць галаву, каб не было відаць.
Гэта — «скруткі».
Два сябры ўчастковай камісіі разам з бээрэсэмаўскім «назіральнікам», вяртаючыся з выязной скрыняй, спыняюць уазік на ўзбочыне, заходзяць за прыдарожныя елачкі, ускрываюць скрыню (дно на шурупах, пячатка захаваецца, не ссы), пералічваюць запоўненыя бюлетэні і пазначаюць вынік на абрыўку газеты. Стос «няправільных» спальваюць тут жа, пад елачкамі, прычым кіроўца эканоміць пстрычку запальнічкі і зацягваецца цыгарэцінай на манер таварыша Сухава; адпаведную колькасць загадзя падрыхтаваных «правільных» укідваюць. Уся аперацыя займае хвілінаў дзесяць — не першы год замужам. Тут жа, на капоце ўазіка, побач з гатовай скрыняй, у пластыкавыя конаўкі разліваецца па сто пяцьдзясят — «за нас з вамі і за хрэн з імі», — і кампанія руліць у «камісію», каб паспець да падліку.
Гэта — «елачкі».
А падчас падліку звесткі пра вынікі члены камісіі передаюць старшыню. Наўздагад тыцкае пальцам у клавішы калькулятара. Усё гэта, вядома, лухта, нічога ён так не лічыць, але, каб і жанчынкі, і назіральнікі ў далёкім куце багавейна замерлі ў чаканні — вось яна, кульмінацыя! — для саліднасці кашлянуўшы, абвяшчае лічбы, яшчэ тыдзень таму спушчаныя з райвыканкама.
Гэта — «калькулятар».
Усё.
Дарэчы, нават паводле лукашэнкаўскага кодэкса, за такія штукі належыць ад двух да сямі гадоў.
Выбараў у нас і праўда няма: беларусы калі і не ведаюць гэтага, дык здагадваюцца.
Ёсць вырабы.
На выбарах выбіраюць, а вырабы вырабляюць. Вырабы «дэпутатаў палаткі прадстаўнікоў» — проста прастаўленне штампіка з тэрмінам захоўвання на канвееры звыклых кадраў. Спрыт рук, лёгкая сарамлівасць — і макаронныя вырабы, якія вешаюць на вушы мільёнам беларусаў, гатовыя.
Вы — рабы.
У Аграмадным падмане «вырабаў» удзельнічаюць тысячы і тысячы беларусаў. Тых самых дабрадушных, мажных, усім вядомых дзядзькоў, якія ўсё разумеюць, але піхаюцьткі ў урну пачкі, замяняюць з суботы на нядзелю скрыні з датэрміновым ды хітра пасміхаюцца назіральнікам; тых самых сямейных кабетаў з савецкімі прычоскамі, харошых мамаў і душэўных жэншчын… якія, калі што, раптам ускіпяць і пырснуць нянавісцю.
А калі яны робяць гэта ўжо гадоў наццаць?.. А калі хлусіць, красці, махлярыць — ужо норма, якая ўелася ў плоць і кроў, працяла да касцявога мозгу, да здранцвення ўсялякіх згрызотаў?..
Вырабы — нясцерпна балючы зрэз беларускай ментальнасці. Яўны падман пад выглядам непарушнай законнасці, ліслівая гасціннасць і гэтае «мы вам зробім усё што заўгодна, толькі не кранайце!» з сутаргавай дуляй у кішэні…
Але ўсё таемнае ўрэшце становіцца яўным.
Беларускі народ на «парламенцкія вырабы» не пойдзе — гэта відавочна. Тым, хто ўнутры сябе выбар мае, гэтую відавочнасць трэба толькі зафіксаваць.
Тут галоўнае — ускрыць механізм дзеяння зла, каб ён стаў ясным для кожнага. А зрабіць гэта можна толькі тады, калі ўсе заўважаныя звёны ланцуга вырабаў будуць хутка трапляць у сеціва і прэсу ды складацца ў паслядоўную карціну. Гвалт ці прымус на датэрміновым «галасаванні», факты роспісаў за «мёртвыя душы», нестыкоўка звестак па бюлетэнях, розніца яўкі і выніку «камісіі» ў разы…
Відавочца байкоту можа быць і зарэгістраваным назіральнікам, і стаяць ля ўваходу на ўчастак, і весці анлайнтрансляцыю за праходам на «галасаванне» 23 верасня з машыны. Чым больш момантаў ускрытага злачынства ўдасца вылавіць ды вывесіць сушыцца на ўсеагульны агляд у нэт — тым больш шанцаў, што беларускі народ нарэшце вырабаў жахнецца.
Расея і то ачомалася.
Вырабы ў сённяшняй сістэме — рэч ключавая.
Няўдзел у вырабах — гэта непрызнанне законнасці зла. Масавы няўдзел у жыцці рэжыму немінуча вядзе да ягонай смерці. Аддзяленне сябе ад рэжыму — паняцце, блізкае да практыкавання ў святасці.
Адняць у Чалавека права выбару — адно з найвялікшых злачынстваў і прамы выклік Богу. Бо гэта Творца даў чалавеку такую свабоду, такое права выбару, што нават Сам не прымушае паверыць у Яго відавочным з’яўленнем.
Пакуль ты жывы — выбар ёсць. Быць ці не быць. Біць ці не біць. Жыць у граху ці каяцца.
І той, хто вырашае «быць», хто адмаўляецца прымаць зло як норму жыцця, хто з каранямі вырывае цемру з уласнага сэрца — у пошуках свабоды, праўды і справядлівасці рана ці позна раптам зразумее, што выбраў Бога.
Куплін